http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=76982

“Трайпл” атрымала ў канцэсію Хаціслаўскае радовішча крэйды

29.02.2008

Шматпрофільная кампанія “Трайпл”, якая належыць аднаму з самых багатых беларускіх бізнэсоўцаў Юры Чыжу, стаў ня толькі ўладальнікам і асноўным інвэстарам ААТ “Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў”, які быў выкуплены ў дзяржавы па цане каля 319 млн.руб.

Кампанія ў дадатак атрымала ў канцэсію яшчэ й Хаціслаўскае радовішча крэйды, якое знаходзіцца ў Маларыцкім раёне на самай мяжы з Украінай. Гэтае радовішча было адкрытае напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя й мае, паводле ацэнкаў спэцыялістаў, каля 500 млн. тонаў запасаў высокаякаснай крэйды, вапны, сілікатных пяскоў і зьяўляецца найбуйнейшым у Эўропе. Яго можна распрацоўваць на працягу 200 гадоў.

Работы па стварэньні пад Маларытай камбінату будаўнічых матэрыялаў распачаліся яшчэ ў савецкія часы, але распад СССР перапыніў рэалізацыю заплянаванага. На сёньняшні час тут ужо маюцца дзясяткі кілямэтраў падрыхтаваных дарог, масты й віядукі, часткова зробленая траса вакол Маларыты, утвораныя дадатковыя чыгуначныя разьвязкі. Хваля зацікаўленасьці да радовішча пад Маларытай зьвязаная ня толькі зь імем Юры Чыжа, якому, дарэчы, належыць футбольная каманда “Дынама- Менск” і які на сваёй малой радзіме ў Бярозе будуе новы лядавы палац. Справа ў тым, што вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў можа даць гарантавана стабільны й доўгатэрміновы фінансавы прыбытак у сфэры, дзе адчувальны дэфіцыт цэмэнту, цэглы, панэляў і ізаляцыйных блёкаў, а таксама падняць узровень сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця раёну.

Уладзімер Люкевіч