http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=815

Эўропа, прыймай Польшчу!

09.06.2003
Мінула ўжо дванаццаць гадоў ад моманту, калі мэр Ліёну падчас аднае зь перадачаў францускай тэлевізіі прапанаваў прыняць Польшчу ў Эўрапэйскую Эканамічную Супольнасьць. Польшча была тады вельмі важнай для Заходняй Эўропы краінай. Дзякуючы Польшчы адбылося падзеньне камуністычнай сыстэмы ў Цэнтральнай Эўропе, а таксама адбылося першае пашырэньне Эўрапэйскага Зьвязу на ўсход у выглядзе аб’яднаньня Нямеччыны. У тыя часы падтрымка палякаў для эўрапэйскай інтэграцыі складала 80%. Радуючыся вернутай свабодай, яны эмацыйна спадзяваліся, што цяпер прысьпеў час вяртаньня Польшчы туды, дзе яе гістарычнае месца – у эўрапэйскую сям’ю народаў.

Сёньня ўжо можна сказаць, што мара большасьці палякаў неўзабаве зьдзейсьніцца. Падчас рэфэрэндуму большасьць грамадзян выказалася за ўваход Польшчы ў склад супольнай Эўропы, і цяпер толькі засталося дачакацца ратыфікацыі дамовы пра ўступленьне ў парлямэнтах чатырнацаці эўрапэйскіх дзяржаваў. Данія гэтую дамову ўжо пасьпела ратыфікаваць.

Высьветлілася, што ня ўсе палякі па пытаньні інтэграцыі былі аднадумныя. Амаль чатыры мільёны грамадзянаў Польшчы галасавалі супраць Зьвязу, а многія не пайшлі галасаваць. Магчыма, частка палякаў – не зважаючы на інтэнсыўную інфармацыйную кампанію - атаясамлівае інтэграцыю са стратай незалежнасьці й сувэрэнітэту Польшчы.

Гэта нікога не павінна зьдзіўляць. Такая ўражлівасьць у паляках гадавалася з пакаленьня на пакаленьне. Палякі, як іншыя народы, абапіраюцца на традыцыі сваёй культуры, а польская гісторыя, як вядома, поўная прыкладаў пагрозы для незалежнасьці. Аднак, на шчасьце, большасьць палякаў, якія ўдзельнічалі ў рэфэрэндуме, галасавала за прысутнасьць у Эўрапэйскім Зьвязе.

Польшча для Эўрапэйскага Зьвязу зьяўляецца вельмі добрай прапановай. Палякі – народ спраўджаны ў кантактах зь іншымі народамі й рэлігіямі, з трывалай нацыянальнай тоеснасьцю. Ніколі ў сваёй гісторыі Польшча не нападала на сваіх суседзяў. Гэта ў Польшчу прыяжджалі пакрыўджаныя з усяе Эўропы людзі, якіх перасьледвалі з рэлігійных ці нацыянальных меркаваньняў. І хоць Польшча ідэальнай краінай не была, яе гісторыя з пэрспэктывы сучаснай Эўропы дае права ганарыцца ёй і не баяцца, што палякі разгубяцца ў аб’яднанай Эўропе.

Польшча далучыцца да Эўрапэйскага Зьвязу на ўмовах, прынятых у трактраце аб далучэньні. Трэба заўважыць, што хаця экэнамічныя ўмовы, на якіх мы далучымся да Зьвязу – не надзвычайныя, дык палітычныя ўмовы пашырэньня вельмі карысныя для Польшчы, бо палякі будуць мець у эўрапэйскім парлямэнце столькі ж месцаў, колькі вялікая Гішпанія. Такім чынам Польшча ўвойдзе ў Зьвяз ня надта багатая, аднак будзе раўнапраўным партнэрам для большасьці краінаў-чальцоў, зь ідэяй супрацоўніцтва, з адкрытасьцю на прапановы і з пачуцьцём уласнай вартаснасьці, бо гэта ня толькі Эўразьвяз будзе нешта даваць Польшчы, але й Польшча шмат чаго ўнясе.

Павал Бромскі