https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46077

Ханука для габрэйскіх дзяцей зь Беларусі.

14.12.2006
Хоць за акном восеньскае надвор`е, у Варшаве адчуваецца перадсьвяточны настрой. Праз 10 дзён каталікі будуць сьвяткаваць Каляды. А ў бліжэйшую суботу габрэі таксама пачнуць сьвяткаваць адно са сваіх найважнейшых сьвятаў - Хануку. Прыкметнай рысай сёлетняга сьвяткаваньня будзе продаж цаглінак і збор ахвяраваньняў для дзяцей з габрэйскіх суполак у Беларусі.

Старшыня Саюзу габрэйскіх суполак у Польшчы Пётр Кадльчык зазначае, што правядзеньне дабрачыннай акцыі на карысьць габрэйскіх дзяцей зь Беларусі нарадзілася спантанна. - У апошнім часе шматлікія ўстановы дапамагаюць беларускім дзецям, мы таксама хочам дапамагчы, - кажа Пёрт Кадльчык.

Пёрт Кадльчык:Дакладней кажучы, мы хочам запрасіць да нас у Польшчу на зімовыя канікулы групу габрэйскіх дзяцей зь Беларусі. Кожны ведае, як выглядае сытуацыя ў Беларусі. У сувязі з гэтым нашая суполка стараецца нешта зрабіць для гэтых дзяцей. Даволі часта можна пачуць пра лёс беларускіх каталікоў, але лёсам беларускіх габрэяў мала-хто цікавіцца. А трэба зазначыць, што суполкі беларускіх габрэяў усё часьцей зьвяртаюцца да нас за падтрымкай. Просяць, каб прынамсі зрабіць штосьці для дзяцей, бо яны самі ня маюць такой магчымасьці.

Сьвята Ханука працягваецца аж 8 дзён. У чым адметнасьць гэтага сьвята? Пра традыцю распавядае Пёрт Кадльчык.

П. Кадльчык:Ханука - гэта сьвята, якое называюць сьвятам свабоды. Яно выводзіцца з часоў, калі габрэі знаходзіліся пад грэцкай акупацыяй. Гэта было ў другім стагодзьдзі да нашай эры. Менавіта тады грэкі стараліся зьнішчыць габрэйскую культуру, а таксама рабілі ўсё, каб габрэі перасталі вызнаваць юдаізм. Габрэі паднялі паўстаньне. 10 тысяч прымітыўна ўзброеных габрэйскіх паўстанцаў змагаліся з 65 тысячамі прафэсійных жаўнераў. Падчас габрэйскага паўстаньня грэкі зруйнавалі Сьвятыню ў Ерусаліме - адно з найважнейшых для габрэяў месцаў культу. Нягледзячы на сьціплыя сілы, габрэі ўсё ж перамаглі. Згодна са звычаем, пасьля перамогі ў сьвятыні запальвалася спэцыяльная аліўная лямпа, якая павінна была паліцца на працягу тыдня. Але на тады алівы для лямпы хапіла б толькі на адзін дзень. Традыцыя распавядае, што тая аднадзённая порцыя гарэла на працягу васьмі дзён.

І з таго моманту на працуягу 8 дзён габрэі сьвяткуюць гэтае сьвята, - дадае Пёрт Кадльчык.

Пёрт Кадльчык: Для нас гэта сьвята свабоды й цудаў. Таму што гэта першае здарэньне, пра якое ведае гісторыя, калі была спроба дэнацыяналізацыі ўсяго народу. І калі народ супрацьставіўся. Ад таго моманту для нас сьвята Ханукі зьяўляецца сьвятам свабоды. Гэта сымпатычнае сьвята, запальваецца лямпа, дзеці атрымліваюць падарункі, а дарослыя пякуць бульбяныя дранікі на аліве, якія называюцца ладкэс.

Сёлета да сумеснага сьвяткаваньня габрэйская суполка з Варшавы запрашае ўсіх, ня толькі габрэяў. Трэба дадаць, што сярод ганаровых гасьцей будуць прэзыдэнт Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц і жонка прэзыдэнта Польшчы Марыя Качыньска.

Караліна Русіновіч