https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=128368

Найноўшая гісторыя Беларусі вачыма палякаў

27.03.2010

У суботу 27-га сакавіка ў Варшаве адбылася ўрачыстасьць прызнаньня прэстыжнай ўзнагароды часопіса “Ўсходні агляд” ("Przegląd Wschodni") за найлепшыя навуковыя публікацыі, прысьвечаныя тэматыцы Ўсходняй Эўропы, у тым ліку й Беларусі. Ляўрэаты гэтай узнагароды спрыяюць пашырэньню ведаў пра краіны й народы Ўсходняй Эўропы ў Польшчы. 

“Усходні агляд” - гэта вядомы польскі навуковы часопіс, які выходзіць з 1991 году. Ён прысьвечаны гісторыі Ўсходняй Эўропы, гісторыі й сучаснасьці палякаў, якія жывуць на Ўсходзе, а таксама адносінам паміж Польшчай і краінамі Ўсходняй Эўропы. З 1994 году рэдакцыя часопіса прызнае ўзнагароду за найлепшыя навуковыя кніжкі й публікацыі, прысьвечаныя тэматыцы Ўсходняй Эўропы. У гэтым годзе адбылася 17-я цырымонія прызнаньня ўзнагародаў. Было адзначана дзевяць дасьледчыкаў: Эльжбета Ормян за кніжку, прысьвечаную гісторыі шляхты на Ўкраіне, Анджэй Фур’ер за кніжку па гісторыі палякаў на Ўсходзе, Анджэй Рахуба за навуковую дзейнасьць, прысьвечаную вывучэньню гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ды іншыя.  Гаворыць галоўны рэдактара часопісу “Ўсходні агляд”, кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Маліцкі.

Ян Маліцкі: Катэгорыя "Гісторыя палякаў на Ўсходзе" не заўсёды адзначалася за 17-гадовую гісторыю ўзнагароды. Але мне здаецца, што гэта вельмі патрэбная катэгорыя й яна павінна захавацца. Наступная важная катэгорыя: папулярызацыя ведаў пра Ўсход. Узнагароды ў гэтай катэгорыі не заўсёды даваліся. Гэта зьвязана з тым, што не заўсёды былі працы, якімі журы было б задаволена. У гэтым годзе такая праца знайшлася, і ўзнагарода прызананая. Яе атрымаў Войцех Заянчкоўскі.

Узнагарода прызначана за кніжку “Расея й нацыі. Восьмы кантынэнт. Нарыс гісторыі Эўразіі”, у якой аўтар дасьледуе лёс народаў, якія былі захоплены Расеяй і супраць якіх праводзілася палітыка русіфікацыі.

Падчас сёлетняй цырымоніі была ўручана таксама ўзнагарода амэрыканскай журналістцы Ан Апэльбаўм за кніжку “Гісторыя Гулагу”. Гэтая кніга была выдадзена для заходняга чытача, але атрымала шырокі водгук ва Ўсходняй Эўропе, падкрэсьліў гісторык Адольф Юзвэнка, кіраўнік дасьледчага цэнтру імя Асаліньскіх ва Ўроцлаве.

Адольф Юзфэнка: Мы вельмі радыя, што гэтая кніжка была напісаная па-ангельску й зь ёю пазнаёміліся заходнія чытачы. Гэта важна. Але факт, што гэтую кнігу пераклалі на ўсходнеэўрапейскія мовы, вельмі пазытыўны. Мы чакалі гэтую кніжку. Асабліва на тое, што Захад больш даведаецца пра тое жудаснае, што здарылася на Ўсходзе. Аўтарка вельмі добра тлумачыць, чаму заходнія эліты доўга не хацелі слухаць пра Гулаг. Яны чыталі тых самых «эвангелістаў», як і на Ўсходзе: Маркса й Энгельса. Ім было цяжка зразумець, што тое, што здавалася галоўнай мэтай чалавецтва - вялікая рэвалюцыя - прывяла да такога велізарнага злачынства.     

Амэрыканская дасьледчыца зазначыла, што для яе вельмі важнае значэньне мае гэтая ўзнагарода, таму што яна прызнаная людзьмі, якія непасрэдна сутыкнуліся з савецкай рэпрэсійнай сыстэмай.

Ан Апэльбаўм: Ня ведаю, ці я заслугоўваю на гэтую ўзнагароду. Але для мяне ўзнагарода мае спэцыяльнае значэньне. Гэта ўзнагарода з боку палякаў, людзей, якія вельмі добра ведаюць праблему Гулагу, перажылі яго, памятаюць гэта ў гісторыі сваіх сем'яў. Таксама для мяне важная ацэнка навукоўцаў. Я журналістка, і я пісала для шырокай публікі, каб людзі больш даведаліся на гэтую тэму. Калі ёсьць пазытыўная ацэнка з боку навукоўцаў, людзей, якія ведаюць тэму, для мяне гэта вельмі важна. Дзякуй яшчэ раз.    

У Польшчы ўзнагарода “Ўсходняга агляду” лічыцца вельмі прэстыжнай у галіне дасьледаваньняў гісторыі Ўсходняй Эўропы. У рамках гэтых дасьледаваньня ў Польшчы вывучаецца таксама й гісторыя Беларусі, як даўнейшая, так і сучасная. Распавядае гісторык, супрацоўнік Польскай акадэміі навук Лешэк Заштаўт.

Лешэк Заштаўт: У катэгорыі прац, прысьвечаных Усходу, у шырокім значэньні - Сыбіры, Цэнтральнай Азіі, Каўказу, Расеі й краінам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы - гэта адна з самых важных узнагародаў у Польшчы. Яна вельмі прэстыжная ў асяродзьдзі спэцыялістаў. Яна прызнаецца за спэцыяльныя працы, якія датычаць Усходу. У Польшчы другой такой узнагароды няма.

Сярод пытаньняў і тэмаў, якія асьвятляе “Ўсходні агляд”, прысутнічае таксама Беларусь. Сярод узнагароджаных працаў колькі было прысьвечана вывучэньню Беларусі?

Лешэк Заштаўт: Было вельмі шмат такіх працаў. Цяжка сказаць дакладна, ніхто гэтага не лічыў, але каля 10-20% узнагароджаных кніжак датычылі так ці інакш Беларусі. Так як мая кніжка, якая атрымала ўзнагароду ў 1998 годзе, датычыла Летувы, Беларусі і Ўкраіны. Такіх кніжак шмат. Напрыклад, сёньняшні ляўрэат Раман Юркоўскі пісаў пра Паўночна-Ўсходнія крэсы былой Рэчы Паспалітай. У асноўным гэта пра Беларусь. Яна абапіралася на беларускіх матэрыялах, напрыклад, менскім архіве. Такіх выпадкі часта здараюцца.

На прыкладзе працаў узнагароджаных дасьледчыкаў ці можаце сказаць, як зьмяніўся падыход да Ўсходу ў Польшчы?

Лешэк Заштаўт: На маю думку, зьмены калясальныя. Але цяжка іх прыпісаць толькі ўзнагародзе "Ўсходняга агляду". Яны зьвязаныя з тым, што з 1989 году  ў Польшчы пачаліся дасьледаваньні адносна Летувы, Беларусі й Украіны. Раней гэтая тэма была нібы забаронена. Фармальна такога правіла не было, але існавала маўклівая дамова між Савецкім Саюзам і камуністычнай Польшчай, што палякі не вывучаюць гісторыю савецкіх народаў. Гэтым маглі займайцца толькі беларускія навукоўцы й расейскія. Таму ў 1990-я гады пачалася хваля дасьледаваньняў. Працы, якія тады зьявіліся, былі часта вельмі наватарскія, грунтаваліся на архіўных дасьледаваньнях у Расеі й Беларусі, на Ўкраіне й Летуве. Калі ацаніць гэтыя апошнія 20 гадоў, то гэта моцны крок наперад - рэвалюцыя. Узровень ведаў пра Беларусь і Ўсход вельмі шырокі, ня толькі ў акадэмічных колах. Я лічу, што адбыліся вельмі карысныя зьмены. 

За апошнія 20 гадоў Польшча зрабіла велізарны крок наперад у разуменьні сваіх усходніх суседзяў, у тым ліку Беларусі. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць дасьледчыкі. Ужо 17 гадоў рэдакцыя часопіса “Ўсходні агляд” адзначае найлершыя працы ў галіне дасьледаваньняў Усходняй Эўропы. 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч