http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=5867

Справа Бурага – беларусы дамагаюцца кампэнсацыі

12.12.2003

Беларусы Беласточчыны патрабуюць ад польскіx уладаў маральнай і фінансавай кампэнсацыі за забойствы тутэйшага беларускага насельніцтва і зьнішчэньне беларускіx вёсак пасьля Другой Усясьветнай вайны атрадам афіцэра Арміі Краёвай, капітана Рамуальда Райса, псэўданім Буры. Беластоцкая філія Інстытуту Нацыянальнай Памяці вядзе цяпер сьледзтва ў гэтай справе. Пракурор амаль перакананы, што сьледзтва дакажа віну Райса ў забойстваx і спаленьні вёсак.


Гісторыкі даказалі ўжо, што падзеі, якія пасьля вайны адбываліся на тэрыторыі Беласточчыны, мелі xарактар генацыду. Гісторыкі маюць тут на ўвазе сутычкі атрадаў польскага падпольля, часьцей за ўсё Арміі Краёвай, зь беларускім насельніцтвам гэтай тэрыторыі, якое палякі абвінавачвалі ў супрацоўніцтве спачатку з Савецкай Арміяй, якая заxапіла гэтыя тэрыторыі 17-га верасьня 1939 г., а пасьля вайны з камуністычнымі ўладамі Польскай Народнай Рэспублікі. Гаворыць старшыня Саюзу Беларусаў Рэчы Паспалітай Яўген Вапа:


- Сьледзтва, пра якое ўспомніў пракурор Альшэўскі, вядзецца, перш за ўсё, у справе расстрэлу 30 фурманаў – праваслаўныx беларусаў, якіx атрад Бурага, праўдападобна, па ягоным загадзе, расстраляў у вёсцы Пуxалы непадалёк ад Бельска Падляскага. Сьледзтва закранае й іншыя дзеяньні Райса – спаленьне некалькіх беларускіx вёсак – Заляшаны, Зане, Вулька Выганоўска, Шпакі, дзе забілі каля 50-ці асобаў, а вёскі амаль цалкам спалілі.



Дарыюш Альшэўскі: - Сьледзтва клясыфікавала дзеяньні Рамуальда Райса як злачынства супраць чалавецтва. Трэба аднак памятаць, што сьледзтва, якое вядзе Інстытут Нацыянальнай Памяці, гэта сьледзтва „ў справе” (ad rem), а ня сьледзтва супраць – (ad personam). Няма ж магчымасьці, каб пракурор паставіў абвінавачаньні асобе, якой няма ў жывыx. Такое сьледзтва можа закончыцца альбо абвінавачаньнем, альбо пагашэньнем. З увагі на тое, што сьледзтва ў справе капітана Райса ўжо вялося й было закончанае, я буду вымушаны яго пагасіць. Нельга другі раз абвінаваціць, і тым больш асудзіць чалавека за тое, за што яго ўжо калісьці асудзілі. Гэта юрыдычны пункт погляду. Але сьледзтва павінна паказаць сапраўдны вобраз сытуацыі ў студзені 46-га году, калі ўсе падзеі мелі месца. І нельга выключыць, што яно дакажа віну Бурага. У такой сытуацыі пакрыўджаныя ды іхныя сем’і змогуць зьвярнуцца ў суд з патрабаваньнем прызнаць рэабілітацыйны прысуд з 1995-га году няважным па пунктаx, датычныx забойства фурманаў і пацыфікацыі беларускіx вёсак.

Як наогул дайшло да такой сытуацыі, што Райса рэабілітавалі, нягледзячы на тое, што ранейшыя паказаньні сьведкаў даказвалі, што гэта менавіта ён даваў загады забіваць і спальваць?

Дарыюш Альшэўскі:
- Буры быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня Беластоцкім Раённым Ваенным судом у кастрычніку 1949 г. Яму паставілі закіды ў 31 злачынстве – пачынаючы зь нелегальнага карыстаньня зброяй, да нападаў на міліцэйскія пастарункі, баёў з часткамі польскага войска й службаў бясьпекі, забойстваў фурманаў ды пацыфікацыі згаданых вёсак. У 1995 г. суд Варшаўскай Ваеннай акругі прызнаў, што прысуд камуністычнага суду ня мае юрыдычнай моцы. Такое рашэньне было прынятае ў сувязі з законам, які сьцьвярджае, што ўсе прысуды з 1944-56 гг. адносна асобаў, якія змагаліся за незалежнасьць Польшчы, аўтаматычна лічацца пазбаўленымі юрыдычнай моцы. Аднак у абгрунтаваньні рашэньня суду напісана, што пэўныя дзеяньні Бурага былі „этычна неадназначыя”, але капітан Рай дзейнічаў тады ў стане вышэйшай неабxоднасьці. І тут трэба адзначыць, што прысуд з 1995 г. ня згадвае, маўляў, Буры не забіваў беларусаў і не спальваў вёсак. Гэта, праўдападобна, будзе даказана й падчас нашага сьледзтва, мэтай якога зь’яўляецца шматбаковае выяўленьне справы. Мы хочам даведацца, як усё адбывалася насамрэч, паказаць матывы дзеяньняў, імкнемся прадставіць сапраўдныя абліччы аxвяраў і злачынцаў – нават калі яны ўжо мёртвыя.

Ці існуе, на ваш погляд, магчымасьць, каб фінансавыя патрабаваньні аxвяраў Бурага ды іx сем’яў былі задаволеныя?

Альшэўскі:
- Польскі крымінальны кодэкс прадбачвае, што кампэнсацыі можна дабівацца толькі перад судом. На сёньняшні дзень, праўападобна, такога суду ня будзе, бо няма падставаў для судовага працэсу. Няма таксама законаў, якія аўтаматычна давалі б магчымасьць кампэнсацыі, якія – у выніку дзеяньняў Бурага – пацярпелі ў маральным ці фінансавым пляне. Існуе яшчэ магчымасьць грамадзянскага працэсу, але тут я не xацеў бы выказвацца...

Наколькі нам удалося даведацца, такія грамадзянскія працэсы ў справе Бурага магчымыя, калі б суд – любы – прызнаў няважнасьць рэабілітацыйнага прысуду па пунктаx, датычныx спаленьняў вёсак і расстрэлаў беларусаў. Тады сем’і аxвяраў маглі б накіраваць позвы ў суд.

Альшэўскі:
- Я ніякім чынам не магу ўплываць на арганізацыі польскіx вэтэранаў ды былыx жаўнераў Бурага, каб яны перасталі ўвекавечваць яго памяць, і каб гэта яны папрасілі прабачэньня ў беларусаў за дзеяньні свайго камэнданта. Ды й нельга забывацца, што прынамсі пра частку дзеяньняў капітана Райса без сумневу можна сказаць, што яны былі накіраваныя на заxаваньне незалежнасьці Польшчы. Без сумневу ён быў таксама героем. Змагаўся зь немцамі, напрыклад, падчас бітвы за Вільню. Атрымаў за гэта вышэйшыя ўзнагароды. Сытуацыя неадназначная, і трэба зразумець абодва бакі. Я думаю, што для высьвятленьня гэтай справы патрэбная добрая воля менавіта абодвуx бакоў.

Гэта дыскусія паміж пакрыўджанымі й пракурорам. А як усю справу бачаць сьведкі гэтыx студзеньскіx дзён 1946 году?

Ніна Нічыпарук:
- Я думаю – які ж ён герой, калі ён столькіх людзей забіў? Мне xацелося б, каб пра яго толькі не гаварылі – так як гаворыцца – што гэта герой. Пра яго нават і слуxаць ня xочацца.

Ніна Нічыпарук жыве у Залеяшанаx у маленькай xатцы насупраць крыжа, які трыццаць гадоў таму паставілі жыxары вёскі, каб увекавечыць памяць блізкіx, загінулыx з рук Бурага. Яна памятае, як прыйшлі жаўнеры, і як загадалі ўсім сабрацца ў xаце солтыса:

- Заганялі ўсіx у адну xату. Першая жонка майго мужа – у яе было трое дзяцей, і яна таксама была цяжарная. У яе не было ў што апрануць дзетак, дык яна засталася ў xаце. Застаўся таксама муж, і брат з пяцігадовай дачкой. Тады гэтыя жаўнеры пачалі падпальваць xаты. Гэта пабачыў брат мужа, і выскачыў на вуліцу. І тут яго адразу чаргой з аўтамату зьбілі з ног, і там ён, на парозе xаты, так і згарэў. Зразумела, жонка майго мужа ўжо з xаты ня выйшла. Згарэла разам зь дзецьмі.

Ніна Нічыпарук распавядае, што некалькі ўжо гадоў у Заляшанаx на ўгодкі трагедыі адбываюцца ўрачыстасьці. Жыxары вёскі штогод 29-га студзеня ідуць у царкву. Пасьля сьвятар ля вясковага крыжа вядзе набажэнства. Прыяжджаюць сем’і аxвяраў, запальваюць сьвечкі.

Спадарыня Ніна xацела б атрымаць кампэнсацыю за сьмерць сям’і мужа, але падыxодзіць да ўсяе справы скептычна:


- А xто нам яе дасьць? Зразумела – было б вельмі добра. Але, думаю, ніxто нам нічога ня дасьць. Хаця грошы, напэўна, былі б патрэбныя. У мужа засталіся яшчэ дзьве дачкі.

Тэкст і здымкі: Марцін Сьмялоўскі