https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=126573

Ва Ўроцлаве пачалася сёмая „Ўсходняя зімовая школа”

01.03.2010

З 2004 году ва Ўроцлаве Калегіюм Усходняй Эўропы ў супрацы з Цэнтрам дасьледаваньняў Усходняй Эўропы праводзіць Зімовую школу для студэнтаў з Польшчы й краінаў Усходняй Эўропы. Тэматыка школы: гісторыя, палітыка, культура краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Ініцыятарам правядзеньня Ўсходняй зімовай школы зьяўляецца Цэнтар дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту. Гэтая ініцыятыва вырасла з вопыту правядзеньня Ўсходняй летняй школы, якую Цэнтар арганізуе з 1992 году. Тэматыка Зімовай школы падобная да Летняй – гэта пытаньні гісторыі, палітычных і эканамічных зьменаў, культурнага й грамадзкага жыцьця краінаў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. Галоўнае новум і адрозьненьне Зімовай школы палягае на адборы ўдзельнікаў. Гэтая школа скіравана да студэнтаў ВНУ апошняга году навучаньня. Больш падрабязна пра ідэю Ўсходняй зімовай школы распавядае ініцыятар і адзін з галоўных арганізатараў Ян Маліцкі, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы.

Ян Маліцкі: Пасьля вопыту арганізацыі Летняй школы я зрабіў выснову, што трэба стварыць навуковую прапанову для студэнтаў з краінаў Усходняй Эўропы апошняга году навучаньня. Так зьявілася канцэпцыя Зімовай школы. Для некаторых студэнтаў гэтая школа стала першым кантактам з польскімі й сусьветнымі навуковымі асяродзьдзямі. У адрозьненьне ад Летняй школы, куды прымаюць кандыдатаў толькі з краінаў Усходняй Эўропы, Зімовая школа адкрытая для польскіх студэнтаў. Гэта спроба наладжваньня кантактаў, стварэньня асяродзьдзя. Падчас заняткаў у гэтай школе абмяркоўваюцца тэмы, зьвязаныя з нашым рэгіёнам, альбо больш шырокія, кшталту Ўсходняй палітыкі ЭЗ. Але заўсёды прысутнічае тэма "Ўсходу" Эўропы.

Зімовая школа адбываецца ва Ўроцлаве. У гэтым годзе яна праходзіць з 1-га па 10-га сакавіка. Гэта зьвязана з тым, што суарганізатарам гэтага мерапрыемства зьяўляецца Фонд „Калегіюм Усходняй Эўропы”, які займаецца навязваньнем і паглыбленьнем супрацоўніцтва паміж народамі Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. Па словах старшыні Рады Фонду Яна Анджэя Дамброўскага, Зімовая школа карыстаецца ўсё большай папулярнасьцю сярод студэнтаў з Польшчы й краінаў Усходняй Эўропы.

Ян Анджэй Дамброўскі: У 2004 годзе ўпершыню адбылася Ўсходняя зімовая школа. Яна карыстаецца даволі высокай папулярнасьцю. Па-рознаму бывала ў розныя гады, але ў сярэднім ёсьць конкурс недзе 3, 4, а ў гэтым годзе нават 5 асобаў на месца. Мы вельмі шкадуем, што ня можам прыняць усіх, бо ў гэтай школе можна ўзяць удзел толькі адзін раз, будучы студэнтам апошняга году навучаньня. Такія ўмовы.

Усходняя зімовая школа мае перад усім характар навуковы й адукацыйны. Праграма школы прадугледжвае лекцыі вядомых спэцыялістаў па тэматыцы Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы, спэцыялістычныя сэмінары й дадатковую навуковую й культурную праграму. Больш падрабязна тлумачыць Ян Анджэй Дамброўскі.

Ян Анджэй Дамброўскі: Наша школа ёсьць навуковым і навучальным мерапрыемствам. Яна грунтуецца на лекцыях, якія маюць адкрыты характар. Таксама праводзяцца сэмінары, падчас якіх працуюць удзельнікі школы. Навучальная праграма ўзбагачана наведваньнем польскіх навуковых установаў, напрыклад, Цэнтру імя Асалінскіх ва Ўроцлаве, музэяў, сустрэчы зь цікавымі асобамі. Таксама ёсьць інтэграцыйны элемэнт. Для нас вельмі важна, каб удзельнікі школы навязалі тут кантакты, распачалі супрацу між сабой на наступныя гады.

Для польскага боку, інстытуцыяў, заангажаваных у арганізацыю гэтай школы, важным элемэнтам зьяўляецца кшталтаваньне прыхільнага стаўленьня да Польшчы сярод моладзі, будучай эліты краінаў Усходняй Эўропы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч