http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=56839

Як знайсьці Вікіпэдыю... клясычным правапісам

11.08.2007

 

Тры гады назад, 12 жніўня 2004 году, быў заснаваны адмысловы ў сваім родзе праект у сеціве — “Беларуская ВікіпэдыЯ”. У чым гэтая адмысловасьць?

“ВікіпэдыЯ”, альбо яшчэ яе называюць “вольная энцыкляпэдыя”, сапраўды вольная ва ўсіх праяўленьнях гэтага паняцьця. Па-першае, праект існуе ў сеціве, а гэта само сабой гаворыць аб адсутнасьці нейкай цэнзуры, што сёньня вельмі распаўсюджана ў Беларусі. Па-другое, яе ствараюць абсалютна вольныя, творчыя, беларускія людзі, пераважна моладзь. Праект заснаваны ў 2004 годзе, і яго можна лічыць вельмі маладым. Нягледзячы на гэта, сёньня ВікіпэдыЯ вельмі папулярная. Пра гэта гаворыць колькасьць яе карыстальнікаў й колькасць артыкулаў, што прапаноўваюцца наведвальнікам. Іх сёньня амаль сем з паловай тысячаў.

Праект сам па сабе вельмі дэмакратычны — тут любы карыстальнік можа стварыць свой артыкул й прапанаваць яго іншым. Любы можа зрабіць нейкія праўкі й дадаць матэрыял. Праўда, існуюць адміністратары, якія сочаць за парадкам на старонцы. Сёньня беларускіх адміністратараў 8. Яны жывуць у розных краінах і ніколі ня бачыліся. Ведаюць адзін адно выключна па ніках — гэта элекронныя імёны.
На старонцы беларускай вольнай энцыкляпэдыі пазначана, што “ВікіпэдыЯ” — ня скончаны праект, яна ўвесь час пашыраецца й паляпшаецца. Адкуль жа растуць яго карані? Калісьці праект ствараўся адным чалавекам — узгадвае адміністратар сайту Андрэй, электронны нік якога Рэд_Ўінґэр_Дуцк.

Рэд_Ўінґэр_Дуцк: Карані растуць у папулярнасьці ангельскай вэрсіі “Вікіпэдыі”, таму што ангельская мова найбольш пашыраная ў сеціве й на ёй стварыўся вялікі разьдзел, які стаў вельмі папулярным зь цягам часу. Адпаведна ў 2004 годзе, непасрэдна 12 жніўня, быў створаны беларускі разьдзел. У гэты час ствараліся разьделы на розных мовах і чаму б было не стварыць і па-беларуску. Тым больш былі людзі, якім гэта вельмі цікава. Стваральнікам беларускай “Вікіпэдыі”, яе заснавальнікам лічыцца Ўладзімер Каткоўскі. На жаль, у траўні ён памёр, пасьля таго, як год знаходзіўся ў коме, але ён дагэтуль застаецца адным зь адміністратараў сайту. Ён заснаваў беларускі разьдзел, то бок зьвярнуўся да фундацыі “Вікіпэдыі”, якая адказвае за працу ўсёй “Вікіпэдыі” на ўсіх мовах, каб стварыць такі разьдзел.

Уладзімер Каткоўскі атрымаў правы першага адміністратара беларускага разьдзелу на сусьветным сайце “Вікіпэдыі”. Ён быў асобай вельмі папулярнай ў беларускім сеціве, таму без перашкодаў папулярызаваў ідэі вольнай энцыклапэдыі сярод беларускай моладзі. А ідэі вельмі простыя — стварыць сваё праўдзівае інфармацыйнае поле. Зь цягам часу да праекту далучылася шмат людзей. Напачатку 2005 году беларуская частка “Вікіпэдыі” налічвала каля 1000 артыкулаў. Сёньня на старонцы таксама вельмі лёгка знайсці шмат карыснага. Тлумачыць Рэд_Ўінґэр_Дуцк.

Рэд_Ўінґэр_Дуцк: На старонцы “Вікіпедыі” ёсьць адпаведны разьдел “Катэгорыі”. Абсалютна розныя. Спорт. Тэатар. Музыка. Кожны артыкул належыць да пэўнай катэгорыі. Напрыклад, артыкул пра нейкага беларускага пісьменьніка будзе знаходзіцца ў катэгорыі “Беларскія пісьменьнікі”. Сёньня ў нас зарэгістравана непасрэдна ў беларускай вэрсіі каля 800 карыстальнікаў. Зь іх актыўна, штодня рэдагуюць артыкулы, альбо нешта правяць, новае ствараюць, напэўна, каля некалькіх дзесяткаў чалавек, на тыдзень гэта ўжо каля 80. Ёсць 8 чалавек - адміністратараў сайту, гэта тыя, хто сочыць за парадкам на сайте.

А вось, напрыклад, найбольш патрэбныя й папулярныя артыкулы можна знайсьці ў спэцыяльным разьдзеле.

Рэд_Ўінґэр_Дуцк: У нашай беларускай “Вікіпэдыі” існуе такі разьдзел, як “Выбраныя артыкулы” — самыя лепшыя артыкулы беларускай “Вікіпэдыі”. Раз на месяц адбываецца галасаваньне карыстальнікаў, дакладней, адбываецца выбар. А галасаваньне йдзе ўвесь час, хтосьці можа прапанаваць, што ён паглядзеў вось гэты добры артыкул, ёсць адпаведна ўсе спасылкі на крыніцы інфармацыі, фотаздымкі й гэтак далей. Сярод першых доўгі час быў артыкул пра Янку Купалу, там была створана абсалютна поўная біяграфія пісьменьніка з усімі фактамі, з спісам усіх яго твораў, спасылкамі на іншыя крыніцы інфармацыі.

Як расказаў адзін з пастаянных аўтараў беларускай “Вікіпэдыі” Вячаслаў, нік якога Слявэр, яго артыкулы вельмі часта былі ў разьдзеле выбраных. Нават самы нескладаны артыкул ён рыхтуе на працягу 5-6 гадзін, таму што вялікая адказнасьць перад калегамі й карыстальнікамі сайту, факты скрупулёзна ўдакладняюцца, а давер даецца выключна салідным крыніцам. Такі прынцып работы аўтараў Беларускай “Вікіпэдыі”, якая ў сеціве напісана клясычным правапісам. Нагадаю, што ёсьць й экцыкляпэдыя, напісаная “наркамаўкай”. Слявэр рапавёў, што раскол адбыўся зусім нядаўна.

Слявэр: Ён быў зьвязаны з тым, што прыхільнікі афіцыйнага правапісу заявілі, што ім не падабаецца, тое, што беларуская вэрсія пераважна створаная на клясычным правапісу. Хаця ніякіх абмежаваньняў ніхто ніколі не чыніў. Яны свабодна маглі пісаць адным з двух правапісаў і гэта насамрэч не было праблемай. Але ў выніку яны вырашылі патрабаваць ад фундацыі стварыць асобную старонку. У выніку фонд без папярэджаньня перадаў той дамен, на якім знаходзілася нашая беларуская “Вікіпэдыя”. А нам далі іншы дамен.
Справа кожнага, на якой мове чытаць й тым больш пісаць энцыкляпэдычныя нататкі. Галоўнае - не блытайцеся, дзе наркамаўская, а дзе клясычная энцыкляпэдыя. На галоўнай старонцы сусьветнай “Вікіпэдыі”, у разьдзеле “на іншых мовах” так і пазначaна: Беларуская (Тарашкевіца).

Янка Хамовіч, для Польскага радыё зь Менску