http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46422
«Бацькаўшчыне» пагражае ліквідацыя
22.12.2006
Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчынa» трапіла ў становішча, якое можа давесьці да ліквідацыі арганізацыі, паколькі яна страціла сваё памяшканьне ў Менску, і, адпаведна, юрыдычны адрас.
Аб’яднаньне атрымала адказ Менскага гаспадарчага суду, у якім зьмешчаная матывацыйная частка рашэньня суду ад 12 сьнежня. Тады суд адмовіў прадпрыемству “Мінская спадчына” ў іску аб скасаваньні дамовы арэнды з "Бацькаўшчынай". Як адзначана ў матывацыйнай частцы дакумэнта, рашэньне адмовіць у скасаваньні дамовы аб арэндзе прынятае на той падставе, што сама дамова прызнаная несапраўднай.
Адсутнасьць дамовы арэнды цягне за сабою пазбаўленьне арганізацыі юрыдычнага адрасу, што можа прывесці да ануляваньня юрыдычнай рэгістрацыі "Бацькаўшчыны". Але пакуль што зарана яшчэ казаць пра ліквідацыю арганізацыі, паколькі вядуцца кансультацыі зь юрыстамі – гаворыць старшыня Рады ЗБС „Бацькаўшчына” Алена Макоўская.
А. Макоўская: Ліквідацыя - калі арганізацыя губляе юрыдычны адрас і цягам месяца не атрымлівае новага. Тады дзейнасьць аб'яднаньня можа быць прыпынена. Мы пакуль што не знаходзімся ў такой сытуацыі. Мы атрымалі рашэньне суду, дзе ў матывацыйнай частцы суд тлумачыць, чаму адмовіў у позве КУП "Мінская спадчына". Аказваецца, што дамова аб арэндзе паміж КУП "Мінская спадчына" і "Бацькаўшчынай" была несапраўднай паводле дзейнага заканадаўства.
Цяпер мы абмяркоўваем, разам з нашымі юрыстамі, канцэпцыю далейшых захадаў, як выйсьці з сытуацыі. Мы цягам году стараемся атрымаць памяшканьне, і хочам нават апублікаваць у інтэрнэце перапіску з гарадзкімі ўладамі. За гэты час мы прагледзілі больш за 80 памяшканьняў у Менску. Улады адмаўлялі нам у памяшканьні па самых розных прычынах. У выніку мы й Беларускі дом засталіся безь сядзібы.
Яшчэ ў 1992 годзе паміж ЗБС „Бацькаўшчына” й Саветам міністраў Беларусі было заключана пагадненьне пра спрыяньне арганізацыі. Улады памяняліся й не жадаюць ужо спрыяць „Бацькаўшчыне”, аднак дакумэнт захоўвае сваю юрыдычную сілу.
А.Макоўская: Гэтая дамова мае юрыдычную моц. Чаму яна перастала дэ факта дзейнічць сёньня - цяжка сказаць. Дэ юрэ яна працягвае сваю дзейнасьць. Мы будзем спасылацца й на гэтую пастанову, згодна зь якою Менгарвыканкам прадставіў нам памяшканьне па адрасе Рэвалюцыйная, 15 - на 25 гадоў. Так што ў нас ёсьць два дакумэнты, на якія мы можам спасылацца.
Натальля Грышкевіч