http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=71459

Беларуская дэлегацыя вярнулася з ЗША

10.12.2007

На мінулым тыдні адбыўся візыт дэлегацыі беларускай апазыцыі ў ЗША. Дэлегацыю  ўзначальваў Аляксандар Мілінкевіч, а ў яе склад уваходзілі старшыня  Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, моладзевы лідэр Павал Севярынец, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, адзін зь лідэраў «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук ды  былая палітзьняволеная Эніра Браніцкая.

Сустрэчу арганізавала Хэльсінкская камісія — камісія бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе Кангрэсу ЗША. Яна вядзе маніторынг выкананьня ўмоваў “Хэльсінскага пагадненьня” 1975 году, якія на сябе ўзялі краіны-сябры АБСЭ.

Цягам тыдня чальцы беларускай дэлегацыі сустракаліся з амэрыканскімі палітыкамі й кангрэсмэнамі. Таксама адбылася сустрэча з прэзыдэнтам Джорджам Бушам, - распавёў Польскаму радыё чалец дэлегацыі Анатоль Лябедзька.

А. Лябедзька: Кангрэсмэн мае права на 5-хвілінную сустрэчу з прэзыдэнтам, міністар замежных справаў на 15 хвілін. Для нас была заплянаваная сустрэча, якая павінна была доўжыцца 40 хвілін, а доўжылася гадзіну. Гэта заначыць, што мы таксама былі цікавыя для прэзыдэнта Буша. Акрамя сытуацыі ў Беларусі, мы закраналі пытаньні неабходнасьці каардынацыі дзеяньняў Вашынгтону й Брусэля адносна беларускага пытаньня. Мы лічым, што яно застаецца вельмі важным  і актуальным. Закранаўся й расейскі фактар. Мы непасрэдна зьвярталіся й да прэзыдэнта Буша, і да Кандалізы Райс, каб яны падчас афіцыйных перамоваў з расейкім урадам закраналі пытаньне па палітычных вязьнях у Беларусі. Безумоўна, мы абмяркоўвалі магчымасьць таго, каб вярнуцца да старога фармату, калі ў Беларусь прыяжджала сумесная дэлегацыя, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША й Эўразьвязу.

Трэба зазначыць, што кожны з чальцоў дэлегацыі мае асабістыя ўражаньні ад візыту ў Злучаных Штатах і сустрэч з палітыкамі.

Паводле словаў Анатоля Ляўковіча, асноўным пытаньнем, якое закраналася падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Бушам, было вызваленьне беларускіх палітрэпрэсаваных.

А. Ляўковіч: Я асабіста распавёў Бушу пра справу  й папрасіў яго, каб ён непасрэдна з кабінэту патэлефанаваў прэзыдэнту Пуціну й распавёў яму пра праблему з экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандрам Казуліным. Прэзыдэнт Буш адказаў, што ён памятае Казуліна, што ў яго былі зь ім сустрэчы, што ён таксама сустракаўся з дачкой Казуліна, і што справа Казуліна яшчэ ня раз будзе ўздымацца. Гэта была адна з самых істотных праблемаў. А ў прынцыпе мы абазначылі тры вэктары дапамогі па ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі. Гэта праблема інфармацыйнага забесьпячэньня й падтрымкі незалежных СМІ, гэта праблема палітвязьняў і праблема падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў  Беларусі.

Моладзевы лідэр Павал Севярынец зазначае, што дэмакратыя й магутнасьць ЗША абапіраюцца на хрысьціянскім фундамэнце.

П. Севярынец: Мяне як верніка ўразіла тое, наколькі моцна свабода й дэмакратыя ў ЗША абапіраюцца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. На любові да Радзімы, на пачуцьці свабоды й адказнасьці. У сустрэчах з абсалютнай большасьцю амэрыканскіх палітыкаў і ў вялікай ступені з прэзыдэнтам Бушам мне стала зразумела, чаму Амэрыка – такая моцная краіна, і чаго так не хапае Беларусі. А не хапае ёй моцы духа, не хапае веры, хрысьціянскіх прынцыпаў і маральнасьці ў палітыцы. У гэтым ёсьць пэрспэктыва разьвіцьця Беларусі як краіны.

Трэба зазначыць, што  на сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазыцыі прэзыдэнт Буш распавядаў гісторыі са свайго жыцьця й папрасіў доўга не казаць пра падзеі ў Беларусі, бо выдатна ўсё ведае.

Беларуская дэлегацыя таксама сустрэлася з кіраўнікамі Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту, Фонду Маршала й Фонду НЭД, а таксама з амбасадарам Нямеччыны ў ЗША. Павал Севярынец лічыць, што візыт ужо пачаў прыносіць плёны.

П. Севярынец: Плён ужо ёсьць, і я думаю, што зараз мы будзем моцна працаваць дзеля таго, каб не ў Брусэлі, не ў Вашынгтоне ці ў Маскве вырашаўся лёс Беларусі, а  вырашаўся ў самой Беларусі. Магчымасьці дзеля гэтага ёсьць, міжнародная падтрымка таксама ёсьць, цяпер справа за намі.

Візыт у ЗША дэлегацыі беларускай апазыцыі адбываўся ад 3 па 7 сьнежня.

Караліна Русіновіч