https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159288

Агляд польскага друку

23.07.2011

Сёньняшняя польская прэса піша пра трагічныя падзеі, акія здарыліся ў Нарвэгіі: выбух бомбы ў Осла ды страляніна на выспе Ўтоя. Штодзёнка “Dziennik Gazeta Prawna” падводзіць першыя вынікі. Мінімум 84 забітыя, -- піша газэта, падкрэсьліваючы, што гэта не канчатковыя дадзеныя.

Узьбярэжжа прыгожай нарвэскай выспы было ўсеяна целамі дзясяткаў маладзёнаў, якія прыехалі туды на сустрэчу моладзевага крыла кіруючай Партыі працы. За дзьве гадзіны да страляніны на востраве, у цэнтры нарвэскай сталіцы прагрымеў выбух бомбы, у выніку загінула 7 чалавек.
Прэм’ер- міністар Нарвэгіі Кнут Сторбэрг назваў напады нацыянальнай трагедыяй. “З часоў ІІ Сусьветнай вайны ў нашай краіне не было злачынства такога маштабу. Гэта кашмар”, – цытуе словы нарвэскага лідэра польскае выданьне.
Паліцыя падазрае, што выбух і страляніну зьдзейсьніла адна й тая асоба. Нарвэскія СМІ высьветлілі, што стралок-забойца гэта Андэрс Бэгрынг - Брэйвік, прыхільнік скрайне правых ды антыісламскіх поглядаў. Паліцыя не пацьвердзіла гэтай інфармацыі, але на кватэры названай асобы адбыўся ператрус.
Паводле Міністра юстыцыі Нарвэгіі Курта Столтэнбэрга, пакуль зарана казаць пра матывы злачынства, -- піша польскае выданьне.

хххххххххххххххххххх

Штодзёнка “Gazeta Wyborcza” піша, што Эўропа разважае над тым, каб адмовіцца ад амэрыканскай ядзернай зброі. Польшча павінна заклікаць іншыя краіны старога кантынэнту не адмаўляцца ад гэтай зброі, а скараціць колькасьць боегаловак – піша польскае выданьне.

На сёньняшні дзень у Эўропе – на базах у Турэччыне, Бэльгіі, Галяндыі, Нямеччыне ды Італіі знаходзіцца каля двухсот амэрыканскіх сучасных авіяцыйных бомбаў В-61 зь ядзернымі зарадамі. Дакладная лічба й месца знаходжаньня бомбаў трымаецца ў сакрэце. Гэта так званы тактычны ядзерны арсэнал. Адзначаецца, што самі бомбы невялікія й радыюс дзеяння меншы, чым раней. Цяпер у NATO ідзе дыскусія наконт таго, што рабіць з гэтай зброяй. Частка натаўскіх краінаў асабліва з Захаду ды Поўдня Эўропы лічаць, што цяпер, калі скончылася халодная вайна, няма патрэбы захоўваць гэтую зброю й яны хацелі б адмовіцца ад каштоўнага ўтрыманьня гэтага арсэналу. У дадатак Нямеччына спыняе выкарыстаньне самалётаў Тарнада, якія выкарыстоўваліся да транспарціроўкі гэтых ладункаў. Новыя эўрапейскія самалёты “Эўрафайтэры” не прыстасаваныя да гэтага.

У адрозьненьні ад заходнеэўрапейскіх краінаў, чальцы NATO з Сярэдняй Эўропы выступаюць за захаваньне амэрыканскага ядзернала арсэналу ў Эўропе. Галоўны іх аргумэнт – нестабільнасьць будучыні Расеі. Тым больш, што Масква трымае вакол Калініграду некалькі соцен ракет малой дальнасьці й невядомая колькасьць тактычных ядзерных боегаловак. У сваю чаргу амэрыканцы прыйшлі да высновы, што далейшае захаваньне ядзернага арсэналу ў нязьменным выглядзе немагчыма: няма на гэта ані сродкаў, ані грамадзкай згоды. У гэтай сытуацыі Варшава павінна заклікаць амэрыканцаў да таго, каб яны пакінулі ядзерныя ракеты ў Эўропе, толькі скарацілі іх колькасьць. Тым больш, што Польшча мае ў гэтым пытаньні саюзьніка – Францыю, зазначае польская штодзёнка.

хххххххххххххххххххххххх

Штодзёнка “Rzeczpospolita” піша пра нетыповую выставу, якая адкрылася ў Крэпасьці Герхарда ў польскім горадзе Сьвінавуйсьце. Выстава прысьвечана распрацоўкам сакрэтнай зброі Гітлера. Размова ідзе пра ракеты V-1 і V-2, якімі напрыканцы вайны немцы абстрэльвалі Вялікабрытанію. Вытворчасьць гэтай сьмяротнай зброі была адной з найбольш ахоўваемых таямніцаў ІІІ Рэйху. Сьвет даведаўся пра яе дзякуючы выведцы Арміі краёвай. Куратар выставы Пётр Піваварчык распавёў газэце, што выкрыцьцё нямецкіх ракетаў было значным посьпехам польскага падпольля, параўнальным з расшыфроўкай Энігмы польскімі крыптолягамі. Па сёньняшні дзень гэта малавядомая гісторыя. Малавядомая таму, што пасьля вайны адзін са стваральнікаў ракет Вэрнеа фон Браўн, працаваў ў NASA і дапамог паляцець амерыканцам у космас. Таму сёньня ракеты V-1 і V-2 прадстаўляюцца ў Нямеччыне, як пачатак палётаў у космас. Польская выстава паказвае й іншы бок гэтай гісторыі. Ракеты сталі таксама новай зброяй масавага зьнішчэньня, - піша польскае выданьне.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч