https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145017

Завод гарачага цынкаваньня ў Лідзе: далёка ня ўсе супраць

07.12.2010

У Лідзе пачалося будаўніцтва завода гарачага цынкаваньня мэталаканструкцыяў. Прадпрыемства разьмесьціцца на адлегласьці ўсяго ў некалькі соцень мэтраў ад бліжэйшай вёскі й менш за кілямэтар ад ускраіны гораду. Частка мясцовага насельніцтва актыўна выступала супраць пабудовы завода. Аднак далёка ня ўсе жыхары Ліды й навакольных вёсак падзяляюць гэтую пазыцыю.

Як паведаміў Польскаму радыё старшыня лідзкай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Станіслаў Суднік, будаўніцтва завода гарачага цынкаваньня ідзе вельмі хуткімі тэмпамі.

С. Суднік: Працы вядуцца “ў рэжыме он-лайн”. Штодня адпаведны чалавек залазіць на кран і фатаграфуе вынікі працы за дзень. Будоўля ідзе поўнамаштабна: цягнуцца кабелі, газавая траса й гэтак далей.

Улетку гэтага году будаўніцтва завода выклікала хвалю абурэньня сярод мясцовых жыхароў. Яны сабралі больш за 3 тысячы подпісаў за правядзеньне экалягічнай экспэртызы ды грамадзкіх слуханьняў. Зьбіраць подпісы дапамагалі актывісты кампаніі “Гавары праўду”. Грамадзкія слуханьні з удзелам кіраўніцтва заводу ды мясцовых уладаў сапраўды былі праведзеныя, аднак адказаў на свае пытаньні мясцовыя жыхары не атрымалі, - лічыць актывіст кампаніі “Гавары праўду” Дзьмітры Бандарчук.

Д. Бандарчук: Непасрэдна перад слуханьнямі ад людзей зь вёскі Шырокая, у якіх мы зьбіралі подпісы, мы пачулі, што зь імі праводзяць нейкія размовы, іх запалохваюць, папярэджваюць, каб не задавалі лішніх пытаньняў. Таму на слуханьнях асноўны цяжар узяў на сябе спадар Някляеў і актывісты кампаніі. Ён задаваў пытаньні, але ў адказ гучалі фразы, якія мясцовыя жыхары пастаянна чулі на працягу папярэдніх трох гадоў.

У стыхійных пратэстах улетку гэтага году бралі ўдзел дзясяткі чалавек. Але сёньня далёка ня ўсе зьяўляюцца праціўнікамі пабудовы завода – кажа Станіслаў Суднік.

С. Суднік: Пратэсты жыхароў скончыліся, ніхто ў гэтай справе ўжо нічога ня зьменіць, тым больш, што сама вёска Даліна, непасрэдна каля якой завод будуецца, не пратэставала. Таму што з гэтай вёскі будзе пракладзеная новая дарога, стане магчыма прыехаць на могілкі, да якіх заўсёды было невядома як дабрацца. Подпісы зьбіралі ў вёсцы Шырокай, якая разы ў тры далей ад заводу, чым Даліна, ды ўдабавак аддзеленая ад яго чыгункай і балотам. На маю думку, мясцовыя жыхары пратэставалі там, бо баяліся, што пасьля пабудовы заводу ўпадуць цэны на катэджы, якія яны будавалі. Сытуацыя тут неадназначная.

Занепакоенасьць людзей выклікала тое, што на заводзе, разьмешчаным блізка ад іх дамоў, будуць выкарыстоўвацца вялікія аб’ёмы канцэнтраванай салянай кіслаты. Аднак на думку Станіслава Судніка, у горадзе ёсьць прадпрыемствы, якія забруджваюць навакольнае асяродзьдзе непараўнальна больш.

С. Суднік: Завод “Оптык”, які пабудаваны даўно і ў тэхналягічным працэсе якога выкарыстоўваюцца цяжкія мэталы, наносіць шкоды здароўю людзей разоў у 50 больш, чым будзе наносіць гэтае прадпрыемства. У першую чаргу трэба змагацца за мадэрнізацыю завода “Оптык”.

Плянуецца, што пабудова завода гарачага цынкаваньня мэталаканструкцыяў у Лідзе завершыцца ў канцы наступнага году.

Аляксандар Папко