У сакавіку вытворчасьць польскіх фірмаў была меншай чым год таму, але затое большай, чым месяц раней - гэтак вынікае з дадзеных Галоўнага ведамства статыстыкі (GUS).
За мінулы месяц прамысловая вытворчасьць упала на 2% ў параўнаньні з сакавіком 2008 г., але ў параўнаньні зь лютым гэтага году – павялічылася на 15,5%.
Кшыштаф Стэмпень зь фінансава-дарадчыцкай фірмы Expander пацьвердзіў, што дадзеныя GUS моцна зьдзівілі эканамістаў. Дадаў, што на фоне інфармацыі са сьвету адносна прамысловай вытворчасьці, польскія вынікі выглядаюць вельмі станоўча.
К.Стэмпень: Ва Ўкраіне прамысловая вытворчасьць панізілася на 30% у гадавым маштабе. У Амэрыцы зьніжэньне дасягнула амаль 13%. Сярод іншых значных у сьвеце краін, якія падалі інфармацыю за апошні месяц, у адным толькі Кітаі назіраецца вялікі рост, які перавышае 8%. Адносна Польшчы зьдзіўленьне тым большае, што за апошнія месяцы зрэдку здаралася, каб рэчаіснасьць была лепшая, чым чакалі спэцыялісты. За апошнія 12 месяцаў толькі тройчы: за красавік і верасень мінулага году, ды за люты 2009 прамысловая вытворчасьць у Польшчы перавышала прагнозы банкаўскіх аналітыкаў.
Эканамісты імкнуцца вызначыць рэальныя чыньнікі, якія выклікалі рост вытворчасьці. Называюць, між іншым, тое, што ў сакавіку на два дні болей рабочых дзён, чым у лютым. Іншы чыньнік - гэта замежны попыт на аўтамабілі, якія вырабляюцца ў Польшчы.
Электраэнэргетычнае А.Т. RWE распачало рэалізаваць першы этап будаўніцтва ветраных фэрмаў у Польшчы.
У палове красавіка фірма ўсталявала першыя турбіны на паўночным усходзе– пад Сувалкамі.
Ветраны парк Сувалкі канчаткова будзе складацца з 18 ветраных турбін, кожная магутнасьцю ў 2,3 Мэгават. Пасьля падключэньня да сеткі, турбіны агулам будуць вырабляць 80 млн kWh электраэнэргіі штогод, што забясьпечыць патрэбы каля 40 тыс. сем’яў.
Wilfried Topp з RWE паведаміў, што ветракі пачнуць працаваць сёлета восеньню.
W. Topp: Мы ўсталёўваем 2-3 турбіны за тыдзень. А гэта азначае, што запусьцім ветракі раней, чым плянавалася – гэта стане магчыма ў верасьні.
Чарговы этап інвэстыцыяў электраэнэргетычнага А.Т. RWE ў ветраную энэргетыку будзе рэалізавацца пад горадам Лодзь. Там узьнікне 15 турбін і такім чынам паўстане фэрма Тыхуф.
Колькасьць небясьпечных тавараў, вернутых з рынку Эўрапейскага Зьвязу ў мінулым годзе, павялічылася амаль на 25% у параўнаньні зь мінулымі гадамі. З дадзеных Эўрапейскай камісіі вынікае, што найбольш непакоіць імпарт скураных вырабаў з Азіі, якія зьмяшчаюць хімічную субстанцыю DMF. Гэтая субстанцыя дапамагае берагчы тавар ад сырасьці, аднак яна выклікае алергію й апёкі на скуры чалавека– распавядае Адам Раманоўскі з Эўракамісіі, які прадэманстраваў у Эўрапарляманце некалькі тавараў з DMF.
А. Раманоўскі: Вось жаночы абутак. Некаторыя чаравікі з клясу элегантных. Ёсьць таксама мужчынскі абутак і дзіцячы. Аднак праблема з DMF адносіцца ня толькі да абутку. Яна датычыць таксама мэблі. Апошнім часам францускія ўлады нам паведамілі, што праблема закранае таксама дзіцячыя цацкі, імпартаваныя ў Эўропу. З мэтай прадухіліць сырасьць цацак іх прыскаюць DMF-ам.
Сярод тавараў з бракам, выведзеных з рынку ЭЗ, ёсьць зробленыя ў Польшчы. Між іншым, дзіцячы ложак.
А. Раманоўскі: Гэты ложак стаіць на колах, якія вельмі проста выпадаюць. Ложак не стаіць стабільна. Існуе пагроза, што калі дзіця спрабуе падняцца, ложак перавернецца разам з малышом. Іншая рэч, якая робіць гэтую мэблю небясьпечнай – гэта тое, што ён з лазы. Вострыя берагі могуць скалечыць – пашкодзіць скуру, або спрычыніцца й да больш сур’ёзных раненьняў.
У сьпіс небясьпечных тавараў занесены таксама польскі дзіцячы ровар. Аднак жа з Польшчы на агульны зьвязаўскі рынак паступіла толькі некалькі адсоткаў бракаванага тавару. Найбольшая колькасьць – больш за палову - паходзіць з Кітая.
Летась са зьвязаўскага рынку выведзена больш за 1800 тавараў. Найбольш цацак, якія зьмяшчаюць атрутныя субстанцыі, многа тостэраў, электрычных чайнікаў і прасаў.
У Польшчы прадпрымальнікі маюць абавязак паведаміць Ведамству аховы канкурэнтаздольнасьці й спажыўца (UOKiK) пра небясьпечны тавар, які яны ўвялі на рынак. Інфармацыя перадаецца ў СМІ. Час ад часу па радыё й тэлебачаньні гучаць аб’явы аб дрэнна пастаўленых аўтамабільных частках, небясьпечных цацках, і перадаюцца звароты да пакупнікоў вярнуць у краму забракаваны тавар.
Ад 2004 году UOKIK атрымала паведамленьні пра 349 небясьпечныя тавары. Сёлета ўжо 37. Найбольш адносна аўтамабіляў і матацыклаў.
І яшчэ некалькі словаў пра крызыс
Голым вокам у Варшаве яго не відаць. На выходных у гандлёвых цэнтрах цяжка знайсьці свабоднае месца на паркінгу, у крамах натоўп людзей, доўгія чэргі да касавых апаратаў. Таму цяжка паверыць газэтам, якія пішуць, што продаж у крамах зьмяншаецца. Але затое павялічыўся продаж празь інтэрнэт. Інтэрнэт-крамы прадаюць тавары на 10% таньней.
А людзі з правінцыі на пытаньне, ці ў іх відаць крызыс, адказваюць „У нас ён заўсёды быў”.
Сярэднія курсы валют паводле НБП
1 эўра 4,42
1 даляр ЗША 3,41
1 швайцарскі франк 2,92
1 фунт стэрлінгаў 4,97
Яланта Сьмялоўская