• Агляд польскага друку
  • 04.04.2011

 

Сьвежае выданьне “Rzeczpospolita” піша пра маёмасьць Аляксандра Лукашэнкі пад адназначным загалоўкам: "Лукашэнка – уладальнік Беларусі". Расейскамоўныя СМІ шмат цікавяцца вонкавымі прыкметамі багацьця прэзыдэнта – два гады таму сэнсацыю выклікаў гадзіньнік на ягонай руцэ, вартасьць якога ацэньваецца на звыш 10 тыс. даляраў. Згадваюцца яго рэзыдэнцыі – падменскія Дразды, Віскулі ў Белавескай пушчы й некалькі іншых, галоўным чынам на тэрыторыі нацыянальных паркаў.

Але не дарагія гадзіньнікі, рэзыдэнцыі ці нават рахункі ў банку сьведчаць пра фінансавую магутнасьць беларускага кіраўніка. Лукашэнка кантралюе ўстановы, якія прыносяць агромны прыбытак. Толькі ён мае на іх уплыў, і толькі ён прымае рашэньні, на што прызначыць грошы.

Беларускі прэзыдэнт мае адмысловы фонд, у які ідуць грошы зь дзяржаўнага бюджэту. У мінулым годзе ў гэты фонд паступіў амаль адзін мільярд даляраў. Ніхто ніколі ня чуў пра тое, каб у гэтым фондзе адбываўся кантроль. Фондам займаецца толькі сам прэзыдэнт ды Віктар Шэйман, – казаў летась у інтэрвію “Народнай волі” Іван Ціцянкоў. На ягоную думку, менавіта ў гэты фонд паступаюць даходы ад гандлю зброяй. Сумы ён не называў, але яны агромныя. Існуе вялікая верагоднасьць таго, што Беларусь прадае ўзбраеньне ў краіны, куды забаронена яго прадаваць. Бізнэс заключаецца ў тым, што Расея ня хоча парушаць эмбарга, накладзенага на некаторыя краіны, таму прадае зброю пры пасярэдніцтве Беларусі, - мяркуе былы сакратар польскага пасольства ў Менску Марэк Буцька.

Чарговая структура, куды ідуць сродкі, гэта Ўпраўленьне справамі прэзыдэнта, якое зарабляе на лато й падобных гульнях, турызьме, гатэльнай справе, здае нерухомасьці. Ніхто не праводзіць кантролю ва ўпраўленьні. Абедзьве структуры зарабляюць таксама дзякуючы транзыту, рээкспарту тавараў у Расею, продажу канфіскаваных на мяжы тавараў.

Вельмі цяжка ацаніць, які даход прыносяць дадзеныя структуры. Але гэта мільярды даляраў. Розныя крыніцы інфармуюць таксама, што кіраўнік дзяржавы выкарыстоўвае прыватныя фірмы. Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага банку, расказвала, што Лукашэнка загадаў ёй калісьці знайсьці 150 тыс. даляраў на падтрымку футбольнага клюбу Дынама. Грошы шукалі ў прыватных прадпрыемстваў.

Зразумела, ня ўсе сродкі ідуць на патрэбы Аляксандра Лукашэнкі ды ягонай сям’і. Але ўсе рашэньні пра выдаткі прымае сам прэзыдэнт. І верагодна, што частка гэтых грошай пераводзіцца на рахункі за мяжою – на Захадзе або ў краінах, адносна бясьпечных для Лукашэнкі, напрыклад, арабскіх.

Па словах расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава, замежныя рахункі запісаны на падстаўных асобаў. Тут дзейнічае нешта накшталт мафіі, у якой кожны, хто пагражае інтарэсам боса, рызыкуе жыцьцём.

 

Адна з прычын рэзкага росту цэнаў харчаваньня на сьвеце – прамоцыя біяпаліва, - лічыць камэнтатар выданьня “Dziennik – Gazeta Prawna”. Сяляне, замест мукі з кукурузы або цукру з буракоў прадукуюць біяпаліва. Гэта вельмі даходны бізнэс, калі браць пад увагу пастаянны рост цэнаў нафты й дзяржаўныя датацыі.

Цягам году цана збожжа, рапсу або цукру вырасла на амаль 100%. Гэта перш за ўсё віна дрэнных умоваў надвор’я, але ня толькі. Напрыклад, у ЗША адна трэцяя сабранага ўраджаю кукурузы ідзе на вытворчасьць біяпаліва. Эўрапейская камісія імкнецца да таго, каб у цэнтрах гарадоў было ўсе менш аўтамабіляў на бэнзін, а больш такіх аўто, якія спальваюць біяпаліва.

Падобная сытуацыя з драўнінай. Вельмі хуткімі тэмпамі ў Польшчы даражэе драўніна, паколькі, згодна патрапбаваньню ЭЗ, 10% энэргіі павінна паходзіць з гэтак званых аднаўляльных крыніц. Але біяпаліва й атрымліваньне энэргіі з драўніны вяртаюць нас на 200 гадоў назад, у пэрыяд, калі людзі яшчэ не тапілі вугалем – канстатуе публіцыст выданьня "Gazeta Prawna".

 

“Gazeta Wyborcza” на сваіх старонках, прысьвечаных жыцьцю Варшавы, піша, што сталіцы пагражае сьмецьцевая катастрофа. Зь пятніцы не працуе адзіная звалка сьмецьця Лубна, якая належыць гораду. Плянавалася адкрыць чатыры новыя звалкі, але нічога з гэтага не выйшла, паколькі будаўніцтва трох з іх заблякавалі пратэсты жыхароў, а ў чацьвёртым месцы ўлады ня маюць права на зямлю, на якой зьбіраліся будаваць звалку. Цяпер Варшава вывозіць свае адпадкі на іншыя звалкі, але за гэта прыходзіцца нямала плаціць.

Праз два гады проста ня будзе месца, куды жыхары сталіцы змогуць вывозіць сваё сьмецьце. А гарадзкія ўлады ўсё яшчэ ня маюць канкрэтнага пляну, як стварыць сыстэму ўтылізацыі й сартаваньня бытавых адкідаў і прамысловага сьмецьця. Ці мэр гораду Ганна Гранкевіч-Вальц заўважыць праблему толькі тады, калі на вуліцах Варшавы будуць ляжаць тоны сьмецьця, як у Нэапалі? – пытаецца Кшыштаф Каўчыньскі з Польскай прамысловай палаты.    

нг