https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=46564

Польскія экспэрты пра газавы канфлікт

28.12.2006
Газпрам паінфармаваў Польшчу пра магчымасьць узьнікненьня праблемаў з транзытам газу праз тэрыторыю Беларусі, пачынаючы з 1 студзеня. Гэтая сытуацыя зьвязаная са спрэчкаю аб цане на газ для Беларусі. Такім чынам, колькасьць газу, якая трапляе ў Польшчу, можа значна зьменшыцца.

Кіраўнік Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Аляксандар Шчыгла паведаміў Польскаму радыё, што ў сувязі з такой магчымасьцю Польшча прымае адпаведныя крокі, каб дывэрсыфікаваць імпарт гэтай сыравіны.

А. Шчыгла: Крокі, якія мы рабілі ад пачатку бягучага году, датычныя паляпшэньня адносінаў з Расеяй, эканамічных адносінаў з Газпрамам, дывэрсыфікацыя паставак газу - гэта ўсё актуальна, паколькі з такім нестабільным партнэрам няма магчымасьці пасьпяхова рэалізаваць інтарэсы.

Міністар Аляксандар Шчыгла нагадаў канкрэтныя рашэньні ў справе імпарту энэргетычнай сыравіны, прынятыя ў мінулым годзе.

А. Шчыгла: Найперш, гэта прыняцьцё рашэньня пра пошук новых крыніцаў паставак газу, размова з нарвэжцамі, будова газавага порту ў горадзе Сьвінавуйсьце. Канешне, гэта пераконваньне Эўразьвязу, што гэта ня толькі выдумка Польшчы, што гэта рэальная праблема, якая час ад часу будзе нас датычыць.

Міністар Шчыгла прызнаў, што калі будуць сыгналы пра рэальную энэргетычную небясьпеку для Польшчы, то прэзыдэнт скліча Раду нацыянальнай бясьпекі альбо Раду міністраў для абмеркаваньня ўзьніклай сытуацыі.

Экспэрт па справах энэргетыкі Павал Нерада лічыць, што ўзьніклая сытуацыя не прывядзе да значных праблемаў у пастаўцы газу ў Эўропу. Ён дадаў, што выкарыстоўваньне расейскімі фірмамі сваёй моцнай пазыцыі ў пастаўцы энэргетычнай сыравіны не зьяўляецца навіною.

П. Нерада: Такую сытуацыю мы назіралі ў рэгіёне Каўказу, некаторы час таму яна таксама закранула польскія фірмы, калі польскі нафтавы канцэрн Орлен купляў нафтапераапрацоўчы камбінат у Мажэйках. Таму тут няма нічога новага, гэта пасьлядоўна ўпісваецца ў рэалізаваную стратэгію расейскіх фірмаў.

Аналітык паліўнага рынку Анджэй Шчэсьняк лічыць, што крокі, якія робіць Газпрам, зьяўляюцца часткаю гульні ў дачыненьні да Беларусі. Анджэй Шчэсьняк перакананы, што газавы крызыс маларэальны.

А. Шчэсьняк: На расейскім боку вельмі шмат аргумэнтаў „за”. Беларусь купляе газ па цэнах у 6 разоў ніжэйшых, чым Польшча. Такую сытуацыю цяжка ўтрымаць, бо нават у суседняй Украіне гэтыя цэны ў 2,5-3 разы вышэйшыя. У сувязі з гэтым, партнэры неяк павінны знайсьці агульнае выйсьце з сытуацыі.

Анджэй Шчэсьняк дадаў, што Газпрам падрыхтаваны да сытуацыі, калі б цяжкасьці з пастаўкаю ўсё ж узьніклі.

А. Шчэсьняк:Газпрам мае запасы газу ў Нямеччыне й Аўстрыі, а таксама, як бачна, вельмі добра падрыхтаваны з боку піяру. Таму мне здаецца, што вельмі сур'ёзнага крызысу ня будзе. Для Польшчы істотным элемэнтам зьяўляецца няўпэўненасьць, пакуль мы ня будзем мець загарантаваных паставак газу ня толькі з Усходу, пакуль мы будзе залежныя ад такіх сытуацыяў, дарэчы, вельмі небясьпечных.

Рафал Садоўскі з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў мяркуе, што папярэджаньне Газпраму аб праблемах пастаўкі газу ў Эўропу зьяўляецца формаю ціску Расеі на Беларусь. Ён падкрэсьліў, што абодва бакі, нягледзячы на тое, што яшчэ не падпісалі газавага кантракту, выказваюць намер весьці перамовы.

Р. Садоўскі: Канешне, нельга выключыць, што Газпрам вырашыцца абмежаваць пастаўку газу ў Беларусь ад пачатку студзеня. Гэта вымусіць краіну падкрадваць газ, прызначаны для Эўропы, у гэтым ліку для Польшчы. Але мне здаецца, што гэта маларэальны варыянт, прынамсі, у пэрспэктыве бліжэйшых дзён ці 1-2 тыдняў.

Нагадаем, што Газпрам безупынна пагражае Беларусі спыніць пастаўку газу з 1 студзеня 2007 году, калі Менск ня згодзіцца на павелічэньне цэнаў на сыравіну. У адказ Беларусь намерваецца спыніць транзыт газу празь яе тэрыторыю ў Эўропу, што зьяўляецца небясьпечным для Польшчы, Летувы й Нямеччыны.