60 гадоў таму беларускія эмігранты, што прыехалі ў Канаду паcьля Другой сусьветнай вайны, вырашылі закласьці Згуртаваньне беларусаў Канады. Ягоныя заснавальнікі былі шчыра перакананыя, што беларусы ў Канадзе павінны мець сваю ўласную арганізацыю, празь якую яны маглі б дапамагаць адзін аднаму, захоўваць свае нацыянальныя й рэлігійныя традыцыі ды перадаваць іх дзецям і ўнукам.
Заўтра беларусы Канады зьбяруцца ў Гарадзкой управе Таронта, каб адсьвяткаваць юбілей ЗБК.
Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Канадзе распачалося менавіта са стварэньня Згуртаваньня беларусаў Канады. Беларускую суполку арганізоўвалі ў Таронта маладыя эмігранты, якія пакінулі Беларусь пасьля вайны. Ля вытокаў стаялі 14 маладых беларусаў на чале з Кастусём Акулам, які й стаў першым старшынём Згуртаваньня.
Распавядае Марыя Ганько.
М. Ганько: Першае паседжаньне Згуртаваньня адбылося 28 лістапада 1948 году. На першым паседжаньні было 14 асобаў. Яны абралі першую Раду, а пазьней кожны год адбываўся зьезд ЗБК. У 1953 годзе ў арганізацыі было больш за 100 чалавек. Гэта быў пачатак, а пасьля было ўсяляк: былі й непрыенасьці, некаторыя прыходзілі й сыходзілі. Калі старэйшыя пачалі адыходзіць “у лепшы сьвет”, пачаўся заняпад, бо не было маладых. У 90-ых гадох, калі быў наплыў маладога пакаленьня зь Беларусі, то гэта ажыло.
Улетку 1954 году ЗБК купіла сабе дом у Таронта, дзе разьмясьцілася царква сьвятога Кірылы Тураўскага. Пазьней, у 1959 годзе, ЗБК прадало будынак, а на атрыманыя грошы супольна зь беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царковай набылі будынак, дзе быў створаны Беларускі рэлігійна - грамадзкі цэнтар.
У 1966 г. Згуртаваньне набыло фэрму ў 200 км. на поўдзень ад Таронта. Там меркавалася разьмясьціць дом адпачынку для ўсіх беларусаў, каб зьбірацца ня толькі ў горадзе. З часам сядзіба была разбудаваная й сёньня там дзейнічае база адпачынку «Слуцак», дзе адпачываюць ня толькі беларусы, але й прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, што жывуць у Канадзе.
Задачай арганізацыі было й ёсьць перадусім захаваньне й разьвіцьцё такіх нацыянальных каштоўнасьцяў, як беларуская мова, нацыянальныя песьні, танцы, гістарычнае памяці беларускага народу, вывучэньне гісторыі Беларусі.
А чым ЗБК жыве сёньня? Адказвае старшыня Згуртаваньня Зьміцер Ільляшэвіч.
З. Ільляшэвіч: Той культурны пласт, які быў прынесены сюды паваенным пакаленьнем, амаль адышоў. Адной зь вялікіх задачаў мы бачым трыманьне культурнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Канадзе менавіта сярод новай хвалі эміграцыі. Мы стараемся прыцягнуць іх у свой асяродак, каб прыходзілі ў царкву, каб далучаліся да імпрэзаў, якія мы ладзім. Мы разумеем, што ў людзей шмат праблем, што няма часу, але стараемся неяк дапамагаць. Стараемся трымаць і падымаць угару той профіль беларускай грамады й Беларусі, які мусіць быць у Канадзе. Канада – гэта шматкультуная краіна, мноства нацыянальнасьцяў, таму беларусам нельга тут згубіцца, распусьціцца ў іншых славянскіх суполках. Трэба гэты сьцяг уздымаць, каб ён быў заўважны пасярод гэтай культурнай палітры.
10 гадоў таму ў Канаду прыехала Валянціна Шаўчэнка, якая зь першых дзён далучылася да дзейнасьці Згуртаваньня. Сёньня спадарыня Валянціна зьяўляецца скарбнікам ЗБК. Паводле яе словаў, менавіта дзякуючы дапамозе беларускай арганізацыі ў Таронта яна досыць хутка знайшла сваё месца ў Канадзе. Заўтра спадарыня Валянціна разам зь іншымі сябрамі ЗБК будзе сьвяткаваць 60-годзьдзе арганізацыі ў Гарадзкой управе Таротна.
В. Шаўчэнка: Мы зьбіраемся там у нядзелю пасьля службы. Праграма даволі цікавая: выступяць людзі, якія маюць што сказаць. Будзе зачытаны віншавальны ліст ад прэм’ер-міністра Канады Стывэна Харпэра. Адмыслова да гэтага сьвята быў выдадазены сьвяточны нумар газэты “Беларускае слова”. На сьвяткаваньне прыедзе Івонка Сурвілла з Атавы, а таксама Пётра Мурзёнак са сваім бацькам. Напрыканцы адбудзецца сьвяточны канцэрт.
Па розных падліках у Канадзе жыве некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў.
Дзьмітры Гурневіч