https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=151548

Лібійскія ўлады прынялі рашэньне аб спыненьні вайсковых дзеяньняў

18.03.2011

Лібійскія ўлады прынялі рашэньне аб спыненьні вайсковых дзеяньняў. Гэта рэакцыя Трыпалі на прынятую ўначы рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН, якая уводзіць зону забароны палётаў над Лібіяй.

Рада Бясьпекі ААН у прынятай рэзаліцыі выключае ўвод акупацыйных сілаў на тэрыторыю краіны, аднак у дачыненьні лібійскай авіяцыі можа быць выкарыстаная сіла ў выпадку, калі ня будуць спыненыя  павертаныя атакі на мірнае насельніцтва.

Прадстаўнік Вялікабрытаніі пры ААН Марк Ліаль Грант зазначыў, што рэзалюцыя прымалася з мэтаю абароны цывільнага насельніцтва Лібіі, а не збройнага ўмяшальніцтва на тэрыторыю краіны.

Марк Ліаль Грант: Рэзалюцыя нумар 1973 зьмяшчае патрабаваньне, каб палкоўнік Кадафі тэрмінова спыніў ваенныя дзеяньні. Дакумэнт уводзіць зону забароны палётаў, каб войскі рэжыму Кадафі не маглі выкарыстоўваць сілу ў дачыненьні лібійскага народу. Рэзалюцыя дае паўнамоцтвы краінам ААН выканаць ўсе магчымыя крокі ў справе абароны цывільнага насельніцтва, якое знаходзіцца пад пагрозай. Дакумэнт выключае магчымасьць увядзеньня акупацыйных сілаў у якой – колечы форме й на якую – колечы частку Лібіі.


Рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН надзяляе паўнамоцтвамі іншыя краіны, у тым ліку арабскія, абараняць некаторыя лібійскія тэрыторыі, у тым ліку Бэнгазу, перад атакамі ўзброеных сілаў Кадафі. За прыняцьцё рэзалюцыі выказалася 10 чальцоў рады, ніхто ня быў супраць, за тое Расея, Кітай, Нямеччына, Індыя й Бразылія ўстрымаліся.

Пэтэр Віціг, амбасадар Нямеччыны пры ААН, заявіў, што рэалізацыя дакумэнту можа пацягнуць за сабой далёкаідучыя наступствы й спрычыніцца да пашырэньня канфлікту.
 
Пэтэр Віціг: Нельга ігнараваць магчымасьці пашырэньня канфлікту й большага разьліву крыві. Калі крокі, якія мы прапануем, не прынясуць спадзяваных вынікаў, нам пагражае ўцягненьне ў збройны конфлікт, які можа пашырыцца на ўвесь рэгіён.

Іншай пазыцыі прытрымліваецца ўрад Вялікабрытаніі. Брытанскія зьнішчальнікі „Тарнада” й самалёты „Тайфун”  будуць высланыя ў Лібію. Кіраўнік брытанскага ўраду Дэвід Кэмэран паведаміў, што цягам бліжэйшых гадзінаў яны паявіцца ў базах, дзе будуць гатовыя да апэрацыі.

Дэвід Кэмэран: Раніцай урад прыняў рашэньне, у адпаведнасьці зь якім Вялікабрытанія прыме ўдзел у апэрацыі. У выпадку, калі Кадафі ня спыніць атакаў на мірнае насельніцтва, нашыя сілы далучацца да міжнародных сілаў, якія будуць ажыцьцяўляць рэзалюцыю ААН. Сумесна зь міністрам абароны мы загадалі галоўнакамандуючаму Генштабу, каб ён супрацоўнічаў з нашымі саюзьнікамі пры плянаваньні збройных акцыяў, у тым ліку ў зоне забароны палётаў.

Самалёты могуць дзейнічаць з вайсковых базаў Вялікбрытаніі на Кіпры, Францыі — на поўдні краіны, каля Марсэля, і базы NATO на Сыцыліі ў Італіі.

Польшча яшчэ не падставіла сваёй афіцыйнай пазыцыі, аднак на Міжземным моры знаходзіцца польскае вайсковае  судна „Xawery Czernicki”, якое ўдзельнічае ў апэрацыі па манітараваньні выкананьня эмбарга на пастаўку зброі ў Лібію.

У нядзелю ў Парыжы па ініцыятыве французкага прэзыдэнта Нікаля Сарказі адбудзецца міжнародная сустрэча, прысьвечаная сытуацыі ў Лібіі.

Караліна Русіновіч