http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=47071

Дэклярацыя аб супрацы „Салідарнасьці” і БКДП

12.01.2007
Дэлегацыя польскага незалежнага прафсаюзу „Салідарнасьць” пад кіраўніцтвам старшыні Януша Сьнядэка 11 студзеня з афіцыйным візытам наведала Менск. У рамках гэтага візыту адбыліся двухбаковыя перамовы пра разьвіцьцё супрацы паміж арганізацыямі абедзьвюх краінаў. Былі абмеркаваныя праблемы й выклікі, перад якімі стаіць усясьветны рух прафсаюзаў, спосабы яго ўзмацненьня з мэтаю пасьпяховай аховы правоў і інтарэсаў працаўнікоў.

У выніку был падпісаная дэклярацыя паміж беларускім Кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў і незалежным прафсаюзам „Салідарнасьць”.
Дэклярацыя прадугледжвае абмен інфармацыяй, мэтадамі шкаленьняў, узаемную падтрымку на міжнародным узроўні.

Старшыня беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа, што падпісаньне агульнай дэклярацыі стала вынікам шматагадовай супрацы з польскім прафсаюзам „Салідарнасьць”.

А. Ярашук: Мы так і адзначылі, што праца пачынаецца не з самага пачатку. Добрых 15 гадоў, як толькі пачаў зараджацца наш Кангрэс, мы навязвалі кантакты з польскімі калегамі. Цяпер пачаўся этап, калі трэба аформіць нашыя адносіны афіцыйным чынам. Трэба было перавесьці іх на больш высокі й якасны ўзровень у выглядзе дакумэнта, якім зьяўляецца вышэйназваная дэклярацыя.

Старшыня польскай „Салідарнасьці” Януш Сьнядэк кажа, што гэта ў пэўным сэнсе сплата доўгу тым прафсаюзам, якія ў цяжкіх сытуацыях дапамагалі „Салідарнасьці”. Януш Сьнядэк цьвердзіць, што абодва прафсаюзы супрацоўнічаюць ужо здаўна, а беларускі Кангрэс зьяўляецца незалежным прафсаюзам.

Я. Сьнядэк: Гэты прафсаюз прызнаюць у міжнародных арганізацыях. Ён выконвае міжнародныя стандарты. А для гэтага трэба выконваць галоўныя ўмовы незалежнасьці. Гэты прафсаюз з упэўненасьцю іх выконвае - адсюль нашая супраца.

Абодва саюзы хочуць супрацоўнічаць з мэтаю абмежаваньня нэгатыўнага ўплыву глябалізацыі на працоўнае асяродзьдзе. Яны маюць намер супрацьстаяць парушэньню правоў прафсаюзаў і не дапусьціць умяшальніцтва дзяржаўных ўладаў у дзейнасьць арганізацыяў.

У падпісанай дэклярацыі зазначаны галоўныя напрамкі супрацоўніцтва, гаворыць Аляксандар Ярашук.

А. Ярашук: Мы адзначылі напрамкі, па якіх будзем разьвіваць нашае супрацоўніцтва. У абедзьвюх арганізацыях поўнае супадзеньне пазыцыяў і поглядаў на ідэалёгію й філясофію прафсаюзнага руху. Мы адзначылі, што нашыя арганізацыі будуць наладжваць супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях - нацыянальных прафцэнтраў, канкрэтных галіновых прафсаюзаў, рэгіянальных арганізацыяў. Мы хочам, каб максымальна эфэктыўна ішло супрацоўніцтва ў спрыяньні мэтам дзейнасьці арганізацыі й шэраговым сябрам прафсаюзу.

Мы дамовіліся праводзіць сумесныя сэмінары, ладзіць іншыя мерапрыемствы, абменьвацца інфармацыяй. Мы будзем весьці супрацоўніцтва ў такіх жыцьцёва важных для нас напрамках як рынак працы, міграцыя працоўнай сілы. У Міжнародным прафсаюзным руху мы таксама будзем займаць адну пазыцыю, каб гэта фармавала станоўчы імідж нашых абедзьвюх арганізацыяў.

У бліжэйшы час нашыя аддзелы міжнароднага супрацоўніцтва распрацуюць комплекс мераў, якія будуць накіраваныя на выкананьне дэклярацыі.


Незалежны прафсаюз „Салідарнасьць” зьяўляецца агульнапольскім прафсаюзам, які да 1989 году спаўняў функцыю масавага руху супраціву супраць камуністычнай улады ў часах Польскай Народнай Рэспублікі. У сёньняшнім часе прафсаюз надалей вядзе актыўную дзейнасьць. Яго прысутнасьць заўважальная таксама ў палітычным жыцьці краіны.


Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў быў заснаваны ў 1993 годзе. Цяпер ён аб’ядноўвае каля 9 тысячаў чалавек, найперш працаўнікоў хімічнай і горназдабываючай галіны. Гэта незалежная арганізацыя, якая актыўна абараняе правы працоўных людзей, і таму ня раз мела праблемы зь дзейнай уладай.

Алена Пытэль