Лідэр беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, вядомы літаратар Сакрат Яновіч, у люстрацыйнай анкэце прызнаўся, што ў 1958-1970 гадох ён быў сьвядомым супрацоўнікам Службы бясьпекі пад псэўданімам "Кастусь".
Яновіч назіраў за асяродкам тыднёвіка "Ніва", а таксама Беларускага грамадзка-культуральнага таварыства ў Польшчы.
Паводле словаў самога Яновіча, усё жыцьцё ён намагаўся рабіць усё магчымае, каб СБ ад яго "адчапілася". Галоўным заданьнем Яновіча мела быць "дапамога ўладам у захаваньні беларускага асьветніцкага руху ад уплываў варожых сілаў".
"Я наіўна верыў, што змагаюся за беларускую справу. У 1965 годзе я зразумеў, пра якую "дапамогу" йдзе гаворка - распавядае літаратар.
Сакрат Яновіч сьцьвярджае, што ня браў грошаў ад спэцслужбаў, "часам некалькі злотых на гарэлку".
"Я нікому не зрабіў ніякай шкоды, але дрэнна тое, што я паддаўся" - кажа Сакрат Яновіч.
Сакрат Яновіч нарадзіўся ў 1936 годзе. Празаік, эсэіст, адзін з найвялікшых аўтарытэтаў беларускай меншасьці ў Польшчы. Жыве ў Крынках на Беласточчыне.
Неўзабаве ў нашым эфіры інтэрвію з Сакратам Яновічам.
...........................................................................................................................
Інтэрвію Сакрата Яновіча карэспандэнту "Gazety Wyborczej" Яну Квасоўскаму.
Нядаўна вы запэўнівалі, што ня будзеце запаўняць люстрацыйную анкету. Зараз высьвятляецца, што вы гэта зрабілі, а нават больш – прызналіся, што ў мінулым вы былі сакрэтным агентам Службы бясьпекі пад псэўданімам “Кастусь”.
С. Яновіч: Я запоўніў анкету, таму што не хацеў зрабіць шкоду Юрку Хмялеўскаму, рэдактару “Часопіса”, зь якім я супрацоўнічаю. Я падумаў: а што мне з таго, навошта, каб хлапец меў клопаты, трэба ж дапамагаць людзям. Сваю заяву я даслаў таксама ў “Ніву”, літаратурнае таварыства “Белавежа” і ў выбарчую камісію. (Сакрат Яновіч зьяўляўся кандыдатам Беларускага выбарчага камітэту на мясцовых выбарах – рэд.)
Як гэта здарылася, што ў 1958 годзе вы сталіся “Кастусём”?
С. Яновіч: Памятайма, што ўлады стварылі Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, “Ніву” й беларускія школы. Прыйшлі да мяне хлопцы – адным зь іх быў Мікола Хведарук – і папрасілі, каб я ім дапамог, паколькі ўсім гэтым установам пагражае інфільтрацыя амэрыканскіх шпіёнаў і “ворагаў народу”. Я пагадзіўся, бо гэтая ўлада нам дала ўсё, у той час калі даваенныя ўлады беларусам “давалі ў карак”.
На чым палягала вашая супраца са Службаю бясьпекі?
С. Яновіч: Калі б я заўважыў, што сярод нас зьявіўся нейкі чужы чалавек, то я б павінен быў адразу ім пра гэта паведаміць альбо пагутарцыь зь ім. Часам я за гэта атрымліваў па некалькі залатовак на гарэлку й закуску.
У люстрацыйнай анкеце вы напісалі, што ў вашыя функцыі ўваходзіла распрацоўка людзей БГКТ і “Нівы”.
С. Яновіч: Я пісаў характарыстыкі кшталту, што гэта адданы партыі чалавек, а яны пісалі мае. У гэтых асяродках усе былі альбо агентамі, альбо сакрэтнымі супрацоўнікамі.
Ці адчувалі вы дыскамфорт у ролі стукача?
С. Яновіч: У палове 60-х гадоў мне гэта пачало перашкаджаць і я хацеў з гэтага неяк выкруціцца. Тады я зразумеў, што гаворка йдзе не пра абарону беларускіх структураў, але каб быць “шасьцёркаю”. Дапамог мне ў гэтым – у пераносным сэнсе – Аляксандар А. , які зрабіў на мяне данос як на беларускага нацыяналіста. Ад 1970 году я стаўся ворагам уладаў і нідзе ня мог знайсьці працы. Паручнік Васілеўскі, калі сустракаў мяне на вуліцы, казаў, што я сам вінаваты. Некалькі разоў былі спробы зноў мяне завэрбаваць, але я моцна раззлаваўся – не і ўсё. З таго часу я змагаўся з рэжымам, таму й маю сёньня пэнсію 200 эўра, у той час калі “паслухмяныя” маюць нашмат большыя сумы.
Ці зрабілі вы камусьці шкоду сваёй працай?
С. Яновіч: Я нікога не характэрызаваў, каб наўмысна зрабіць камусьці дрэнна. Яны цікавіліся пераважна дзьвюма асобамі – рэдактарам “Нівы” Валкавыцкім і пісьменьнікам Аляксандрам Баршчэўскім. Яны ж мелі й іншыя даносы ды параўноўвалі іх паміж сабою.
А чаму ў незалежнай Польшчы, ажно 17 гадоў, вы маўчалі пра сваё мінулае?
С. Яновіч: Па просьбе Тамаша Данілецкага зь Інстытуту нацыянальнай памяці я напісаў, на чым палягала авантура з Аляксандрам А., які быў агентам СБ раней і які зрабіў мне вялікую шкоду сваім даносам на мяне.
Але пра супрацу са спэцслужбамі вы прамаўчалі?
С. Яновіч: Я палічыў гэта малаістотнай справай. Было – прайшло, а каб людзі даведаліся, то было б шмат непатрэбнага шуму. Па-другое, мне было трошкі сорамна, што ў маладосьці я так неабачліва паступіў. У сваіх дзёньніках я рабіў нататкі пасьля 1970 году, і мне было сапраўды вельмі цяжка.
Вашага пазьнейшага даробку ніхто ня можа аспрэчваць, але факт супрацы з СБ будзе ўдарам для шмат каго, для чытачоў вашых кніг. Сярод іх шмат тых, хто лічыў вас маральным аўтарытэтам.
С. Яновіч: Зараз ніхто ня зьверне ўвагі на тое, чаго мне гэта каштавала, што я падпісаў. А я зрэшты нават не памятаю, ці я нешта падпісваў.
А якія вынікі гэта будзе мець для беларускай грамадзкасьці?
С. Яновіч: Беларусы мяне зразумеюць, бо яны ж заўжды галасуюць за SLD (Саюз левых дэмакратычных сілаў – партыя, чальцы якой належалі да польскай камуністычнай партыі). Цяпер яны зьдзівяцца, што столькі гадоў я быў “нянашым”, а казалася – наш. Раней яны моцна зьдзіўляліся, чаму я не люблю гэтай улады.
Але гэта будзе ўдар для маладога пакаленьня беларусаў.
С. Яновіч: Можа для такіх як Вапа ці Латышонак, але яны ў меншасьці.
Як вы ацэньваеце люстрацыйны закон, беручы пад увагу ўласны досьвед? Ці адчуваеце сябе ахвярай? Ці люстрацыя мае ўвогуле сэнс?
С. Яновіч: Яна непатрэбная, бо калі прытрымлівацца літары закону, то трэба асудзіць сотні тысячаў людзей, больш альбо менш вінаватых, ці ўвогуле невінаватых. Люстрацыя можа знішчыць тысячы людзей, неабходных дзяржаве й польскай культуры. Калі гаворка йдзе пра мяне, то няхай усе заставяць мяне ў спакоі. Адразу СБ не давала мне жыць, а зараз новыя камсамольцы.