https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=47064
Галоўны банкір Польшчы
11.01.2007
Славамір Скшыпэк абраны новым дырэктарам Нацыянальнага банку Польшчы /НБП/. Ён заняў пасаду пасьля Лешэка Бальцэровіча, які ўзначальваў НБП цягам 6-і гадоў.
Сёньня Славамір Скшыпэк зачытаў у Сэйме прысягу.
С. Скшыпэк: Займаючы пасаду старшыні Нацыянальнага банку Польшчы, урачыста прысягаю, што буду выконваць абавязкі згодна з Канстытуцыяй і іншымі законамі. Таксама ў сваёй дзейнасьці буду спрыяць эканамічнаму разьвіцьцю Айчыны. Абяцаю, што выканаю прысягу, буду працаваць для ўзмацненьня польскага злотага.
Новы старшыня Нацыянальнага банку Польшчы запэўніў, што гарантуе незалежнасьць гэтай установы. Зазначыў, што гэта важна для функцыянаваньня фінансавай сыстэмы краіны.
Эўракамісія будзе ацэньваць новага старшыню польскага Нацбанку па выніках яго працы.
Прэс-сакратар камісіі Амэлія Торэс зазначае, што выбару новага галавы цэнтрабанку Брусэль ня будзе камэнтаваць.
Амэлія Торэс: Нас цікавіць незалежнасьць грашова-фінансавай палітыкі. Гэта адно з патрабаваньняў ня толькі адносна краінаў, якія ўвайшлі ў зону эўра. Незалежнасьць манэтарнай палітыкі павінны гарнтаваць ўсе краіны, якія зьяўляюцца чальцамі Эўразьвязу.
Прэм`ер-міністар Польшчы Яраслаў Качыньскі задаволены фактам абраньня Славаміра Скшыпэка старшынём Нацбанку.
Я. Качыньскі : Цяпер Нацбанкам кіруе чалавек, які мае адпаведныя кваліфікацыі. Акрамя гэтага, гэта вельмі салідная й працавітая асоба. Для нашай краіны гэта вельмі добрая вестка.
З такім поглядам не пагаджаюцца прадстаўнікі апазыцыі. Старшыня апазыцыйнай партыі "Грамадзянская плятформа" Дональд Туск мяркуе, што Скшыпэк ня мае неабходных кваліфікацыяў, але ягонае абраньне - гэта яшэ не катастрофа. Палітык назваў сам працэс абраньня «прысваеньнем дзяржавы праўрадавай партыяй і прадстаўнікамі кіруючай кааліцыі».
Д. Туск : Абраньне спадара Скшыпэка старшынём Нацбанку не прывядзе да землятрусу, бо ён самастойна ня будзе прымаць важных рашэньняў. Але агульную сытуацыю можна назваць сыстэматычным псаваньнем дзяржавы пры дапамозе гэтак званых незалежных установаў, якія гарантуюць бясьпеку грамадзянаў перад злоўжываньнем улады.
Да гэтага Славамір Скшыпэк выконваў абавязкі дырэктара "ПКО Банк Польскі". Згодна з Банкавым заканадаўствам, ён ня мог быць дырэктарам па прычыне недахопу працоўнага банкаўскага стажу й адпаведных кваліфікацыяў. Менавіта гэта было прычынай шматлікіх спрэчак адносна ягонай кандыдатуры на пасаду старшыні Нацбанку.
Учора ўвечары польскі Сэйм большасьцю галасоў абраў Славаміра Скшыпэка старшынём Нацыянальнага банку Польшчы.
Караліна Русіновіч