• Ізноў на выбары
  • Audio0 KB
  • 08.01.2007
Заўтра - 9студзеня - пачынаецца датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў у мясцовыя ворганы кіраваньня 25 скліканьня.

На гэты раз трэба сфармаваць 1581 мясцовы савет. Сакратар Цэнтральнае выбарчае камісіі Мікалай Лазавік паведаміў, што выбарчыя ўчасткі будуць адчыненыя для жадаючых штодзённа.

Днямі лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч даў ацэнку ходу палітычнай кампаніі «Mясцовыя выбары» . Нa думку Мілінкевіча, «любыя заявы сёньня кіраўнікоў палітычных партый аб зьняцьці дэмакратычных кандыдатаў сьведчаць пра няўпэўненасьць у сілах гэтых кіраўнікоў, якія так і ня здолелі арганізаваць шырока разрэклямаванай агульнанацыянальнай палітычнай кампаніі «Мясцовыя выбары».

У сваю чаргу лідэр Аб`яднанае грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька зазначае, што, нягледзячы на розныя цяжкасьці й першакоды, перадвыбарчы настрой даволі задавальняючы.

А. Лябедзька: У нашых актывістаў настрой працоўны. Хоць на людзей, якія навучаюцца ў ВНУ, ідзе моцны прэсінг. Ім настойліва прапануюць зьняць свае кандыдатуры й не балятавацца. Калі ўлада такім чынам адносіцца да моладзі, то гэта сьведчыць пра пэрспэктыву апанэнтаў улады й пра тое, што ўлада баіцца гэтых маладых людзей.
Што тычыцца датэрміновага галасаваньня, усе добра ведаюць, што гэта гульня ў адны вароты. Таму што абсалютна няма ніякага кантролю над вурнамі, якія застаюцца ў тых руках, якія рабілі фальсыфікацыю прэзыдэнцкай кампаніі, аб чым, дарэчы, паведаміў Аляксандар Лукашэнка. Таму чым больш людзей загоняць на датэрміновае галасаваньне, тым большы рэсурс для фальсыфікацыі й маніпуляцыі. Але ня гэта найважнейшае пытаньне. У нас была праблема надрукаваць улёткі ў Менску, каб данесьці іх да людзей. Але ўсё ж такі ўдалося.

Менавіта па гэтых прычынах сваю кандыдатуру зьняў праваабаронца Алег Воўчык, кандыдат у дэпутаты па Вясьнянскай выбарчай акрузе Менску .

А. Воўчык :Па -першае, у ніводнай тыпаграфіі не было магчымасьці надрукаваць сваю прадукцыю. Як толькі прачыталі, што ў зьмесьце ёсьць словы пра фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў, пра палітычных вязьняў ці загінулых, то ў людзей адразу псаваўся настрой. Паводле дзейных законаў, у тыпаграфіях няма цэнзуры, трэба толькі выставіць фактуру й заплаціць за паслугі. А працаўнікі друкарняў гавораць: "Зразумейце, нас папярэдзілі, каб прадукцыі з палітычным зьместам не друкаваць." А маючы на ўвазе, што кантакты з выбаршчыкамі й так даволі абмежаваныя, мы спадзяваліса на ўлёткі. А выдрукаваць улёткі няма магчымасьці. Ведаеце, гэта зроблена наўмысна, каб дэмакратычных кандыдатаў пазбавіць магчымасьці данесьці свае погляды й дзеяньні да выбаршчыкаў. А па-другое, у маёй выбарчай акрузе нават праўрадавы кандыдат не карыстаецца ўлёткамі. Гэта сьведчыць пра тое, што можна спадзявацца грубай фальсыфікацыі.

Гэтым самым спадар Воўчык падтрымаў заклік Аляксандра Казуліна ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах.

У сваю чаргу Анатоль Лябедзька, які балятуецца кандыдатам у дэпутаты Менскага гарадзкога савету па Машэраўскай выбарчай акрузе, задаволены сваёй перадвыбарчай кампаніяй.

А. Лябедзька: Мы зрабілі кампанію можа ня так, як нам хацелася, але правялі. Распаўсюдзілі каля 3 тысяч носьбітаў інфармацыі. Я выяжджаў у Жлобін, у Вілейку, у Барысаў, як давераная асоба ад АГП, сустракаўся там з выбаршчыкамі ў рэгіёнах. Заўсёды можна знайсьці мажлівасьць працы, толькі б было жаданьне. Тут мы прытрымліваемся прынцыпу "лепш мала, чым нічога".

Прыгадаем, што выбары кандыдатаў у ворганы мясцовага самакіраваньня 25 скліканьня адбудуцца 14 студзеня.

Караліна Русіновіч