http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=49723

Беларускія навукоўцы ствараюць Асацыяцыю незалежных гісторыкаў

15.03.2007

Гісторыкі ў Беларусі, якім забараняюць нармальную навуковую працу, вырашылі аб'яднацца ў Асацыяцыю незалежных гісторыкаў. Лічба навукоўцаў, звольненых з працы за адсутнасьць ідэалягічнай правільнасьці, за палітычную актыўнасьць ды й тых, чые навуковыя дасьледаваньні імкнуцца спыніць, ідзе ў дзясяткі. Сярод іх, між іншым, Тацьцяна Процька, Генадзь Сагановіч, Сяргей Тарасаў, Яўген Анішчанка.

Ніна Стужынская, якую кіраўніцтва Акадэміі навук звольніла ў 2003 годзе за ўдзел у мясцовых выбарах, увайшла ў аргкамітэт Асацыяцыі незалежых гісторыкаў.

Н. Стужынская: Мы вырашылі, што будзем ствараць арганізацыю гісторыкаў, таму што ідэя ўжо даўно ў паветры. У аргкамітэт пакуль што ўвайшлі я й гісторыкі Ігар Кузьняцоў ды Ірына Каштэлян. Да нас далучацца яшчэ людзі, якія пацьвердзілі сваю зацікаўленасьць.

Ніна Стужынская дасьледуе пытаньне беларускага супрацьсавецкага руху ў 20-30 гады мінулага стагодзьдзя. Ёй так і не дазволілі абараніць у 1999 годзе доктарскую дысэртацыю. Яе кніга выйшла падпольна невялікім тыражом ў 2000 годзе. Спадарыня Стужынская ўспамінае, што непрыхільнасьць да сучаснага падыходу ў гісторычных навуках пачалася з 1996 году.

Н. Стужынская: Як адбыўся той сумнавядомы рэфэрэндум з папраўкамі ў Канстытуцыі, якая ўзмацніла аўтарытарную ўладу, па-сутнасьці, ужо было бачна, якога кшталту ўладу мы маем у краіне. З гэтага часу пачалі абмяжоўвацца магчымасьці карыстацца архівамі. Са сьпісаў навуковых распрацовак зьнікнулі некаторыя тэмы, таксама са СМІ. З таго часу тэмы адносна палітычных рэпрэсіяў, па сутнасьці, знаходзяцца пад забаронай. Нельга надрукаваць публікацыю пра БНР, пра Слуцкае паўстаньне, карацей кажучы - тэму несавецкай і антысавецкай гісторыі.

Ніна Стужынская заўважае, што непрыхільнасьць колаў, якія вырашаюць пра "быць і не быць" у навуковым сьвеце, пашыраецца й на маладых гісторыкаў.

Н. Стужынская: Гэта вельмі невялічкая групка людзей, 3-5 чалавек, якім за 70 гадоў, і якія адчуваюць, што зараз іх час "правіць баль”. І яны скасоўваюць шмат дысэртацый маладых навукоўцаў. Мы пачалі абмяркоўваць, што рабіць. Вырашылі, што трэба зьвяртацца да навуковых цэнтраў суседзкіх краін, стварыць нейкую альтэрнатыўную арганізацыю гісторыкаў, альтэрнатыўны інстытут гісторыі, таму што мы проста згубім тое, што накапілі ў 90-я гады. Мы абмяркоўвалі пытаньне магчымасьці дасьледчыцкай працы й магчымасьці выдаваць працы за межамі краіны, а потым прывозіць кнігі сюды.

Прыкладам маладога гісторыка, якому перакрылі навуковы шлях, зьяўляецца Ірына Каштэлян. Яна абараніла дысэртацыю па тэме "Паўсядзённасьць Беларусі ў 1945-53 гады", і на апошняй стадыі Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) выдала працы спадарыні Ірыны "чорную рэцэнзію".

І. Каштэлян: Маё дасьледаваньне фактычна пярэчыць цяперашнім ідэалягічным устаноўкам дзяржавы ці асобных людзей, якія стаяць ля стырна ідэалягічнай навукі. Таму маёй дысэртацыі не зацьвярджаюць. Мне на ўзроўні ВАКа напісалі ананімную "чорную рэцэнзію", у якой ня было ніякага навуковага абгрунтаваньня. Там даслоўна напісана, што працы не зацьвярджаюць з-за тэндэнцыйнасьці ў паказваньні савецкага мінулага ў чорных мрочных фарбах і няма пазначанай вядучай ролі партыі. Напісана, што я антысаветчык, таму што паказала сапраўдную сытуацыю ў штодзённасьці пасьляваеннага пэрыяду. Зразумела, што гэты пэрыяд ня мог мною разглядацца без аналізу розных стыляў паводзінаў, у тым ліку й антысавецкае супраціўленьне, без аналізу захадаў з боку дзяржавы, каб дасягнуць плянавых вынікаў. Усё гэта сустрэлася зь ідэлягічным непаразуменьнем на ўзроўні ВАКа. Рэцэнзія, каторую яны мне далі, ілюструе стан маразму, які прымушае вопытных гісторыкаў ды маладых навукоўцаў калі не зьмяняць свае погляды, то хаця б іх хаваць. На жаль, існуе такая тэндэнцыя, што большасьць усё ж такі пераламліваюць.

Забараніць прафэсіяналам займацца гісторыяй ніякая ўлада ня зможа - лічыць гісторык Андрэй Кіштымаў, але дадае, што калі кожны займаецца гэтай справай паасобку, то можа стаць незаўважальным. Кіштымаў мяркуе таксама, што аб'яднаньне гісторыкаў у нейкай ступені будзе мець палітычны характар.

А.Кіштымаў: У гэтым выпадку аб'яднаньне ня ставіць перад сабою прамых палітычных мэтаў, але, з другога боку, у нашых цяперашніх беларускіх умовах сур’ёзна вывучаць гісторыю - значыць быць палітычна небясьпечным для сучаснай беларускай улады. Карацей, той, хто сур'ёзна займаецца гісторыяй, аўтаматычна залічаецца ў рады апазыцыі.

Гаварыць, што праз тры гады мы падрыхтуем новую гісторыю Беларусі, яшчэ рана, але паасобку нам цяжка займацца гісторыяй. Гэта разумеюць усе, хто заявіў пра ўдзел у гэтым аб'яднаньні.

Навукоўцам, якія гуртуюцца ў Асацыяцыі незалежных гісторыкаў, залежыць на магчымасьці праводзіць дасьледаваньні й друкаваць публікацыі. „Бо што за вучоны, калі ў яго няма магчымасьцяў данесьці вынікі сваёй працы да грамадзтва?”, - пыталі нашыя суразмоўцы: Ніна Стужынская, Ірына Каштэлян і Андрэй Кіштымаў.

 

Яланта Сьмялоўская