https://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=89634

У Беларусі няма палітзьняволеных

20.08.2008

Сёньня на волю выйшлі апошнія палітвязьні – Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Некалькі дзён таму быў вызвалены Аляксандар Казулін.

У Амбасадзе ЗША ў Беларусі назвалі вызваленьне Сяргея Парсюкевіча й Андрэя Кіма важнай падзеяй. З гэтай нагоды чакаецца адмысловая заява Дзярждэпартамэнту ЗША. Дарэчы, днямі ЗША пазытыўна зарэагавалі на вызваленьне Аляксандра Казуліна.

“ЗША з задавальненьнем прымаюць вызваленьне Аляксандра Казуліна, – гэтак гучыць заява Дзярждэпартамэнту ЗША. - Мы чакаем  далейшых пазытыўных крокаў, якія дазволяць сапраўды палепшыць адносіны паміж нашымі краінамі.” У падобным тоне выказалася Францыя, якая ў бягучым паўгодзьдзі кіруе працамі Эўразьвязу.

Міжнародная супольнасьць неаднойчы патрабавала ад беларускіх уладаў вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Але да гэтае пары ўсе патрабаваньні заставаліся бяз водгуку.

Нечаканы абарот падзеяў быў пазытыўна ўспрыняты заходнімі палітыкамі. Тым ня менш, насоўваецца пытаньне, чаму былі вызваленыя палітзьняволеныя й якія падзеі прынясуць наступныя дні?

Паводле меркаваньняў палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, для зьменаў палітычнага становішча гэтыя вызваленьні нічога не ўнясуць.

У. Мацкевіч: Трэба парадавацца за вызваленых палітвязьняў. Будзем спадзявацца, што іх выпусьцілі не на прагулку, а назаўсёды. А тое, што гэта робіцца цалкам для таго, каб паспрыяць прызнаньню з боку Захаду беларускіх выбараў - гэта відавочна. Трэба спадзявацца на лепшае, але ніякіх падставаў думаць, што рэжым нейкім чынам зьмяніўся, практычна няма. Магчыма, што рэжым крыху спалохаўся ўзмацненьня расейскага інпэрыялізму, маючы на ўвазе грузінска-асэтынскія падзеі. Можа, гэта крыху напалохала беларускія ўлады. Але лічыць, што ёсьць падставы для зьменаў палітычнай сытуацыі, пакуль не прыходзіцца.

Ці можна чакаць крокаў насустрач з боку Захаду ў адказ на гэтае вызваленьне й ці можна гаварыць пра пачатак пацяпленьня адносінаў паміж Беларусьсю й Захадам?  На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, адказаў на гэтыя пытаньні шукаць пакуль яшчэ рана, паколькі вызваленьне палітвязьняў - гэта толькі адзін пункт з 12 патрабаваньняў па дэмакратызацыі, якія Эўразьвяз прадставіў Беларусі.

А. Класкоўскі: Пра іншыя 11 патрабаваньняў гаворкі пакуль што няма. Напрыклад, пра свабодную прэсу, пра адсутнасьць перасьледу па палітычных матывах і гэтак далей. Гэта ўсё пакуль туманная пэрспэктыва. Таму на сёньняшні дзень стаіць пытаньне, наколькі Захад згодзіцца адгукнуцца на гэты сымбалічны крок і выдаць нейкія пэўныя авансы афіцыйнаму Менску. Да рэальнага паляпшэньня ўмоваў існаваньня палітычнага апанэнта ў краіне гэта ня мае ніякага дачыненьня. Гэта мы бачылі ў лютым, калі падобны палітычны гандаль сарваўся, пачалася дыпляматычная вайна з Амэрыкай і ў турму патрапілі чарговыя асобы. Атрымліваецца зачыненае кола - адных выпускаюць, саджаюць наступных. І пакуль не палепшацца рамкавыя ўмовы палітычнай дзейнасьці ў краіне, казаць пра рэальныя крокі да дэмакратыі немагчыма. Можна казаць толькі пра сымбалічныя жэсты.

Так ці інакш, на дадзены момант можна пагадзіцца з заявамі беларускіх уладаў наконт таго, што ў  Беларусі няма палітычных вязьняў. Як доўга працягнецца такая сытуцыя – пакажа час.

Караліна Русіновіч