http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=59628

Уплыў суседніх народаў на зьмену дзяржаўнага назову Беларусі

04.10.2007

Назоў Беларусі на працягу гісторыі няраз зьмяняўся. Таксама іншыя народы па-рознаму называлі Беларусь і яе жыхароў. Гэтай праблематыцы вялікую ўвагу прысьвячала беларуская эміграцыя. Які ўплыў мелі суседнія народы на зьмену дяржаўнага назову Беларусі? – слухайце ў перадачы НБ.

Няма ніводнага народу, які б засяляў свой край спершапачатку, як і няма ніводнага народу, які б на працягу ўсяе свае гісторыі заўсёды насіў адно й тое самае імя – піша Вацлаў Ластоўскі (Ю. Верашчака – п сэўданім Вацлава Ластоўскага, Аб найменьнях “Гуды” - “Крывічы” - “Русь”, у: „Крывіч”, № 1, Каўнас 1923, с. 17-25; Ю. Сулімірскі – псэўданім Вацлава Ластоўскага, Аб назовах “Крывія” і “Беларусь”, у: „Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 36-46).

Найменьні народаў і дзяржаваў мяняліся пад уплывам перасяленьняў, унутраных асацыяцыяў, чужаземных заваёваў, зьмены пануючай дынастыі альбо веры, заснаваньня новага нацыянальнага цэнтра і г.п.

Усе гэтыя перамены перажывала й Беларусь, і гэтакім працэсам вытвараўся беларускі народ. Сьляды гэтага захаваліся ў назовах, якія ў дачыненьні да беларусаў выкарыстоўваюць суседзі: ліцьвіны называюць беларусаў Gudai, а латышы – Kreevu. Найменьне гуды не распрацаванае па той прычыне, што яно не захавалася ў пісаных гістарычных помніках – уважае В. Ластоўскі. Тым часам Гістарычны слоўнік беларускай мовы аднатоўвае слова гудай ‘назва старажытнага народа’, якое выступае ў Хроніцы М. Бельскага пачатку XVII ст. (Гістарычны слоўнік беларускай мовы, т. 7, Мінск 1986, с. 191)

Цікава заўважыць, што гэтунамі, гегунамі, гецікамі вялікарусы называюць беларусаў, адзначаючы такім чынам адменную вымову беларусамі слова гэты.

Назову крывічы ня трэба шукаць у далёкіх крыніцах. На тэрыторыі, займанай калісь крывічамі, а цяпер іхнымі нашчадкамі беларусамі, слова крывіч ужываецца ў штодзённым жыцьці й азначае ‘блізкіх па крыві, родных’ – адзначаюць Вацлаў Ластоўскі й Ян Станкевіч (Я. Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, № 1, Нью-Ёрк, люты – сакавік 1951, с. 33-54.). Таксама Этымалагічны слоўнік беларускай мовы значэньне слова крывіч падае як ‘кроўны сваяк’ (Этымалагічны слоўнік беларускай мовы, т. 5, Мінск 1989, с. 128), прычым заўважае, што другасныя значэньні слова галоўным чынам адмоўныя, бо зьвязваюцца з крывы (Параўн. Макс Фаěсмер, Этимологический словарь русского языка, Москва 1964-1973, т. 2, с. 375-376).

А. Матач на падставе назоваў мясцовасьцяў з коранем крыў вызначае тэрыторыю крывічоў паміж вытокамі рэк Дзьвіны, Дняпра, Волгі ды паўднёвай часткай Азёрнага краю (А. Матач, Абшар займаны Крывічамі і крыўская колёнізація, у: „Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 27-36).

Крывічы былі найбольшым беларускім племенем. Як піша Ян Станкевіч, на поўдні й паўднёвым захадзе межавалі з дрыгавічамі, на поўдні – з радзімічамі й севяранамі, на ўсходзе – зь вяцічамі, на паўночным усходзе – з суздальцамі, якія пазьней сталі звацца маскалямі, на поўначы – з ноўгарадзкімі славенамі й фінскімі чухонцамі, на паўночным захадзе – з эстонцамі й латышамі.

Аўтар публікацыі заўважае, што назоў крывічы мае падвойнае значэньне: пляменнае, якое ахоплівае смалянаў, палачанаў і псковічаў, ды агульнабеларускае, якое пашыралася на ўсе беларускія плямёны (драўлянаў, палешукоў, дрыгавічоў, радзімічаў, севяранаў, вяцічаў і крывічоў).

Я. Станкевіч вызначае этнаграфічныя межы Беларусі ад ракі Буг на захадзе да горада Гжацка і ўтоку Вугры ў Аку на ўсходзе, ды ад утоку Прыпяці ў Дняпро на поўдні да Пскова ўключна на поўначы.

Да прыходу славян на тэрыторыі Крывіч-Беларусі жылі балты. Балты насялялі Узьдзьвіньне (г. зн. Полаччыну зь Віцебшчынаю), Меншчыну, а таксама займалі Палесьсе, прастору ля Сожа, Севершчыну й Смаленшчыну, даходзячы на ўсходзе да сярэдняе Акі. Насялялі таксама цэлую Пскоўшчыну. Пра месца расьсяленьня балтаў сьведчаць балцкія геаграфічныя назовы, якія сустракаюцца побач з славянскімі, а таксама прозьвішчы балцкага паходжаньня. Балцкі ўплыў назіраецца і ў некаторых рысах беларускае мовы. Я. Станкевіч мае на ўвазе мяшаньне ч і ц, характэрнае частцы летувісаў, г. зв. дзукам, ды замену ж гукам з, вядомую латышам. Нявыключана таксама, што зьява аканьня паўстала пад уплывам мовы балтаў. У расейскай літаратурнай мове аканьне паявілася пад уплывам мовы крывіцкае інтэлігенцкае эміграцыі ў Маскву ў XVІІ ст. – заўважае Я. Станкевіч, спасылаючыся на прадмову П. Бяссонава да ягонага Зборніка беларускіх песьняў. (Я. Станкевіч, Кароткі начырк..., тамсама, с. 35).

Я. Станкевіч піша, як зьмяняліся назовы беларускага народу. У XІІ ст. ужываўся назоў крывічы. Сьведчаць пра гэта захаваныя запісы, напр.: „Смаленск ведамы яшчэ ад тых часоў, калі Беларусы зваліся Крывічамі” (С. Максимов, Белоруская Смоленщина, с. 458; за: Я. Станкевіч, Кароткі начырк..., с. 47) Пра тое, што назоў крывічы датычыў ня толькі гэтага племя, але быў назовам агульнабеларускім, сьведчыць, між іншым, наступнае выказваньне крыжацкага летапісца Пятра Дусбурга: „Брат Гэнрык Маршалка (...) прышоў у Крывічы і места іхняе, што Ноўгарадкам завецца, узяў” (Я. Станкевіч, Кароткі начырк...., с. 47). Тым часам вядома, што Наваградак распаложаны на пляменнай дрыгавіцкай прасторы.

Ніна Баршчэўская