http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46741
Праца навуковых цэнтраў - 3
03.01.2007
Беларускія эміграцыйныя газэты шырока інфармавалі пра культурна-навуковую дзейнасьць беларусаў у эміграцыі. Сёньня гутарка пойдзе пра Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку.
Жыцьцё ў Беларускім інстытуце навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку вызначалася – і вызначаецца надалей – вялікай актыўнасьцю. Праводзілася шмат навуковых сустрэчаў. Я назаву толькі тыя некаторыя сустрэчы, на якіх закраналіся пытаньні беларускае мовы.
Між іншым, у 1959 годзе з дакладамі выступілі: Антон Адамовіч – Сорак год беларускае літаратуры ў БССР ды Вітаўт Тумаш – Беларушчына ў польскім слоўніку (У Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва, у: „Бацькаўшчына”, № 19 (455), Мюнхэн, 10 траўня 1959, с. 4).
На навуковым паседжаньні БІНіМ 13 лютага 1960 году было пастаноўлена пачаць збор матэрыялаў і грошай на чарговую кнігу літаратурна-мастацкага часопіса Інстытуту „Конадні”, якая мела друкавацца ў Нью-Ёрку, а таксама выдаць збор твораў Алеся Гаруна, у сувязі з 40 ўгодкамі сьмерці пісьменьніка. Рэдагаваньне зборніка было даручана Антону Адамовічу, а ягонае выданьне згадзілася ўзяць на сябе Выдавецтва „Бацькаўшчыны” ў Мюнхэне. Была прынята таксама пастанова пачаць складаньне ангельска-беларускага й беларуска-ангельскага слоўніка ў аб’ёме больш за 50 тысяч словаў. Дзеля гэтага была паклікана камісія ў складзе: Антон Адамовіч, Вітаўт Кіпель і Вітаўт Тумаш (Зь беларускага жыцьця. У Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва, у: „Бацькаўшчына”, № 22 (506), Мюнхэн, 5 чэрвеня 1960, с. 4).
12 чэрвеня 1966 году на ІV Зьезьдзе БІНіМ у Нью-Ёрку былі прачытаныя рэфэраты, прысьвечаныя „Нашай Ніве” ў сувязі з 60 угодкамі выхаду гэтай газэты. А. Адамовіч у рэфэраце Гістарычнае месца „Нашае Нівы” спыніўся на палітычным і культурным значэньні газэты. В. Тумаш даў інфарамцыю пра далёкую папярэдніцу „Нашай Нівы” – „Навіны Грозныя”. Рэфэрат Я. Запрудніка быў на тэму: Справа аўтаноміі Беларусі ў Першай Дзяржаўнай Думе Расеі, дачыненьне да яе газэты „Наша Ніва” й пытаньне інтэрпрэтацыі беларускага гістарычнага працэсу. С. Станкевіч у рэфэраце Доля „Нашае Нівы” й нашаніўства ў БССР разгледзеў спробы рэгабілітацыі „Нашай Нівы” ў беларускім падсавецкім друку (У Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва, у: „Беларус”, №№ 111-112, Нью-Ёрк, ліпень – жнівень 1966, с. 3).
У 1984 годзе ў Беларускім інстытуце навукі й мастацтва Зора Кіпель чытала рэфэрат на тэму Беларускі рукапіс XVI стагодзьдзя – „Повесьць аб Трышчане” (В. Кіпель, Навукова-культурная хроніка, у: „Запісы”, № 20, Нью-Ёрк 1992, с. 155).
Беларускі інстытут навукі й мастацтва запрашаў многіх гасьцей з розных краінаў сьвету.
У 1979 годзе айцец Аляксандар Надсан, дырэктар Беларускае бібліятэкі й Музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане выступіў у Нью-Ёрку з рэфэратам Асаблівасьці беларускага скорапісу XVI-XVII стагодзьдзя (В. Кіпель, Зь беларускае навукова-культурнае хронікі 1979 году, у: „Запісы”, № 17, Нью-Ёрк 1983, с. 239). У 1988 годзе ў БІНіМ-е А. Надсан рабіў даклад пра пашырэньне беларускіх выдавецтваў на Беларусі ў XVI-XVII стагодзьдзях (тамсама, с. 165).
В. Зубкоўскі паведамляе пра лекцыю Аляксандра Баршчэўскага, якая адбылася ў Гарадзкім унівэрсытэце ў Нью-Ёрку 10 чэрвеня 1981 году на тэму 25-годзьдзе Катэдры Беларускае Філялёгіі пры Варшаўскім Унівэрсытэце. Пасьля лекцыі было шмат пытаньняў ад слухачоў пра беларускія школы на Беласточчыне, студэнцкае жыцьцё ў Варшаве ды сытуацыю беларусаў у Польшчы (В. Зубкоўскі - псэўданім Вітаўта Кіпеля, Лекцыі праф. А. Баршчэўскага, у: „Беларус”, № 292, Нью-Ёрк, жнівень – верасень 1981, с. 2). Падобнага тыпу сустрэча з госьцем з Польшчы адбылася таксама 28 чэрвеня 1981 году ў Полацку, што разьмешчаны ў Стронгсвіле недалёка Кліўлэнду ў штаце Агаё (Полацкі, Незабыўная сустрэча, тамсама), ды 19 ліпеня ў Ратгерскім унівэрсытэце ў Нью-Брансўіку ў штаце Нью-Джэрзі (В. Зубкоўскі - псэўданім Вітаўта Кіпеля, Лекцыі праф. А. Баршчэўскага, тамсама). Аўдыторыя была шырокая: студэнты й беларуская грамада зь Нью-Брансўіку, Саўт-Рывэра й ваколіцаў. Пра дзейнасьць Катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту ды працу Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы А. Баршчэўскі гаварыў у Нью-Ёрку таксама 16 верасьня 1987 году, куды прыбыў на запросіны Куінскага коледжа. У сваю чаргу прыбылы разам Альбэрт Барташэвіч паведаміў прысутным пра ход працы над двухтомным беларуска-польскім слоўнікам (Вечар з прафэсарамі з Варшавы, у: „Беларус”, № 340, Нью-Ёрк, кастрычнік 1987, с. 4).
Ніна Баршчэўская