http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=70228

Сабор Сьвятога Кірылы Тураўскага сьвяткуе 50-гадовы юбілей

24.11.2007

25 лістапада найстарэйшая сьвятыня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў замежжы – Сабор Сьвятога Кірылы Тураўскага сьвяткуе 50-гадовы юбілей. Роўна паўстагодзьдзя таму ў беларускай царкве ў нью-ёрскім Брукліне адбылося першае набажэнтсва.

За гэтыя гады сьвятыня перажывала ўзьлёты, заняпады, аднойчы нават ледзь ня трапіла ў “чужыя рукі”. Сёньня Сабор Сьвятога Кірылы Тураўскага – гэта ня толькі гонар беларусаў Амэрыкі, але і ўсёй беларускай дыяспары ў сьвеце.

Шлях да ўласнай сьвятыні для маладой беларускай эміграцыі пасьляваеннага часу ня быў простым. Тыя, хто трапіў у ЗША пасьля 1944 году, патрабавалі нейкага часу, каб стаць на ногі, пракарміць уласныя сем’і, забясьпечыць будучыню для дзяцей. Тым больш, што ў “новы сьвет” першыя эмігранты траплялі пераважна паасобку, бязь сем’яў. Толькі празь нейкі час ім удавалася злучыцца з рэштаю сям’і, якая чакала ў Эўропе.

Напрыканцы 40-х гадоў беларусы ў ЗША пачалі закладаць першыя арганізацыі, купляць нерухомасьць і думаць пра ўласныя сьвятыні.

Адзін з найстарэйшых прадстаўнікоў беларускай дыяпары ў ЗША, 92-гадовы Антон Шукелойць узгадвае, што першае беларускае набажэнтсва адбылося за некалькі гадоў да набыцьця царквы ў гэтак званай “Беларускай хатцы” ў Брукліне. Гэта быў арэндаваны беларусамі склад. Доўгі час беларускія службы адбываліся на Мангэтане, у карпатароскай украінскай царкве.

А. Шукелойць: Іх япіскап Багдан быў вялікім прыяцелем нашага Ўладыкі Васіля, часта бывыў у нас на розных урачыстасьцях. Але ўжо тады мы пачалі зьбіраць сродкі на ўласную царкву, займалася гэтым Беларуска-Амэрыканскае задзіночаньне й ейны старшыня Кастусь Мярляк. Мы знайшлі будынак, які належаў амэрыканскім пратэстантам, але на той час ён быў цалкам пустым. Тады Мярляк скантактаваўся з кангрэсмэнам Дорнам, бо тая зямля належала ягонай юрысдыкцыі. Нягледзячы на тое, што ўласьнікаў у гэтага будынку было шмат, справу ўдалося залагодзіць вельмі хутка.  Як толькі мы купілі гэты будынак, то адразу ж перапісалі яго ва ўлсанасьць БАПЦ, з увагі на шматлікія прывілеі, якія маюць у Амэрыцы цэрквы. Ад падатку былі звольненыя амаль усе грашовыя апэрацыі.

Ужо празь некалькі месяцаў адбыўся ўрачысты ўваход у царкву. Дзеля такой падзеі ў Нью-Ёрк зьехаліся беларусы з розных штатаў. Служылі першае набажэнства  Ўладыка Васіль (Тамашчык), айцец Сьцяпан Войчанка ды айцец Фёдар Данілюк.

Айцец Данілюк, дарэчы, быў афіцэрам Слуцкага збройнага чыну, камандаваў ротай. Пазьней, дзякуючы між іншым ягонай пазыцыі, адбылося адраджэньне БАПЦ. Доўгі час ягоны сын Барыс Данілюк узначальваў парафіяльную раду й цяпер, нягледзячы на сталы ўзрост, наведвае Сабор Тураўскага.

Б. Данілюк: Бацька быў першым настаяцелям. Яшчэ змалку ён вучыўся ў Жыровіцкім манастыры. Пасьля быў дзяком, настаўнічаў у царкоўна-прыходзкіх школах, да часу, пакуль не пачалася вайна. Яго ўзялі ў расейскую армію. Потым бацька далучыўся да беларусізацыі, апынуўся ў 1-м Беларускім палку ў Горадні, служыў у Коўна. А пазьней бацька браў удзел у Слуцкім паўстаньні. Пасьля Рыскага міру вярнуўся ў родны Ваўкавыск. Калі памерла мая сястра й цешча, то бацька сказаў, што Бог хоча, каб ён яму служыў, і бацька прыняў сьвятарства.  

Беларускія набажэнтсвы ў Нью-Ёрку айцец Фёдар Данілюк служыў з 1950 году да 1960.  

З таго часу ў царкве зьмяніўся не адзін сьвятар, пры нядзельнай школе выхавалася новае пакаленьне беларусаў. Некалькі гадоў таму ў гісторыі царквы адбыўся непрыемны эпізод – зьявіліся людзі, якія прыбралі з царкоўнай залі бел-чырвона-белы сьцяг, выяву “Пагоні” й пачалі фактычна праводзіць антыбеларускую дзейнасьць. У спрэчцы перамог “беларускі бок”. Пасьля таго ў Саборы пачаліся перамены, быў распачаты рамонт, завіравала грамадзкае жыцьцё, прыйшлі новыя актыўныя людзі.

50-годзьдзе з дня першай службы Царква будзе сьвяткаваць амаль цалкам адноўленай. Усе працы выконваюць самі беларусы й выключна на грамадзкіх пачатках. Скарбніку Сабору сп. Міколе Сагановічу мы датэлефанаваліся ў той час, як ён працаваў пры аднаўленьні складзкога памяшканьня. Дарэчы, сп. Мікола адпрацаваў пры рамонце Царквы больш за 45 дзён.

М. Сагановіч: Царква была ў запушчаным стане, усё сыпалася. Не было ацяпленьня, людзі мерзьлі зімою. Знайшоўся беларус, які зрабіў нам ацяпленьне за свой кошт, а гэта роўна 74 тыс. даляраў. Зрабілі рамонт грамадзкай залі, памяшканьня, дзе ідзе служба. Фактычна рамонт яшчэ трывае. Зараз мы працуем у падвале, робім зь яго памяшканьне для “Беларускага музэю”. І ў нядзелю там адбудзецца адкрыцьцё выставы беларускага мастака. Ажыла наша царква, а за ёю ажыла й дыяспара. Думаю, што будзе аднаўляцца й беларускае жыцьцё. Шмат з тых, хто купляў гэты будынак, адышлі ўжо ў “іншы сьвет”, і ім ніхто за 50 гадоў ня выказаў падзякі. Трэба дзякаваць Богу, што ёсьць у нас бацькаўшчына Беларусь.

Сабор Сьвятога Кірылы Тураўскага, акрамя галоўнай рэлігійнай функцыі, выконвае таксама ролю грамадзка-культурнага цэнтру беларусаў, якія жывуць у нью-ёрскай мэтраполіі. Апошнім часам гэтае жыцьцё стала вельмі актыўным, між іншым, дзякуючы Беларускаму моладзеваму руху Амэрыкі. Распавядае чалец згуртаваньня Алесь.

Алесь: Стала больш цікавых мерапрыемстваў, зьявіліся новыя цікавыя падзеі, новыя людзі, новая ідэйная моладзь. На жаль, на набажэнствы прыходзіць няшмат людзей. Шкада, што нашы людзі не ўяўляюць, наколькі істотная з пункту гледжаньня беларускага Адраджэньня Аўтакефальная царква й наколькі важна было б яе адрадзіць на Беларусі. Але гэта можна зьмяніць і мы гэтым актыўна займаемся. Нядаўна пры Царкве пачаў дзейнічаць “Беларускі музэй”. Выстава Генадзя Драздова, якая адчыніцца 25 лістапада, будзе ўжо чацьвёртай па ліку. Ствараецца калекцыя музэя, мастакі ахвяруюць свае працы. Мы ўжо маем шмат плянаў на наступны год, а таксама столькі прапановаў ад беларускіх мастакоў, што цяжка ўсё будзе ажыцьцявіць. Такім чынам мы адрадзілі традыцыю 60-х гадоў, калі такія выставы тут адбываліся. Я думаю, што вакол грамадзка-рэлігійнага цэнтру мы зможам аб’яднаць нашую дыяспару. 

На вялікі жаль, набажэнтсвы ў беларускай Царкве служаць небеларусы. Сьвяточнае набажэнтсва 25 лістапада будуць адпраўляць пяць украінскіх сьвятароў. І гэта, бадай, зьяўляецца адной з найвялікшых праблемаў Сабору Сьвятога Кірылы Тураўскака.

Нагадаем, што акрамя ЗША, сьвятыні БАПЦ дзейнічаюць у Канадзе, Аўстраліі й Англіі.  
    

Дзьмітры Гурневіч