http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=9009
Колькі ў Беларусі бедных?
25.03.2004
Міністэрства Статыстыкі й Аналізу Беларусі надоечы падало зьвесткі наконт узроўню жыцьця грамадзянаў краіны. З прадстаўленых зьвестак вынікае, што 27,1% насельніцтва жыве ніжэй сацыяльнага ўзроўню, які складае 105 тыс.бел.руб. у месяц. Гэта каля 50 дал.
Эльвіра Богдан гутарыць зь беларускім эканамістам Яраславам Раманчуком.
На пачатак простае пытаньне: 27% - гэта многа ці мала?
27 адсоткаў? Я думаю, што гэта залежыць ад таго, якую яшчэ мэтодыку прымяніць у дадзенай сытуацыі. Калі ўзяць, для прыкладу, той жа даклад „Аб чалавечым разьвіцьці на Беларусіі” ААН, над якім я таксама працаваў разам з 99% дзяржаўных эканамістаў, то ён падае лічбу амаль 37%. І гэтая лічба, мне здаецца, больш блізкая да праўды. Але калі, напрыклад, браць яшчэ такі крытэрый, як 2 $ у дзень выдаткаў – гэта крытэрый Усясьветнага Банку – то тады атрымаецца, што на Беларусі амаль 70% грамадзян жыве па-за лініяй беднасьці.
Такім чынам, можна маніпуляваць рознымі мэтодыкамі, але справа ў тым, што з апытаньня беларускіх сем’яў відаць, што гэтая мяжа знаходзіцца на ўзроўні 35-40%. Безумоўна, гэта вельмі многа. Нягледзячы на тое, што й ўрад стараецца пры дапамозе інфляцыі як быццам дапамагчы людзям, і праводзіць вельмі магутныя інтэрвэнцыі ў сельскую гаспадарку – нічога не дапамагае. Відавочна, што такая палітыка сацыяльнай дапамогі сацыяльна дэзарыентавана, а не сацыяльна арыентавана.
Скажыце, ці згаданых 50$ нашмат можа хапіць?
Гэта яшчэ адна такая ўлоўка. Бо як гэты спажывецкі кошык і мінімальны буджэт на выжываньне робіцца? Ён апрацоўваецца паводле мэтодыкі, якая мабыць была зацьверджана яшчэ ў савецкія часы. Гэтых 50$ пры сёньняшнім росьце цэн на жыльлёва-камунальныя паслугі хопіць не нашмат, бо ў спажывецкіх выдатках 20-ці % найбяднейшых людзей Беларусі гэтыя паслугі складаюць аж 30% са 100%. Вось мы й бачым, што калі чалавек атрымлівае 50$, то гэтага даходу не хапае нават на тое, каб заплаціць за сям’ю, купіць прадукты харчаваньня ці лекі. Не гаворачы пра тое, што можна было б нейкія там свае ашцаднасьці рабіць. І гэта датычыць амаль 35-40% самых бедных, але ёсьць у Беларусі г.зв. сярэдні клас. І гэтыя людзі пры датацыі на некаторыя цэны, пры дапамозе розных маніпуляцый, яны безумоўна зьяўляюцца беніфіцарам гэтае сыстэмы.
Таксама такі вельмі цікавы факт, што 20% самых заможных сямей у Беларусі атрымлівае значна больш сацыяльнае дапамогі, чым 20% самых бедных. І таксама гэта застаўляе задумацца над тым, наколькі эфэктыўна працуе сыстэма сацыяльнай дапамогі ў Беларусі.
І вось яшчэ адна лічба – прабачце за такую іх колькасьць, але мне падаецца яна вельмі цікавай – 62% беларускіх сямей атрымлівае рознага роду сацыяльныя выплаты й льготы.
Патлумачце, калі ласка, як гэта магчыма, што найбольш заможныя атрымліваюць большую дапамогу, чым найбяднейшыя, бо, здаецца, менавіта да апошніх павінна быць накіраваная сацыяльная дапамога?
Міністэртва Статыстыкі рэгулярна робіць апытаньні хатніх гаспадарак. І вось там пытаюць у розных людзей з розным узроўнем даходаў, колькі вы атрымліваеце сацыяльнай дапамогі? І тыя людзі, якія маюць найбольшыя даходы, дэкляруюць, напр., сацыяльную дапамогу ў памеры 9500 рублёў у месяц, а 20% найбяднейшых дэкляруюць, напрыклад, 6 тыс.
Вось так і адбываецца, што ў нас такія крытэрыі прызнаваньня льгот, што нават самыя багатыя людзі могуць іх атрымліваць у нашай дзяржаве, якая нібыта будуе адрасную сацыяльную бясьпеку. Але, відавочна, што гэтай адраснай сацыяльнай бясьпекі няма, а пры дапамозе такіх розных мэтадалягічных маніпуляцый Міністэрства Статыстыкі можа нарысаваць альбо павялічэньне колькасьці бедных, альбо яе памяншэньне ў залежнасьці ад таго, як вымагае палітычная сытуацыя.
Гэтым разам дадзеная лічба паменшылася з 30,5% да 27,1%. У мяне да вас яшчэ адно пытаньне. У Магілеўскай вобласьці 38% людзей жыве ніжэй за ўзровень сацыяльнага мінімуму – гэта найвышэйшы паказчык. А ў Віцебскай вобласці – гэта адна чацьвертая насельніцтва. І гэта найменш у рэспубліцы. Ці, паводле вас, ёсьць нейкае сэнсоўнае вытлумачэньне гэтай сытуацыі? Радыкальныя розьніцы ў заможнасьці зразумелыя, калі параўноўваць поўнач і поўдзень альбо захад і ўсход краіны. А ў такой сытуацыі?
Гэта таксама зьвязана з тым, як хто лічыць і як хто гаворыць. Напрыклад, паводле іншых апытаньняў, на якія я спасылаюся, бо яны на мой погляд больш канкрэтныя й больш дакладныя, таму што людзі самыя адказваюць у іх на пытаньні, вось там грашовы даход у Гарадзенскай вобласьці найменшы. Але найбольшы даход у Гарадзенскай вобласьці ад продажы сельскагаспадарчай прадукцыі.
Я ня ведаю, як там на самой справе, але вось па гэтых апытаньнях Гомельская й Магілёўская вобласьці маюць амаль самыя высокія зарплаты, грашовыя заработныя платы. Грашовы даход у суме складаецца, напрыклад, з даходаў ад прадпрыймальніцкай дзейнасьці. А па гэтым фактары, безумоўна, заходнія вобласьці – Гарадзенская ды Берасьцейская – знаходзяцца на чале ўсіх беларускіх рэгіёнаў. Проста бізнэсу ў Гомельскай і Магілёўскай вобласьцях ня так многа, як у заходніх. Па-другое, межы зь Летувой і Польшчай мабыць уплываюць на тое, што людзі на захадзе Беларусі бачачы, як можна жыць, як можна будаваць сваё жыцьцё, яны таксама насуперак усёй палітыцы ўраду, займаюцца гандлем, займаюцца пакрысе бізнэсам. Вось яны й будуюць пакрысе той капітал, той свой маленькі бізнэс, які пры пачатку рэформ дасьць больш значныя плёны.
Міністэртва Статыстыкі й Аналізу прадставіла яшчэ адну цікавую лічбу – у Менску ніжэй за мяжу сацыяльнага ўзроўню жыве толькі 10,4% жыхароў сталіцы.
Для вас будзе цікавай яшчэ адна лічба. Калі браць памер заработнай платы ў 2003 г., то на 35% павялічылася яна ў Менску, а вось па абласьцях гэтае павялічэньне было мінімальным – 3-5%, а напр. у Гродзенскай вобласьці гэтага павялічэньня нават ўвогуле не было. Гэта сьведчыць аб тым, што ўлады за кошт рэгіёнаў ствараюць адну магутную пацёмкінскую вёску ў выглядзе сталіцы – Менска. І калі гаворыш у абласных гарадох, што сярэдняя заработная плата ў Менску напрыканцы 2004 г. складзе 175$, то людзі пачынаюць нярвова сьмяяцца, бо нават сотні даляраў у іх на сёньняшні дзень няма.
Вяртаючыся да ўжо сказанага, кожны чарвёрты беларус мусіць пражыць месяц за менш, чым 105 тыс. рублёў. Многа гэта ці мала? З гэтым пытаньнем зьвяртаемся да Альдоны Родзевіч з Гарадзеншчыны.
Мала. Вось, для прыкладу, ацяпленьне ў маёй кватэры каштавала 80 тысяч за мінулы месяц. За двухпакаёвую кватэру. Апрача таго трэба заплаціць яшчэ за электрычнасьць, газ, ваду. І выходзіць, што калі я атрымліваю 150 тыс. пэнсіі, то 120-130 тыс. рублёў прызначаю на камунальныя паслугі.
На гэтае ж пытаньне адказвае для нашага эфіру Тацьцяна Раманчук, жыхарка г. Гомель.
Пяцьдзесят даляраў? Ну, калі не купляць ні вопраткі, ні лекаў, нічога, а толькі скуднае харчаваньне, то з голаду не памрэш.
Як бачым, паводле статыстычных зьвестак, колькасьць сацыяльна незабясьпечаных людзей у Беларусі зьмяншаецца, але кожны чацьвёрты грамадзянін краіны надалей ня мае сродкаў на такія звычайныя спажывецкія патрэбы, як вопратка ці лекі, не гаворачы ўжо пра культурнае правядзеньне часу.
Эльвіра Богдан