http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46229

Праз 6 дзён Kаляды

18.12.2006
Яшчэ толькі 6 дзён засталося да каталіцкіх калядных сьвятаў - за сьвяточным сталом зьбяруцца родныя й блізкія. Будуць святочныя стравы, падарункі й сумеснае выкананьне калядак. А вось польскія дыпляматычныя ўстановы ў Беларусі ўжо цяпер запрашаюць на калядныя сустрэчы, якія ладзяць у сваіх прадстаўніцтвах. Першыя сустрэчы ўжо адбыліся ў мінулыя выходныя ў прадстаўніцтвах у Менску й Горадні. У іх, акрамя працаўнікоў дыппляцовак і мясцовых палякаў, удзельнічалі таксама госьці з Польшчы, між іншым, сэнатар Дарыюш Гурэцкі, чалец Камісіі па пытаньнях эміграцыі й кантактаў з палякамі замежжа Сэнату й дэпутат польскага Сэйму Францішак Стэфанюк.

Але гэта толькі пачатак калядных сустрэчаў, кажа прэс-сакратар Амбасады РП у Менску Моніка Садкоўска.

М. Садкоўска: Сапраўды, у нас ужо пачаліся Каляды й працягнуцца аж да сьвятаў. Адбываюцца калядныя й навагоднія сустрэчы. Можна сказаць, што маем ужо сьвяточны настрой. 20 сьнежня адбудзецца чарговая каляднаю сустрэча беларускіх палякаў у менскім дыппрадстаўніцтве. Гэта будзе ўжо чарговая падобнага тыпу сустрэча. Досьвед папярэдніх гадоў сьведчыць пра тое, што такія сустрэчы цяжка забыць. Сустракаюцца асобы, якія звычайна ня маюць магчымасьці сустрэцца, пагутарыць паміж сабою. А перадсьвяточны настрой спрыяе таму, каб сустрэцца й павіншаваць са сьвятам.

Моніка Садкоўска кажа, што з нагоды надыходзячых сьвятаў найбольш за ўсіх цешацца дзеці. Таму для іх прадстаўнікі менскага дыппрадстаўніцтва рыхтуюць шмат сьвяточных і навагодніх сюрпрызаў.

М. Садкоўска: Консульскі адзел не забыўся пра дзяцей. Наколькі я ведаю, адзін консул ўжо выбраўся ў краму па падарункі, і я спадзяюся, што пераапранецца за Сьвятога Мікалая. Так што пра дзяцей мы не забудзем.

Трэба зазначыць, што днямі таксама адбыліся калядныя культурныя імпрэзы. Перад беларускімі палякамі выступаў хор Падляскай опэры й філярмоніі пад дырэкцыяй Віялеты Бялецкай. У часе канцэрту прагучалі, між іншым, польскія калядкі, а таксама калядкі й пастаралкі з розных куткоў сьвету. У суботу канцэрт адбыўся ў Гарадзенскай філярмоніі, а ў нядзелю ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона й Алены.

А вось дзеці рыхтуюць калядныя батлейкі, якія будуць паказваць у касьцёлах ды залях, а да ўдзелу ў іх ужо запрасілі ня толькі сваіх блізкіх, але і ўсіх працаўнікоў менскага дыппрадстаўніцтва.

У сваю чаргу Саюз гарцэраў Рэчы Паспалітай рыхтуе акцыю „Сьвяточны падарунак”. 400 гарцэраў рыхтуюць падарункі беларускім палякам, - распавядае Пётр Трамбіньскі.

П. Трамбіньскі: Мы паедзем у Горадню, Ліду ды Сапоцкіна. Калі ідзе гаворка пра рэчы, якія забіраем з сабою, гэта, перш за ўсё, прадукты харчаваньня з доўгім тэрмінам захоўваньня. Гэтыя рэчы трапяць у сем`і, якія патрабуюць такой падтрымкі. Мы ўвесь час падтрымваем кантакты з польскімі арганізацыямі ў Беларусі й таму ведаем, хто патрабуе такой падтрымкі. Мы павязем дары на 4 аўтобусах. У Горадні нас сустрэнуць прадстаўнікі Саюзу палякаў. Да кожнага аўтобуса далучыцца іхны прадстаўнік і будзе нас суправаджаць да канкрэтнай мясцовасьці.

Спадар Трамбіньскі зазначае, што некаторым польскім сем`ям вельмі патрэбная такая такая дапамога.

П. Трамбіньскі: Некаторыя з тых асобаў, калі бачаць бела-чырвоны польскі сьцяг на нашых мундзірах, успамінаюць часы сваёй маладосьці, калі тыя тэрыторы ўваходзілі ў склад Польшчы. Яны прымаюць нас зь вялікім узрушаньнем і падзякай.

Трэба зазначыць, што акцыя „Сьвяточны падарунак” адбудзецца ўжо 10 раз.

Караліна Русіновіч