Пачаўся перавод зьняволеных у іншыя сьледчыя ізалятары з ізалятара №1 у Менску, вядомага як Пішчалаўскі замак. Прычынаю зьяўляецца аварыйны стан, бо абрынулася адна зь вежаў.
Намесьнік старшыні прэзыдыюму Менскага гарадзкога савету Таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў
Дзянісаў: Недапушчальная сытуацыя з пункту гледжаньня заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Цягам некалькіх гадоў вакол аб’екта вяліся шматлікія земляныя работы, пракладаліся камунікацыі. Відаць, склалася сытуацыя, што зьмяніўся ўзровень грунтовых водаў. Яны пачалі падмываць падмуркі. Сучасныя ўладальнікі шмат гадоў нічога не рабілі ня толькі па рэстаўрацыі, кансэрвацыі, але нават для належнага ўтрыманьня. Цяпер кажуць, што аб’ект у аварыйным стане. Але ёсьць арганізацыя, якая нясе за яго адказнасьць з 40-х гадоў, якая падпісвала ахоўныя абавязацельствы. Яна павінная была своечасова рамантаваць замак. Але нічога не рабілася. Адказнасьць нясе Міністэрства ўнутраных справаў.
Пабудаваны Пішчалаўскі замак у 1825 годзе. Будаўніцтвам кіравалі вядомыя менскія архітэктары Міхаіл Чахоўскі ды Казімір Хрышановіч.