Польскія газэты пішуць пра...
„Rzeczpospolita” апісвае шлюб у беларускай турме.
Асуджаны на чатыры гады за ўдзел у пасьлявыбарчай маніфэстацыі Павал Вінаградаў узяў шлюб у калёніі. Ягоная абраньніца Сьвятлана Гарохавік працавала ў выбарчым штабе Ўладзімера Някляева.
Сьціплая ўрачыстасьць адбылася ў пятніцу ў Івацэвіцкай калёніі, вядомай пад назвай „ Воўчыя норы”.
- У службовае памяшканьне ўпусьцілі толькі бацькоў маладых і сьведкаў, - распавядае сьведак на ўрачыстасьці Аляксандар Баразенка.- Чыноўніца з мясцовай вёскі распісала маладых за тры хвіліны. Пасьля ўдалося крыху паразмаўляць з Паўлам. Ён адчувае сябе добра, даволі аптымістычны й верыць, што выйдзе на свабоду раней, паколькі рэжым Лукашэнкі пратрымаецца зусім нядоўга, -распавядае сьведак маладога.
Беларускае заканадаўства не прадугледжвае вясельнага застольля пасьла шлюбу ў турме. Таму пасьля завяршэньня фармальнай часткі ў калёніі змагла застацца толькі маладая жонка на свае „тры мядовыя дні”.
Шлюб у „Воўчых норах” быў першым выпадкам шлюбу палітзьняволенага на тэрыторыі вязьніцы, але не апошнім. У хуткім часе ў калёніі ў Горках адбудзецца шлюб асуджанага на два гады лідара „Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча й Насты Палажанкі, асуджанай умоўна на 1,5 гады за ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах у Менску. За ўдзел у гэтых пратэстах Беларусі асуджана больш за 40 апазыцыянэраў. Іншыя альбо ўцяклі за мяжу, альбо чакаюць працэсаў, прыгадвае „Rzeczpospolita”.
Эканамічны ўкладыш да выданьня „Rzeczpospolita” апісвае, як Лукашэнка стварае ўласных алігархаў.
Дыктатар ня хоча, каб найлепшыя кавалкі беларускай эканомікі выкупілі расейскія алігархі, таму стварае клян уласных багачоў. Аналітыкі заўважылі, што пачалося стварэньне нацыянальных холдынгаў, якія скупляюць дзяржаўныя фірмы. Экспэрт па беларускіх пытаньнях расейскага агенцтва „Regnum” Мікалай Радаў зазначае, што ў Беларусі паняцьце „прыватная структура” даволі умоўнае, паколькі ў краіне няма ніводна буйнога прадпрымальніка, незалежнага ад дзяржавы. Ягоныя словы пацьвярджае нядаўняя заява беларускага прэм’ера.
- Прыватызуючы дзяржаўную маёмасьць мы хочам, каб прыярытэтыя аб’екты атрымаў нацыянальны бізнэс, -заявіў Міхаіл Мясьніковіч.
Пра беларускіх прыватных прадпрымальнікаў стала чутно, калі ў чэрвені ЭЗ увёў эканамічныай санкцыі на некаторыя беларускія прадпрыемствы.
Менавіта тады СМІ загаварылі пра лукашэнкаўскіх алігархаў, у прыватнасьці эканамічнага дарадчыка Лукашэнкі- Ўладзімера Пефціева, называнага „банкірам Лукашэнкі”.
Масква „точыць зуб” на беларускія прадпрыемствы, у сваю чаргу Менск падбівае стаўку, павышаючы цэны прадпрыемстваў, каб такім чынам адбіць жаданьне ў расейцаў на прыватызацыю сваіх прадпрыемстваў.
Экспэрты зьвяртаюць увагу, што беларускі ўрад можа правесьці „нацыянальную прыватызацыю”, дзе працаўнікі прадпрыемства замест зарплаты атрымаюць акцыі прадпрыемства. Дзякуючы гэтаму таксама ўдасца знайсьці сродкі на заплату доўгу памерам у 7,5 мільярдаў даляраў без неабходнасьці продажу вядучых прадпрыемтсваў, піша эканамічны ўкладаш да выданьня „Rzeczpospolita”.
Пазытыўнае стаўленьне да жыцьця значна зьмяншае рызыка інсульту, чытаем у выданьні „Gazeta Wyborcza”.
Да такой высновы прыйшлі наукоўцы з амэрыканскага ўнівэрсытэту Мічыган, якія правялі дасьледаваньні на 6 тысячах амэрыканцаў, якім больш за 50 гадоў. Дасьледавньні праводзіліся па некалькі паказчыках, у прыватнасьці біялягічным, псыхалягічным і грамадзка- дэмаграфічным.
З дасьледаваньняў вынікае, што аптымісты актыўна клапоцяцца аб сваім здароўі, - кажа кіраўнік дасьледчыцкай групы Эрык Кім.
У тым, што аптымізм мае істотны ўплыў на стан псыхічнага здароўя, навукоўцы пераканаліся ўжо даўно. Псыхічны камфорт зьмяншае рызыка сардэчных захворваньняў і стварае лепшыя умовы функцыянаваньня імуннай сыстэмы, прыгадвае „Gazeta Wyborcza”.
KP