https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=20339

У Горадні працягваецца акцыя пратэсту

09.03.2005
У Горадні працягваюцца акцыі прадпрымальнікаў супраць увядзеньня 18-адсоткавага падатку на дабаўленую вартасьць. Сёньня больш за 500 гандляроў сабраліся ў парку Жылібера. Іх ацапілі міліцыянты й не прапускаюць на плошчу Леніна. Ніхто з чыноўнікаў да людзей так і не выйшаў. Сёньня ўжо дзевяты дзень страйку. Людзі прастаялі больш чым паўтары гадзіны й разышліся.

Нагадаю, што за папярэднія дні пасадзілі пяцёх удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Больш за тыдзень за кратамі знаходзіцца Зьміцер Іваноўскі - кіраўнік дэмакратычнага руху “Гарадзенскі выбар”. Астатніх чатырох чалавек судзілі 4 сакавіка, прычым трох зь іх затрымалі днём раней і пасадзілі на ноч у міліцэйскі ізалятар. Судзьдзя Натальля Козел палічыла, што прадпрымальнікі Ясюкевіч і Лемяноўскі, а таксама журналіст Пачобут удзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 3 сакавіка. Ясюкевічу яна дала 5 сутак, Лемяноўскаму - 15, а Пачобуту-10. Андрэй Пачобут некалькі дзён запар асьвятляў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў для інтэрнэт-старонкі зачыненай газэты “Пагоня” (pahonia.promedia.by). Аднак міліцыянты й судзьдзя ягоную прысутнасьць на несанкцыянаваным мітынгу назвалі ўдзелам у акцыі.

На 10 сутак 4 сакавіка судзьдзя Натальля Козел пасадзіла таксама Вадзіма Саранчукова, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу 10 лютага. Што датычыць гарадзенскіх прадпрымальнікаў, дык яны пакуль намерваюцца працягваць страйк.

Міхал Карневіч, Горадня