Р. Сікорскі дамовіўся з А. Лукашэнкам
Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў журналістам, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка згадзіўся на стварэньне беларуска-польскай камісіі экспэртаў, якая б дапамагла ў вырашэньні канфлікту вакол СПБ. Перад гэтым Радаслаў Сікорскі правёў сустрэчу зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.
Палітыкі сустрэліся ў Кіеве пры нагодзе інаўгурацыі прэзыдэнта Віктара Януковіча.
“Прэзыдэнт Беларусі сказаў, што будзе шукаць вырашэньня, і што будзе створана група экспэртаў, якая дапаможа знайсьці выхад з сытуацыі”, паведаміў Радаслаў Сікорскі. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы адначасова зьвярнуўся да польскіх сродкаў масавай інфармацыі й палітыкаў з просьбай не накаляць атмасфэры па пытаньню Беларусі, для таго, каб беларуска-польскія экспэрты змаглі выпрацаваць выхад, карысны для польскай нацменшасьці ў Беларусі.
Паводле інфармацыйных агенцтваў, ініцыятарам сустрэчы выступіў Радаслаў Сікорскі.