http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46786
Галасаваньне празь інтэрнэт !?
04.01.2007
Група маладых палякаў патрабуе ўвядзеньня магчымасьці галасаваць пры дапамозе інтэрнэту.
Заснаванае студэнтамі юрыдычнага факультэту Ягелёнскага ўнівэрсытэту Таварыства „Польшча маладых” (Polska Młodych) пачынае збор подпісаў пад грамадзянскай ініцыятывай па ўнясеньні зьменаў у выбарчае заканадаўства.
Паводле прадстаўнікоў Таварыства „Польшча маладых”, галасаваньне празь інтэрнэт павысіць выбарчую яўку, бо такім чынам маглі б галасуюць людзі, якія вымушаныя пераадолець розныя праблемы, каб прыйсьці на выбарчы ўчастак.
На ўвазе маюцца найперш студэнты, якія пражываюць у інтэрнатах, пэнсіянэры й інваліды. У суме гэта можа быць нават больш за дзесяць мільёнаў выбаршчыкаў, - лічаць чальцы Таварыства „Польшча маладых”.
Адзін з аўтараў праекту Збігнеў Длугаш тлумачыць, што ў працэсе галасаваньня празь інтэрнэт можна выкарыстаць мэханізмы, якія ўжо эфэктыўна дзейнічаюць ў банкаўскай інтэрнэт-сыстэме.
„Паводле нас, згаданыя мэханізмы гарантуюць поўную бясьпеку й сакрэтнасьць галасаваньня. Сам працэс галасаваньня будзе праходзіць на адмыслова створаным сайце з выкарыстаньнем ідэнтыфікацыйнага нумару й паролю доступу. Аналізы, на якія мы спасылаемся, пацьвярджаюць магчымасьць стварэньня настолькі бясьпечнай сыстэмы, каб амаль цалкам выключыць дзейнасьць хакераў.”
Таварыства „Польшча маладых” хоча сабраць 100 тысячаў подпісаў падтрымкі пад праектам зьменаў у выбарчым заканадаўстве й накіраваць яго ў Сэйм.
Ці такая ідэя – галасаваньне празь інтэрнэт – магчымая таксама ў Беларусі?
Паводле праваабаронцы, назіральніка за выбарамі Валянціна Стэфановіча, пакуль што ў беларускіх умовах – гэта абсалютная абстракцыя.
„Па-першае, узьнікае пытаньне: як усё гэта будзе падлічвацца. Па-другое, у Беларусі колькасьць карыстальнікаў інтэрнэтам не настолькі вялікая, каб уводзіць гэткае галасаваньне. Я ведаю, што гэткая магчымасьць ёсьць у Эстоніі, Швэцыі, але там нават назіральнікі на выбарах непатрэбныя, бо ў выбарчых камісіях ёсьць прадстаўнікі розных палітычных партыяў, якія кантралююць выбарчы працэс. Там няма ніякіх маніпуляцыяў. У сытуацыі Беларусі, калі выбарчы працэс цалкам падпарадкаваны выканаўчай уладзе, гэта проста абстракцыя.”
Паводле праваабаронцы, пытаньне невысокай яўкі сярод маладых людзей у выпадку Беларусі – гэта таксама не праблема, паколькі забесьпячэньнем яўкі адпаведнай колькасьці выбаршчыкаў займаюцца ўлады.
„У нас яўка забясьпечваецца адпаведным чынам – яна заўсёды такая, якая яна патрэбная. Напрыклад, на прэзыдэнцкіх выбарах яна склала больш за 90%. Асабліва гэта датычыць маладых выбаршчыкаў.”
Як падкрэсьлівае Валянцін Стэфановіч, каб у Беларусі пачаць гаварыць пра спосабы стварэньня больш прыязнага для людзей мэханізму галасаваньня, у краіне трэба ўвесьці асноўныя міжнародныя выбарчыя стандарты, чаго, як падкрэсьлівае юрыст, ужо многія гады патрабуюць як праваабаронцы, гэтак і апазыцыйныя палітыкі.
„Мы патрабавалі ліквідацыі датэрміновага галасаваньня, фактычнай прысутнасьці ў выбарчых камісіях прадстаўнікоў усіх партыяў, якія прымаюць удзел у выбарах, больш дэталёвай працэдуры падліку галасоў, пашырэньня правоў назіральнікаў. Гэта мінімум, якога мы патрабуем,” - сказаў беларускі юрыст-праваабаронца, назіральнік за выбарамі Валянцін Стэфановіч, зь якім размаўляла Анна Задрожна.
Нагадаем, бліжэйшыя выбары – выбары ў мясцовыя ворганы ўлады – пройдуць у Беларусі 14 студзеня.