http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=55169

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру: спэктакль “Тутэйшыя” павольна старэе

08.07.2007

Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы паказвае творы, прысьвечаныя да 125-годзьдзя нараджэньня Янкі Купалы.

Гледачы змогуць пабачыць знакамітую «Паўлінку», спэктакль «Тутэйшыя» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Таксама на днях адбылася прэм’ера спэктаклю «Сны аб Беларусі». У інсцэніроўцы «Сны аб Беларусі» выкарыстаны вершы, урыўкі з паэм Янкі Купалы “Яна і Я”, «На куцьцю», «Сон на кургане», «Адвечная песьня», «На папасе», драмы «Раскіданае гняздо» і п'есы Ўладзімера Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц». Праз сюжэтную лінію спэктаклю прасочваецца працэс творчага станаўленьня паэта, нараджэньня сапраўднага генія.

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Валеры Раеўскі кажа, што пастаноўкі спэктакляў паводле твораў Янкі Купалы дагэтуль карыстаюцца папулярнасьцю:

Валеры Раеўскі: На Купалу йдуць. Гэта залежыць перш-наперш ад драматурга й рэжысэра, якія бяруцца за гэтую справу. Калі добра атрымліваецца, то й глядач добры. Бываюць узьлёты й падзеньні. Часьцей усяго прападае інтарэс да спэктаклю, бо прапанаваныя абставіны прытупляюцца. Тады трэба спэктаклю даць адпачыць, глядач павінен засумаваць па ім. Тады тэатар сам будзе падтрымліваць тое вогнішча інтарэсу, якое павінна быць.

Па словах Раеўскага, усе спэктаклі рана ці позна паміраюць. Цікавасьць можна падтрымаць штучна, але гэта будзе падманам для гледача. Звычайна ўжо празь дзесяць гадоў спэктакль становіцца “выхалашчаным”, акторы губляюць непаўторнае адценьне гульні. Спэктакль “Тутэйшыя” быў пастаўлены ў 1989 годзе, яму амаль 20 гадоў. І тое, што “Тутэйшых” не было на сцэне каля году, Валеры Раеўскі лічыць станоўчым фактарам – гледачы пасьпелі засумаваць па спэктаклю.

Зараз сярод моладзі папулярны нетрадыцыйны падыход – авангарднасьць, сымбалізм. Але мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Валеры Раеўскі лічыць, што творы Купалы павінны застацца такімі, як іх бачыў сам паэт – у клясычнай форме.

Валеры Раеўскі: Думаю, што ён павінен застацца такім, як яго паставіў мастак. Цяжка казаць, колькі ён яшчэ будзе йсьці з такім поглядам Купалы на некаторыя рэчы, што патрэбныя гледачу. Цяжка казаць, колькі спэктакль будзе йсьці, але тое, што першапачаткова было зроблена Пінігіным – было выдатна. Зараз гэта нешта другое – адбываецца плаўны, павольны этап старэньня.

У сьвяточныя дні на сцэну выйдуць такія зоркі беларускага тэатру, як Зоя Белахвосьцік, Віктар Манаеў, Марыя Захарэвіч, Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан і найлепшыя акторы маладзейшага пакаленьня.

У юбілейныя дні ў тэатры будзе працаваць выстава на аснове матэрыялаў з архіву Купалаўскага тэатру.

 

Марыя Кароль, для Беларускай службы Польскага радыё зь Менску