https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159228

Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – „Бацькаўшчына” - 2

11.08.2011


Сёньня працяг азнаямленьня з публікацыяй Міколы Волаціча пад назовам Думкі аб літаратурнай мове (у: „Бацькаўшчына”, №№ 1-2 (485-6), Мюнхэн, с. 3-6).

Рэфармацыя ў барацьбе з Каталіцкай царквою ды зь мёртвай лацінкай вынесла на паверхню жыцьця жывыя мовы розных народаў. Былі спробы й дзяржаўную беларускую мову ўключыць у гэтую вялікую культурную рэвалюцыю. У гэтым кірунку дзейнічалі Васіль Цяпінскі й Сымон Будны, успамаганыя Радзівіламі. Уключаліся езуіты й царкоўныя брацтвы, але не маглі спыніць жудасны працэс адыходу ад свае мовы. Рэфармацыя разьвівала школьніцтва як пратэстанцкае, гэтак і каталіцкае (часткова праваслаўнае), але школьніцтва пайшло па пахілай усяго гістарычнага працэсу. Пратэстанцкія школы навучалі па-польску, каталіцкія па-лаціне, праваслаўныя па-царкоўна-слявянску й руску (значыць, на мове далітоўскае пары).

 У далейшай частцы публікацыі Мікола Волаціч адзначыў, што спачатку, ясна,  ніхто не адважваўся выступіць супраць законнага парадку, што „пісар земскі рускімі літарамі й словы маець пісаці”, але ўжо ад другой паловы ХVІ ст. прыватная перапіска між магнатамі, шляхтай і мяшчанамі вялася па-польску. У ХVІІ ст. працэс гэты расшырыўся на публічныя акты, адначасова паглыбляўся заняпад літаратурнай беларускай мовы. Яна засьмечвалася палянізмамі й рысыцызмамі, аж у канцы ХVІІ ст. уступіла сваё афіцыйнае месца польскай мове (Тамсама, с. 5).

 І так, беларуская народная мова ня здолела стацца літаратурнай мовай аж да ХІХ ст. Трэба схіліць галаву перад вялікімі адраджэнцамі беларускае мовы, такімі як: Вікенці Равінскі, Паўлюк Багрым, Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч, якія ўвялі ў сваю творчасьць жывую мову народу так лацінскімі, як і кірылічнымі літарамі. Гэтым адраджэнскім шляхам пайшла „Наша Ніва” ды ўсе адраджэнцы, і гэта выратавала беларускі народ ад згубы.

 Але, па словах Міколы Волаціча, беларускае нацыянальнае няшчасьце – Масква – адразу зразумела сутнасьць гэтага адраджэньня. І яна пайшла забойчым шляхам – пачала фальшаваць беларускую мову: адхіліла яе гукавы правапіс, лацінскі альфабэт, увяла маскоўскі граматычны шаблён ды запаганіла беларускую мову русыцызмамі, палянізмамі й іншымі чужымі словамі, так што г.зв. беларуская мова БССР стала нанава адарванай ад народу, стала нейкім жаргонам, непрыемным для народу. Да гэтага школьніцтва сталася не беларускім, а маскоўскім, хаця русыфікацыя прыняля выгляд дабравольнасьці, як гэта было ў мінуўшчыне з палянізацыяй.

 Мікола Волаціч напісаў, што адзіны шлях абароны перад новым наступам – гэта цьвёрдая барацьба з адыходам ад жывой мовы народу, з усякімі правапісамі, якія засланяюць гукавыя асаблівасьці народнай мовы, з усімі чужымі лексэмамі, якія яшчэ не асвоены народам, з усякімі дзівачнымі наватворамі, зь перажытымі словамі й зваротамі.

Ніна Баршчэўская