http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46446

Каляднае слова а. Аляксандра Надсана

23.12.2006
З набліжэньнем Калядаў вялікія і малыя гарады ў Англіі, дзе я жыву, прымаюць сьвяточны выгляд: ялінкі на плошчах, вулічныя асьвятленьні і ўпрыгожаньні, надпісы ў вокнах, якія жадаюць усім «Merry Christmas», што значыць — радаснага сьвята Нараджэньня Хрыста. Усё гэта, магчыма, ня мае асаблівага дачыненьня да сутнасьці сьвята, але стварае прыемнае пачуцьцё агульнай добразычлівасьці і прыносіць усім шмат нявіннай радасьці. Але вось у гэтым годзе ўладам аднаго вялікага гораду такі радасны перадсьвяточны настрой прыйшоўся недаспадобы, і яны вырашылі скасаваць усе публічныя праявы Калядаў. Яны апраўдвалі свой учынак тым, што ў шматкультурным і шматрэлігійным грамадзтве хрысьціянскае сьвята можа абражаць пачуцьці шматлікіх не-хрысьціянаў — мусульманаў, індусаў і іншых, — што жывуць у гэтым горадзе. І тут здарылася нечаканае. Самі не-хрысьціяне выказалі пратэст супраць гэтай пастановы і сказалі: «Калі ласка, не касуйце Калядных сьвяткаваньняў: нам яны вельмі падабаюцца».

Вось прыклад, як пад покрывам талерантнасьці часта хаваюцца праявы нецярпімасьці або абыякавасьці.

Мы жывём у сьвеце, які становіцца ўсё больш глябальнай вёскай, дзе побач жывуць людзі розных расаў, нацыянальнасьцяў, моваў, культураў і рэлігіяў. Усё гэта, з аднаго боку, робіць наша жыцьцё больш багатым. З другога боку, нягледзячы на розьніцы, мы ўсё больш пераконваемся ў адзінстве людзкога роду. У пытаньнях рэлігіі мы знаходзім таксама шмат супольнага і добрага ў іншых, а шчырая пабожнасьць многіх не-хрысьціянаў можа быць прыкладам для шмат каго з нас. Дый інакш быць ня можа, бо ўсе рэлігіі маюць адну крыніцу — Бога, Творцу ўсяго. Тым ня менш, розьніцы існуюць, і таму, каб пазьбегнуць небясьпекі рэлігійнай абыякавасьці, нам трэба асэнсаваць сутнасьць нашай веры. Сёньняшняе сьвята якраз паказвае на ейны ўнікальны характар: Бог сам стаецца адным з нас, каб даць нам магчымасьць мець удзел у Ягоным Боскім жыцьці.

Бог стаецца чалавекам і прыходзіць да нас ня ў сіле і магутнасьці, але як бездапаможнае немаўля, якое мае патрэбу нашай спагады і дапамогі. Гэта і ёсьць сутнасьць нашай рэлігіі. Можна сказаць, што Бог ушанаваў нас сваім зьяўленьнем сярод нас і выказаў нам давер. Гэта ён пацьвердзіў усім сваім далейшым жыцьцём і дзейнасьцю на зямлі, аж да Крыжовай сьмерці. На жаль, сярод многіх ён не знайшоў зразуменьня. «Да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялі» (Ян 1:11).

Сьвяты Павал сказаў: «Хай у вас будуць тыя самыя пачуцьці, што ў Хрысьце Ісусе» (Плп 2:5). Вось якраз гэтага чакаецца ад пасьлядоўнікаў Хрыста як на Каляды, так і праз усё жыцьцё. У нашым разрозьненым грамадзтве талерантнае стаўленьне да іншых павінна абапірацца не на рэлігійную абыякавасьць, але на глыбейшае асэнсаваньне нашай веры і нашай супольнай апошняй мэты. А гэта азначае ў першую чаргу пашану адно да аднаго і адмаўленьне ад ужываньня гвалту і сілы ня толькі фізычных, але і ў накіданьні сваіх перакананьняў іншым. Хрысьціянін, які жыве сваёй вераю, ніколі ня будзе рабіць нічога крыўднага і абразьлівага ў адносінах да таго, чыіх перакананьняў ён не падзяляе. Безумоўна, ён хоча, каб усе прыйшлі да пазнаньня той радасьці, якую дае вера ў Хрыста. Таму ён ня будзе хаваць сваёй веры, а паступаць згодна з загадам Боскага Настаўніка: «Так хай сьвеціць вашае сьвятло сярод людзей, каб людзі бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўславілі вашага Айца, што ў небе» (Мц 5:16).

Вось гэтыя думкі хай будуць нам да развагі ў гэты сьветлы дзень Нараджэньня Госпада і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста.

Хрыстос родзіцца: слаўце Яго!

а. Аляксандар Надсан