• У Польшчы пачынаецца перапіс насельніцтва
  • 01.04.2011

Гэта першы перапіс пасьля ўступленьня Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз. Галоўная мэта гэтага сьпісу, сабраць інфарамцыю ды прааналізаваць зьмены эканамічнага, сацыяльнага й дэмаграфічнага характару, якія адбыліся ў Польшчы пасьля 2002 году.

Сёньня ў Польшчы пачаўся Нацыянальны перапіс насельніцтва й кватэраў. Так гучыць афіцыйная назва. Пад перапіс падпадаюць усе асобы, якія маюць сталую рэгістрацыю, асобы, якія жувуць без рэгістрацыі, і таксама бездомныя асобы. Апроч насельніцтва перапісвацца будуць усе будынкі й кватэры. Інфармацыя будзе зьбірацца адначасова трыма рознымі мэтадамі: традыцыйная размова зь перапісчыкам, якія пойдуць па кватэрах, тэлефоннае анкетаваньне ды ўпершыню можна будзе самому запоўніць анкету пры дапамозе інтэрнэту. Гэты мэтад ужо карыстаецца вялікім попытам, распавёў Польскаму радыё генэральны камісар перапісу прафэсар Януш Віткоўскі.

Януш Віткоўскі: Сёньня а гадзіне 00:00 пачаўся перапіс у інтэрнэце. Была вялікая зацікаўленасьць цягам першых гадінаў. Я думаю, што гэта вынікае з таго, што ўсе хацелі даведацца, як будзе дзейнічаць гэтая наватарская працэдура перапісу. Таму вялікая група людзей зацікавілася й вырашыла паспрабаваць гэтую форму перапісу.

Мэтай сёлетняга перапісу зьяўляецца канстатацыя зьменаў у жыцьці польскага грамадзтва, якія адбыліся пасьля 2002 году. Тлумачыць Лідзія Яраш, кіраўнік Статыстычнай установы ў Кельцах.

Лідзія Яраш: Сабраная інфармацыя пакажа стан усяго грамадзтва й грамадзтва на паасобных тэрыторыях. Вынікі перапісу могуць выкарыстоўвацца падчас прыняцьця рашэньняў наконт праграмы дзеяньняў дзеля разьвіцьця паасобных рэгіёнаў ды краіны. Сабраная інфармацыя актуалізуе нашы статыстычныя дадзеныя.

Пакуль перапіс ідзе толькі ў электронным варыянце. Праз тыдзень працу пачнуць перапішчыкі. Яны будуць хадзіць па кватэрах альбо званіць па тэлефоне. Напрыклад, у Падляшскім ваяводзтве, там дзе жывуць у Польшчы беларусы, перапісам будзе займацца больш за 800 чалавек. Што цікава, цяперашні перапіс можна назваць вельмі наватарскім у параўнаньні з тым, што адбывалася 9 гадоў таму. Гаворыць Анна Баханэк-Камароўска з Статыстычнай установы ў Беластоку.

Анна Баханэк-Камароўска: Першае й галоўнае адрозьненьне палягае на тым, што гэта 100% электронны перапіс. Не прадбачыцца зусім выкарыстаньне паперы.

Папярэдні перапіс выклікаў шмат крытыкі з боку нацыянальных меньшасьцяў. Неаднаразова яны скардзіліся, што колькасныя лічбы іншых нацыянальнасьцяў, што жывуць у Польшчы, заніжаліся. Якія непакоі альбо спадзяваньні зьвязваюць прадстаўнікі нацмяншыняў у Польшчы? За адказам на гэтае пытаньне мы зьвярнуліся да Віталя Лубы зь беластоцкага тыднёвіка „Ніва”.

Віталь Луба: З пачатку году мы заклікаем на старонках „Нівы”, каб кожны беларус прызнаўся да сваёй нацыянальнасьці ды пакарыстаўся інтэрнэтам. Вядомыя беларусы на Беласточчыне ў СМІ заахвочваюць, каб людзі скарысталіся інтэрнэтам і напісалі сваю беларускую нацыянальнасьць. Да гэтага намаўлялі віцэ-прэзыдэнт горада Беластока, прафэсар Мірановіч. Мы маем надзею, што многія беларусы прызнаюцца да сваёй нацыянальнасьці, каб той лік, які быў 10 гадоў таму, быў ня меншы, а большы.

Перапіс насельніцтва ў Польшчы будзе доўжыцца да 30-га чэрвеня, удзел у ім абавязковы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч