https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=159436

Польскі сьлед у справе Брэйвіка

26.07.2011

Пра польскі сьлед у справе нарвэжскага тэрарыста Андэрса Брэйвіка піша сёньня “Rzeczpospolita”. Як распавёў газэце віцэ-дырэктар Агенцтва ўнутраннай бясьпекі Польшчы Павал Беляк, сыравіну для бомбы Брэйвік купляў ня толькі на радзіме. Выяўляецца, што тэрарыст купляў угнаеньне ў Ніжняй Сілезіі, а пакупка ажыцьцяўлялася празь Інтэрнэт. Паводле спэцслужбаў, купленая ў Польшчы колькасьць угнаеньня была даволі мізэрнай і не ўяўляла значэньня для канструкцыі бомбы. Зьдзелка была абсалютна легальнай. Зрэшты, нават сам Брэйвік узгадвае пра яе ў сваіх запісах.

Нарвэжскія спэцслужбы ўжо ў сакавіку ведалі пра пакупку Брэйвікам угнаеньня ў Польшчы, але праверка ня выявіла нічога падазронага. Брэйвік быў звычайным фэрмэрам. Аднак у той жа час брытанская контрразьведка МІ5 унесла нарвэжца ў чорны сьпіс і перадала гэтую інфармацыю калегам у Осла.

Учора польскія спэцслужбы праверылі краму ва Ўроцлаве, дзе Брэйвік купіў угнаеньне. Уладальнік крамы зьяўляецца сьведкам у гэтай справе.

Сам Брэйвік напісаў у сваім маніфэсьце, што першую замову для канструкцыі бомбы ён зрабіў менавіта ў польскай краме празь Інтэрнэт. За 300 грамаў нітрыту натрыя ён заплаціў каля 10 эўра, а за 150 кг алюмініевага парашку каля 2 тыс. Гэты парашок, дарэчы, павялічвае магутнасьць выбуху.

У сваім маніфэсьце Брэйвік узгадвае Польшчу некалькі дзясяткаў разоў. Ён, дарэчы, захапляецца Янам ІІІ Сабескім, які спыніў турэцкае нашэсьце на Эўропу.

“Gazeta Wyborcza” піша пра кракавяніна, які падкладаў бомбы за тое, што хтосьці дрэнна на яго глядзеў. Як выявіла сьледзтва, калі хтосьці крыва пазіраў на мужчыну альбо хутка праехаў побач зь ім на машыне, то ён сачыў за такой асобай. Каля дому небаракі ён падкладаў бомбу.

У выніку ад ягоных дзеяньняў пацярпелі 5 чалавек. Сам мужчына кажа, што ён не хацеў нікога пакрыўдзіць, проста зьвяртаў увагу на пагрозу, якую ўяўлялі для яго навакольныя людзі. Цікава, што пра гэтую “пагрозу” ён пісаў нават у розныя дзяржворганы.

У яго гаражы праваахоўнікі знайшлі 23 кг хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу выбуховых прыстасаваньняў. Інструкцыю па вырабе бомбы 38-гадовы цясьляр браў зь Інтэрнэту. У нядзелю суд арыштаваў яго на 3 месяцы.

Палякі масава ўцякаюць зь вялікіх гарадоў  - піша “Dziennik. Gazeta Prawna”. Выключэньнем са стыстыкі зьяўляюцца Кракаў і Варшава. Як выяўляецца, Лодзь, Быдгашч, Познань, Люблін, Шчэцін і Чэнстахова вельмі хутка губляюць сваіх жыхароў. За апошнія 10 гадоў зь іх зьехала больш за 400 тыс. чалавек. Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня, да 2035 году з гарадоў зьедзе каля 2 млн. палякаў, а па колькасьці гэта цэлая Варшава.

Цікава, што з гарадоў уцякаюць пераважна маладыя й актыўныя людзі. Яны выязджаюць альбо за мяжу, альбо ў маленькія мясцовасьці. Расьце толькі насельніцтва Варшавы, бо гэта горад вялікіх магчымасьцяў, сталіца.

Уцёкі з гарадоў - гэта ня толькі польская прыкмета. Такая заканамернасьць заўважаецца і ў іншых краінах. У гарадах усё вельмі дарагое. Таму людзі працуюць у гарадах, але жывуць па-за мэтраполіямі.

дг