http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46870
Пратэстанцкія СМІ ў Беларусі?
05.01.2007
Рэлігійнае аб’яднаньне абшчынаў хрысьціянаў поўнага Эвангельля ў Рэспубліцы Беларусь, епіскапам якога зьяўляецца пастыр царквы „Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка, намерваецца пакласьці націск на разьвіцьцё хрысьціянскіх сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.
Прэс-сакратар царквы „Новае жыцьцё” Іна Давыдовіч кажа, што гэта праца на многія гады, якая будзе вымагаць многа людзкой сілы й Божага блаславеньня. Іна Давыдовіч гаворыць, што хрысьціяне поўнага Эвангельля ў Беларусі амаль ня маюць сваіх СМІ, таму запатрабаваньне на такога тыпу мэдыя ў Беларусі адчуваецца.
І. Давыдовіч: Такі намер агучваўся на паседжаньні нашых пастыраў. Пастыр Вячаслаў Ганчарэнка заявіў, што ён плянуе сур'ёзна заняцца разьвіцьцём сродкаў масавай інфармацыі. Што гэта азначае? Па-першае, мы плянуем стварыць сайт Аб'яднаньня поўнаэвагнельскіх цэркваў. На дадзены момант у нас ёсьць толькі старонка царквы "Новае жыцьцё".
Акрамя сайта, мы плянуем выдаваць газэту. Нашая царква выдавала газэту "Добрая навіна". Гэта было хрысьціянскае выданьне, найперш накіраванае да няверуючых людзей. Газэта не выходзіць ужо другі год, паколькі зьмяніўся закон аб рэлігійных арганізацыях. Паводле яго, царква ня можа быць заснавальнікам друкаванага СМІ. Ім можа быць саюз, асацыяцыя альбо аб'яднаньне цэркваў. Таму цяпер мы будзем аднаўляць газэту як аб'яднаньне.
Па-трэцяе, мы б вельмі хацелі разьвіваць хрысьціянскае тэлебачаньне й радыёвяшчаньне. Наконт тэлебачаньня ўжо зробленыя сур'ёзныя крокі. У Беларусі адкрываецца прадстаўніцтва Тэлебачаньня добрых навінаў (ТДН). Больш далёкай пэрспэктывай зьяўляецца сваё ўласнае выдавецтва.
У Беларусі з хрысьціянскіх выданьняў засталося толькі некалькі часопісаў: "Благадаць" (Менск), "Надзея для цябе"(Менск), “Крыніца” (Кобрын). Але гэта часопісы пяцідзясятнікаў. У Наваполацку выдаецца міжканфэсійная газэта "Колакал”, а ў Поўнаэвангельскага аб'яднаньня няма сваіх СМІ.
Магчыма, гэта будзе складана. Цяжка што-небудзь прагназаваць, паколькі ў краіне складаная рэлігійная сытуацыя. Але мы спадзяемся пераменаў. Ужо нешта зьмянілася ў духоўнай атмасфэры нашай краіны.
Андрэй Бастунец зь Беларускай асацыяцыі журналістаў кажа, што, паводле беларускага заканадаўства, стварыць сродак масавай інфармацыі тэарэтычна можа кожная юрыдычная асоба ці арганізацыя, але ў практыцы сытуацыя выглядае зусім інакш.
А. Бастунец: Тэарэтычна нашае заканадаўства дазваляе ствараць розныя СМІ. Іншая справа, як гэта ажыцьцяўляецца практычна. Цягам апошніх гадоў гэта мала каму ўдавалася зрабіць. Каб заснаваць друкаванае выданьне, патрэбны дазвол мясцовай улады. Менавіта на гэтым этапе ўся далейшая праца спыняецца. З тэлебачаньнем значна складаней, паколькі трэба атрымаць, напрыклад, ліцэнзію на карыстаньне частотамі. Гэта больш складаны працэс, але ў выніку зноў жа трэба праходзіць тыя ж самыя этапы, як пры друкаваных СМІ, плюс дадаткова атрымаць права на вяшчаньне.
Вернік царквы поўнага Эвангельля Юрась лічыць, што, незалежна ад колькасьці існуючых СМІ, новыя заўсёды даюць магчымасьць данесьці Божае слова да большай колькасьці людзей. Ён падкрэсьлівае, што царква павінна выкарыстоўваць магчымасьці, якія ствараюць сучасныя тэхналёгіі.
Юрась: Чым больш інфармацыі й канкрэтна Божага слова трапляе да чалавека, тым больш ён можа зразумець сэнс свайго жыцьця і ўвогуле прыйсьці да Бога. Як вернік, я лічу, што мы павінны выкарыстоўваць самыя сучасныя тэхналёгіі. Я, напрыклад, маю доступ да Інтэрнэту, у якім знаходзяцца шматлікія хрысьціянскія рэсурсы. Але, думаю, што неабходна стварыць тэлебачаньне, канешне, найлепш лічбавае, каб мець адпаведны ўзровень.
Хрысьціяне абшчынаў поўнага Эвангельля ў Беларусі падкрэсьліваюць, што стварэньне новых хрысьціянскіх СМІ ня будзе лёгкім, але яны не баяцца перашкодаў на сваім шляху. А тое, што пратэстанты ўмеюць змагацца за свае інтарэсы, паказаў мінулы год, калі вернікі царквы „Новае жыцьцё” адстойвалі права на свой храм.
Алена Пытэль