• Шпіёнская справа
  • Audio0 KB
  • 11.01.2007
Амбасада Рэспублікі Беларусь у Вільні падала ў Раду Эўропы скаргу на Летуву. Скарга датычыць парушэньня Эўрапейскай канвэнцыі аб экстрадыцыі. Пра гэта беларускае дыппрадстаўніцтва паведаміла ў апэляцыйны суд Летувы, які ўчора пачаў разгляд скаргі грамадзяніна Беларусі Сяргея Моніча, экстрадыцыі якога патрабуе Польшча.

У скарзе Моніча гаворыцца, што польскі бок абвінавачвае яго ў палітычным злачынстве, і таму Летува ня можа яго выдаць Польшчы. Тым больш, што Летува не абвінавачвае яго ў падобных злачынствах супраць сваёй дзяржавы.

Ці сапраўды Летува парушае Эўрапейскую канвэнцыю аб экстрадыцыі?

Пракурор аддзелу па міжнародных сувязях і прававой дапамозе Генэральнай пракуратуры Летувы Разіта Пажарскене заявіла, што, паводле Эўрапейскай канвэнцыі, іншай дзяржаве могуць быць перададзеныя асобы, якім за магчымае злачынства можа пагражаць турэмнае зьняволеньне тэрмінам болей за адзін год. А Сяргей Моніч абвіначваецца ў зборы дадзеных супраць Польшчы. За такое злачынства ў Польшчы пагражае як мінімум адзін год за кратамі.

Паліттэхноляг Ірына Бугрова гэтыя падзеі лічыць сапраўднай палітычнай гульнёй.

І. Бугрова : Ёсьць міжнародныя нормы, ёсьць дакумэнты, узаемаадносіны, а таксама законы, згодна зь якімі працуе ўся Эўропа. І калі ёсьць пагадненьне аб экстрадыцыі, то фармальна яе можна выканаць. Іншая справа, якім чынам усё гэта будзе адбывацца. Калі ёсьць абвінавачваньне ў шпіянажы - гэта вельмі тонкі аргумэнт, у тым ліку й палітычны ў адносінах паміж рознымі краінамі. У адным выпадку яны дамаўляюцца паміж сабою бяз розгаласу, у іншым такая справа становіцца міжнародным скандалам. Гэтай справе таксама паспрыялі палітычныя акалічнасьці.

Паводле словаў Ірыны Бугровай, даволі цікава выглядае сама справа падачы скаргі ў Раду Эўропы.

І. Бугрова : Даволі сьмешнаю здаецца навіна, што беларускае дыппрадстаўніцтва падало скаргу ў Раду Эўропы. Тым больш, што Беларусь не зьяўляецца сябрам гэтай структуры. Дарэчы, некаторыя крокі прадстаўнікоў беларускай улады настолькі сьмешныя, што нават выклікаюць сарказм. Бо нельга зьвяртацца да таго, што раней ігнаравалася. Уся гэтая справа - гэта чыста дыпляматычная гульня як з аднаго, так і з другога боку.

На жаль, у беларускім дыппрадстаўніцтве ў Летуве не ўдалося атрымаць ніякай інфармацыі па дадзеным пытаньні.

Ужо вядома, што прысуд Віленскага акруговага суду аб экстрадыцыі Сяргея Моніча застанецца ў сіле.

Грамадзянін Беларусі быў затрыманы ў Вільні 22 лістапада мінулага году. Ён абвіначваецца ў шпіянажы супраць Польшчы, а летувіская Генэральная пракуратура пачала таксама расьсьледаваньне аб магчымай яго дзейнасьці супраць Летувы.

Караліна Русіновіч