https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=47009

Завершыўся тэрмін паўнамоцтваў старшыні НБП

10.01.2007
Завершыўся тэрмін паўнамоцтваў старшыні Нацыянальнага Банку Польшчы. З гэтай пасады саступае Лешэк Бальцэровіч – легендарная постаць польскай эканомікі, аўтар эканамічных рэформаў, праведзеных на пачатку 90-х гадоў.

Па словах Лешэка Бальцэровіча, у Польшчы ўдалося правесьці рэформы банкаўскай сыстэмы зь меншымі стратамі, чым у іншых краінах.

Як можна ацаніць Лешэка Бальцэровіча, яго дзейнасьць на пасадзе кіраўніка Нацбанку? Гэта пытаньне да Анджэя Садоўскага з Цэнтру імя А. Сміта.

А.Садоўскі: Я думаю, што яшчэ рана казаць пра аналітычную ацэнку ўсяе дзейнасьці Бальцэровіча як старшыні Нацбанку. Асоба прафэсара Бальцэровіча надалей выклікае скрайнія эмоцыі – ад вельмі пазытыўных – да вельмі нэгатыўных. Але нельга забываць, што гэта толькі чалавек, які можа памыляцца, як кожны з нас. Несумненна, можна заўважыць памылкі ў дзейнасьці Лешэка Бальцэровіча. Але ў адным можна быць упэўненым – старшыня Нацбанку заваяваў агромністы аўтарытэт на міжнароднай арэне. За мяжою ў ім бачылі вялікага чалавека. Магчыма, час унясе нейкія карэктывы ў гэтую ацэнку, але ён ужо атрымаў сваё месца ў гісторыі.

Вы згадалі пра памылкі. Якія гэта былі памылкі, ці яны часта здараліся? А, зь іншага боку, якія, на вашую думку, самыя важныя заслугі Лешэка Бальцэровіча?

А.Садоўскі: Маім меркаваньнем, прайшло ўжо дастаткова шмат часу, каб заўважыць, што некаторыя прадпасылкі ў галіне эканомікі былі памылковыя. Гэтыя памылкі паявіліся тады, калі прафэсар Бальцэровіч яшчэ не ўступіў на пасаду старшыні Нацбанку, а быў міністрам фінансаў. Пытаньне гэтак званага тармажэньня эканомікі паказвае, што разуменьне некаторых справаў у галіне эканомікі было фальшывым. І менавіта гэта давяло да шматгадовага канфлікту некаторых палітыкаў і эканамістаў з Нацыянальным банкам. Палітыкі заяўлялі, што банк, як найважнейшая фінансавая ўстанова, можа альбо разагрэць, альбо ахаладзіць эканоміку. Таму, натуральна, паяўляліся патрабаваньні, каб Нацбанк эканоміку разаграваў. Калі ўзьнікла ўсуагульная ўпэўненасьць, што Нацбанк мае мэханізмы, каб такім чынам уплываць на эканоміку, то розныя палітычныя партыі стараліся пераняць кантроль над банкам. Так што сёньняшні статус банку – маўляў, гэта крэпасьць, на якую нападаюць палітыкі – зьвязаны з памылковымі поглядамі на некаторыя фінансавыя й эканамічныя пытаньні. Але, нягледзячы на гэта, актыўнасьць і дзейнасьць прафэсара Бальцэровіча дазволіла яму стаць аўтарытэтнай постацьцю – як у Польшчы, так і за мяжою.

Вы сказалі, што за дзейнасьцю Лешэка Бальцэровіча сачылі таксама за межамі Польшчы. Як там ацэньвалі старшыню Нацыянальнага польскага банку?

А.Садоўскі: Я думаю, што ў вялікай ступені яго ацэньвалі праз прызму дасягненьняў першага пэрыяду яго грамадзкай актыўнасьці – з пачатку 90-ых гадоў. Існавала ўсеагульнае перакананьне, што аўтар польскага „эканамічнага цуду” ня можа памыляцца ў іншых пытаньнях. Адным з такіх пытаньняў было ўвядзеньне эўра ў Польшчы. Пры актыўным удзеле старшыні Нацбанку пачалася кампанія прамаваньня, а нават прапаганды на карысьць гэтай валюты.

Але цяпер Лешэк Бальцэровіч пакідае сваю пасаду, на якую прыйдзе іншая асоба – галасаваньне над кандыдатурамі павінна адбыцца каля 21 гадзіны паводле беларускага часу. Ці можам сказаць, што, дзякуючы дзейнасьці Л.Бальцэровіча, патрабаваньні да гэтай асобы будуць вельмі высокія?

А.Садоўскі: Дагэтуль у Польшчы здарылася нямала падзеяў, якія паказалі, што патэнцыял новых, невядомых раней людзей можа аказацца вельмі высокім. У вялікай краіне, а да такіх належыць і Польшча, знойдзецца нямала разумных асобаў, годных такой пасады. Але новы старшыня Нацбанку й так будзе змагацца зь легендай Бальцэровіча. Зь легендай цяжка змагацца, трэба брацца за рэальную працу.

Размаўлялі журналісты Польскай службы ПР