http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=90313

Леў Сапега будзе мець сваю вуліцу ў Пружанах

30.08.2008

У Пружанах, на Берасьцейшчыне, паявіцца вуліца імя Льва Сапегі. Гэта стане магчымым дзякуючы настойлівасьці жыхароў гораду.

Як апавядае старшыня Пружанскай раённай арганізацыі „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Тарэса Жэгалава, у горадзе ўдалося сабраць 140 подпісаў жыхароў, якія падтрымалі ідэю ўнясеньня ў гарадзкую тапаніміку прозьвішча выбітнага беларускага дзеяча XVI ст. Льва Сапегі.

Т. Жэгалава: Райвыканкам нам абяцаў, што першая новая вуліца, якую збудуюць у нас, у Пружанах, атрымае імя Льва Сапегі. У мінулым годзе адзначалася 450 гадоў з дня нараджэньня Л. Сапегі. І мы ўжо летась зьвярталіся ў райвыканкам, але бяз подпісаў, проста быў зварот, каб адзначыць гэтую дату. Тым больш, што ў нас ёсьць Сапегаўскі палац у Ружанах (гэта Пружанскі раён). Тады на нашу просьбу не адрэагавалі, таму ў гэтым годзе мы вырашылі дзейнічаць інакш. Райвыканкам гэтым разам прыхільна паставіўся да нашай просьбы. Яны стварылі камісію, запрасілі нас на паседжаньне. У нас ёсьць ужо вуліцы, якія носяць назвы гістарычных асобаў, слынных і важных для Беларусі. І да гэтай нашай просьбы аднесьліся станоўча.

Леў Сапега, нагадаем, увайшоў у гісторыю як выбітны палітычны дзеяч. Ён быў перакананы, што права павінна абараняць падданых ад злоўжываньняў з боку манарха й тым самым засьцерагаць ад тыраніі, а закон павінен забясьпечыць дзяржаве парадак, спакой і сацыяльны мір. Таму неабходна мець адзіны закон і для кіроўных вярхоў, і для падданых. Юрыдычныя погляды Льва Сапегі ў многім супадаюць з пастулятамі, якія значна пазьней зьявіліся ў краінах Заходняй Эўропы. Права ён разглядаў не як прадукт боскага адкрыцьця, а дзейнасьці чалавечага розуму. Гэта важная асоба для гісторыі дзяржаўнасьці Беларусі, памяць якой варта ўшаноўваць, лічыць гісторык Алесь Смалянчук. 

А. Смалянчук: Гэта адзін з самых выбітных беларускіх ці беларуска-літоўскіх палітыкаў XVI ст., якому фактычна Беларусь і Летува абавязаныя тым, што пасьля распаду Рэчы Паспалітай удалося захаваць дзяржаўную самастойнасьць. Менавіта Сапега быў ініцыятарам і аўтарам палітычнага праекту вяртаньня Вялікаму Княству Літоўскаму ранейшых правоў, якія мела гэтая дзяржава ў саюзе з Польскім Каралеўствам. Гэта адбывалася пасьля Люблінскай вуніі, якая перакрэсьліла самастойнасьць ВКЛ. Дадзеная постаць заслугоўвае велізарнай павагі і ўвагі да сябе.

Як вы ставіцеся да ўнясеньня гістарычных прозьвішчаў у тапаніміку?

А. Смалянчук: Безумоўна, станоўча стаўлюся, таму што гэта вяртаньне да сваёй гістарычнай памяці. Гістарычная памяць Беларусі амаль увесь час фармавалася нейкімі акупантамі: расейскімі, савецкімі, нямецкімі і г.д. Трэба сваю ўласную гістарычную памяць выхоўваць. Для беларускай гістарычнай памяці Леў Сапега – гэта адна з ключавых постацяў.  

„Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, ня толькі ў Пружанах, імкнецца „ачышчаць” гарадзкую прастору ад недарэчных зь сёньняшняга пункту гледжаньня тапанімічных назоваў і вяртаць старыя назвы. Для прыкладу, у Пружанах калісьці была вуліца Патапаўка, а сёньня яна носіць імя Сяргея Кірава. Здавалася б, што беларускія вуліцы лепш называць прозьвішчамі беларускіх нацыянальных дзеячоў, прозьвішчамі, характэрнымі для дадзеных населеных пунктаў. Менавіта такі працэс назіраўся на пачатку 90-ых гадоў, але сёньня зьменаў дабіцца ўжо нялёгка, кажа Тарэса Жэгалава.

Т. Жэгалава: Сказалі, што вуліца будзе перайменаваная тады, калі пажадаюць гэтага ўсе жыхары, калі зьбярэцца сход і так вырашыць. Мы думаем даць інфармацыю жыхарам вуліцы, як яе старая назва гучала. У любым выпадку перайменаваць гэтую вуліцу трэба. У 90-ых гадоx яшчэ, калі пачалася адраджэнская хваля, у нас у горадзе была перайменаваная цэнтральная вуліца Камуністычная, яна атрымала імя вядомага дзеяча культуры Рыгора Шырмы, а вуліца Дзяржынскага стала насіць імя Багдановіча.

Як зазначае спадар Алесь Смалянчук, у розных рэгіёнах улады па-рознаму ставяцца да падобных ініцыятываў жыхароў. Гарадзенскія ўлады ў гэтым пляне адзначаюцца кансэрватызмам.

А. Смалянчук: Імкненьне ёсьць, але вельмі цяжка пераадольваць чыноўнічы бар’ер. У Гародні чынавенства вельмі кансэрватыўнае, прасавецкае й пралукашэнкаўскае. Здаецца, іншым разам нават больш пралукашэнкаўскае, чым сам Лукашэнка.

Між іншым, таму на вуліцах беларускіх населеных пунктаў мы далей бачым прозьвішчы, веліч якіx абвергла гісторыя. 


Эльвіра Богдан