• ПіС: Урад праводзіць неабдуманую замежную палітыку
  • 01.04.2011

“Gazeta Wyborcza” піша пра разгляд Канстытуцыйным судом Беларусі “карты паляка”. Менск падазрае, што польскі закон пярэчыць міжнароднаму заканадаўству.

Старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Арэхва гаворыць, што гэта прапагандысцкі крок супраць Польшчы й польскай меншасьці ў Беларусі.
Судовы працэс ініцыявала Палата прадcтаўнікоў. Старшыня парлямэнцкай камісіі па міжнародных справах Ігар Карпенка заявіў, што Польшча можа выкарыстоўваць інфармацыю пра беларускіх грамадзян, якія зьвяртаюцца па згаданы дакумэнт.

Выданьне зьвярнулася да беларускага юрыста Гары Паганяйлы з пытаньнем, што станецца, калі суд прызнае “карту паляку” спрэчнай зь міжнароднымі законамі?

- У Беларусі ніякіх юрыдычных наступастваў ад гэтага закону ня будзе, бо “карта паляка” дзейнічае на тэрыторыі Польшчы. Распачынаючы гэты працэс, Беларусь умешваецца ва ўнутраныя справы Польшчы.

Пасьля ўвядзеньня Варшавай “карты паляка”, Менск неаднаразова яе крытыкаваў, аднак да гэтага часу ўсё яшчэ не знайшоў спосабу перашкодзіць у выдачы гэтага дакумэнту.

Суд адбываецца без прысутнасьці журналістаў. Колькі ён працягнецца – невядома.

АБСЭ пакідае Беларусь, піша “Dziennik. Gazeta Prawna”. У Менску ўчора спыніла сваю дзейнасьць бюро Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе. Беларускую сталіцу пакінуў кіраўнік прадстаўніцтва Бэнэдыкт Халер. Напрыканцы сьнежня мінулага года беларуcкія ўлады вырашылі не працягваць мандат бюро, заявіўшы, што “ён ужо выкананы”.

АБСЭ дзейнічала зь місіяй у Беларусі з 1998 года, a ў зьмененай форме з 2003 г. Нягледзячы на заклікі Летувы, якая зараз кіруе АБСЭ, у лютым у Менску МЗС пацьвярдзіла, што рашэньне аб закрыцьці бюро - канчатковае. Назіральнікі АБСЭ заявілі, што прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня ня зьдзейсьнілі стандартаў арганізацыі. Беларускае МЗС заявіла ўчора, што спадзяецца й далей супрацоўнічаць з АБСЭ.

“Rzeczpospolita” піша пра ўнутрыпалітычную дыскусію ў Польшчы напярэдадні парлямэнцкіх выбараў.

Найбуйнейшая апазыцыйная партыя “Права й Справядлівасьць” апублікавала “Рапарт пра стан дзяржавы”. На 116 старонках дакумэнту прадстаўлена крытыка дзейнасьці ўраду амаль ва ўсіх галінах.

ПіС абвінавачвае “Грамадзянскую плятформу” ў стварэньні так званай “сыстэмы Туска”. Што гэта значыць? Перш за ўсё, паводле ПіС, гэта “неабдуманая замежная палітыка, заснаваная на самазьнішчэньні краіны “. У рапарце 56 разьдзелаў, кожны зь іх мае арыгінальную назву, напрыклад, “Міністэрства фінансавага хамства Яцэка Растоўскага”, “Агенцтва нацыянальнай (не)бясьпекі” альбо “Маральная шэрая зона ІІІ Рэчы Паспалітай”. Аўтары рапарту сьцьвярджаюць, што менавіта з-за “гульняў” прэм’ера Туска з Масквой на цырымонію ў Катынь вымушаны былі ляцець асобныя дэлегацыі - прэзыдэнта й старшыні ўраду, што скончылася катастрофай.

ПіС прапануе распачаць зьмены ад адукацыі й культуры. Але афіцыйную праграму партыі на парлямэнцкія выбары ПіС прадставіць неўзабаве.

Кіроўная партыя “Грамадзянская плятформа” адазвае на закіды ў свой бок новымі законапраектамі. Асноўная мэта зьменаў – барацьба з бюракратыяй. Для гэтага ўрад абяцае стварыць цалкам новае ведамства на чале зь міністрам. Чакаецца, што рэалізацыя гэтага пляну пачнецца пасьля парлямэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ўвосень.

дг