https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=48836

Вызваліць Казуліна

26.02.2007

Больш за 5600 подпісаў сабраныя пад зваротам да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў абарону палітычнага вязьня Аляксандра Казуліна. Наладжаная ініцыятываю „Свабодная Беларусь” грамадзкая акцыя супала з прыняцьцём рэзалюцыі Сэнату Польшчы з заклікам вызваліць несправядліва асуджанага экс-кандыдата ў прэзыдэнты.

Якуб Міхалоўскі зь ініцыятывы „Свабодная Беларусь” кажа, што адчайны крок Аляксандра Казуліна заслугоўвае такой увагі.

Я. Міхалоўскі: Мы жывем у сьвеце, у якім трэба мець пэўныя ўзоры. Казулін зьяўляецца вельмі спрэчнаю асобаю, да якой можна мець шмат засьцярогаў. Многія рэчы пра гэтага чалавека нават не вядомыя. Але напэўна вядома, што гэты чалавек зьнішчыў сваё здароўе, а можа нават жыцьцё. І за гэта яму трэба аддаць пашану. Я ведаю, што ў беларускіх вязьніцах знаходзіцца многа людзей несправядліва асуджаных. Мы кажам пра гэтыя выпадкі, але прыклад Казуліна зьяўляецца вельмі істотным і значным. Мы вырашылі выкарыстаць прыняцьцё Сэнатам Польшчы рэзалюцыі з заклікам да беларускага прэзыдэнта вызваліць Казуліна, каб пачаць грамадзкую акцыю. У дадзены момант пад нашым лістом падпісалася каля 5,5 тысячаў чалавек.

Падпісацца пад лістом можна на інтэрнэт-сайце www.uwolnickazulina.pl. Арганізатары лічаць, што акцыя праходзіць пасьпяхова, а палякі актыўна цікавяцца беларускімі праблемамі. Пакуль невядома, калі збор подпісаў закончыцца. Дзеячы ініцыятывы ня хочуць пазбаўляць магчымасьці аддаць свой голас тых, хто гэтага яшчэ не зрабіў. Ліст з подпісамі будзе перададзены ў Амбасаду Рэспублікі Беларусь у Варшаве. Сябры ініцыятывы "Свабодная Беларусь" спадзяюцца, што яны трапяць да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, хоць добра разумеюць, што гэта толькі сымбалічная акцыя. Галасы падтрымкі Аляксандра Казуліна таксама будуць перададзеныя яго жонцы Ірыне.

Прапануем вашай увазе ліст, накіраваны да Аляксандра Лукашэнкі.

Спадар прэзыдэнт!

Беларускі вязень сумленьня Аляксандар Казулін знаходзіцца ў лягеры з сакавіка 2006 году. Яго прысудзілі на 5,5 гадоў пазбаўленьня волі за „хуліганства” і „за парушэньне грамадзкага парадку”. Яго адзінаю віною зьяўляецца тое, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў ён адважыўся выступіць як Bаш апанэнт. Нясправядлівы прысуд і ўмовы, у якіх знаходзіцца Аляксандар Казулін, зьяўляюцца доказам парушэньня асноўных правоў чалавека ў Беларусі.

Напрыканцы мінулага году Аляксандар Казулін цягам 54 дзён галадаў. Гэтым ён хацеў зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на парушэньне грамадзянскіх свабодаў у Беларусі. Сёньня яго арганізм знаходзіцца ў трагічным стане. Улада ня дапускае да яго лекараў Міжнароднага чырвонага крыжа. Паводле Канвэнцыі правоў чалавека, гэта зьяўляецца правам кожнага вязьня.

Цягам апошніх тыдняў Вы ня раз заяўлялі пра збліжэньне Беларусі з Эўропаю. Вызваленьне Аляксандра Казуліна будзе для нас доказам сур’ёзнасьці гэтых заяваў. Таму мы патрабуем тэрміновага вызваленьня Аляксандра Казуліна, таксама патрабуем пусьціць да яго лекараў Міжнароднага чырвонага крыжа.

Гэта не адзіная акцыя „Свабоднай Беларусі”. Неўзабаве будзе створаны сьпіс палітычных вязьняў у Беларусі на польскай мове, каб распаўсюджваць інфармацыю пра тых, хто, за што й колькі часу сядзіць у вязьніцы.

Алена Пытэль