http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=58739

Казус БНВВ

16.09.2007

У адрозьненьне ад ЗША, ці нават Расеі, Беларусь, на шчасьце, ня стала мішэньню атакі тэрарыстаў. Апошнія дывэрсіі праводзіліся партызанамі падчас вайны з фашысцкімі захопнікамі. Аднак у найноўшай гісторыі Беларусі здараліся выпадкі гэтак званага “інфармацыйнага тэрарызму”. Пра гэта сёньня размова.

Сапраўды, у найноўшай гісторыі Беларусі не было выпадкаў гучных тэрарыстычных актаў, падобных да нью-ёрскіх ці маскоўскіх. Аднак некалькі разоў у СМІ зьяўлялася інфармацыя з пагрозамі з боку невядомых арганізацыяў. Адна зь іх прадстаўлялася як “Беларускае нацыянальна-вызвольнае войска”. Першае пытаньне, якое ўзьнікае, ці былі ў беларускай гісторыі падобныя прэцэдэнты.

Ігар Лялькоў: У гэтым выпадку можна ўзгадаць хіба толькі адзін прэцэдэнт. Гэта напаўлегендарная Беларуская вызвольная армія Міхала Вітушкі, якая дзейнічала ў Беларусі ў сярэдзіне - напрыканцы 1940-х гадоў і змагалася з савецкімі акупантамі. Гэта пазасталасьці тых беларукіх частак, якія часткова супрацоўнічалі зь немцамі падчас Другой Сусьветнай вайны, часткова ўваходзілі ў Беларускую незалежніцкую партыю, уваходзілі ў беларускую партызанку часоў Другой Сусьветнай вайны, якая ваявала і зь немцамі, і з саветамі.

Такая структура была створаная дзесьці ў 1945-46 годзе й дзесьці да пачатку 1950-х гадоў яна дзейнічала ў асноўным у Заходняй Беларусі, у раёне Налібоцкай пушчы. Гэта хіба адзіны такі прэцэдэнт.

Можа ў такім выпадку прыкладам паслужылі паўстанчыя фармаваньні ў суседніх краінах, хаця б украінская УПА?

Ігар Лялькоў: УПА - гэта больш вядомая назва. У прынцыпе, ня выключана. Тым больш, калі па беларускаму ўзброенаму антысавецкаму супраціву канца 1940-х гадоў ня так шмат дасьледаваньняў, ня так шмат дакумэнтаў, то УПА – гэта вельмі вядомая ў гістарыяграфіі падзея, шматбакова асьветленая. Можа быць, да славы УПА апэлюе зь Інтэрнэту Беларускае вызвольнае войска.

Для цябе, як для гісторыка, з чым асацыюецца назва Беларускае нацыянальна- вызвольнае войска?

Ігар Лялькоў: У прынцыпе, з самой назвы дастаткова шмат відаць. Па-першае, войска – гэта нейкі ўзброены супраціў. Вызвольная - значыць узброеная барацьба за вызваленьне, у дадзеным выпадку ці то ад пазасталасьцяў савецкага рэжыму, ці то ад новага рэжыму, які ўсталяваўся ў постсавецкай Беларусі. Нацыянальная – значыць абапіраецца на нацыянальныя ідэалы, выступае ў абарону беларускай нацыі. У гэтым канкрэтным выпадку цяжка акрэсьліць, што гэта можа быць. Гэта ўвогуле могуць быць людзі з па-за межаў Беларусі, якія зь нейкіх сваіх матываў вырашылі паказаць, што ў Беларусі існуюць падобныя сілы. Бачна пэўная штучнасьць. Нічога сур’ёзнага, што можна было б кваліфікаваць як узброены супраціў, у постсавецкай Беларусі не было.

Па ўсёй верагоднасьці, першы раз назва БНВВ прагучала вясною 1997 году. У красавіку й верасьні 1997 году ў Беларусі адбыўся шэраг дзіўных падзеяў. 1 красавіка была абстраляна Расейская амбасада, 28-га красавіка адбыўся выбух на газакампрэсарнай станцыі ў Менскай вобласьці, а 30-га красавіка – выбух на газапровадзе Таржок-Менск-Івацэвічы. 10-га верасьня адбыліся выбухі перад будынкам суду Савецкага раёну Менску. У прэсе зьявіліся паведамленьні ад імя Беларускага нацыянальна-вызвольнага войска, у якіх казалася, што гэтая арганізацыя бярэ на сябе адказнасьць за выбухі. Гэтыя падзеі адбываліся на фоне красавіцкага падпісаньня дамовы аб Саюзе Беларусі й Расеі. Падпісаньне гэтай дамовы было зьвязана зь інтрыгай адносна ейнага зьместу. Беларускі бок прапаноўваў сваю вэрсію, якая давала ў рукі саюзнаму прэзыдэнту шмат улады, а расейцы прапаноўвалі сваю вэрсію дамовы – больш умеркаваную – дэкляратыўнага характару.

Можа быць, гэтае войска ды заявы ў Інтэрнэце – гэта элемэнт беларуска-расейскай гульні? Гаворыць палітоляг Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: Лукашэнку вельмі патрэбная апазыцыя, каб палохаць Крэмль. Палохаць рэалізацыяй пэўных сцэнароў, на якія пакуль апазыцыя няздольная. Гэта таксама элемэнт гульні. Лукашэнка вельмі добра разумее, што зараз, калі ён прыціснуты да сьценкі, калі Крэмль ня верыць у тое, што Лукашэнка можа нармалізаваць адносіны з Захадам і такім чынам адказаць на ціск з боку Крамля, гэта падвышае неабходнасьць вынаходніцтва розных арміяў, груповак, пацукоў у вадаводах і гэтак далей.

Сапраўды, Аляксандар Лукашэнка цягам свайго прэзыдэнцтва паўтараў шмат разоў, што ён выратаваў Беларусь ад этнічных чыстак. Маўляў, рускія, якія жывуць у Беларусі, ужо пакавалі валізкі ў страху перад прыходам беларускіх нацыяналістаў да ўлады. Іх выратаваў Лукашэнка, які не дазволіў на праявы экстрэмізму й забясьпечыў нацыянальны мір у рэспубліцы. Што праўда, ніколі ніхто ў Беларусі не пагражаў расправамі прадстаўнікам іншых народаў, якія жывуць на тэрыторыі краіны. Затое нацыяналістычная арганізацыя, якая заклікала да ўзброенага супраціву, зьявілася менавіта ў той момант, калі афіцыйны Менск спадзяваўся падпісваць Саюзную дамову з Расеяй. Пасьля гэтага сытуацыя суцішылася. Ізноўку “вызваленчае войска” заявіла пра сябе ў 2005 годзе, але пра гэта ў наступнай праграме.

Юры Ліхтаровіч