• ПіС пра сілезцаў
  • 04.04.2011

Найбуйнейшая апазыцыйная партыя Польшчы “Права й справядлівасьць” (ПіС) выклікала агромны рэзананс у польскай палітыцы адным з разьдзелаў свайго “Рапарту аб стане Рэчы Паспалітай”. Гаворка ідзе пра частку дакумэнту, у якой згадваюцца жыхары Сілезіі.

Частка сілезцаў – жыхароў рэгіёну на поўдні Польшчы – лічыць сябе асобнай этнічнай групай, а некаторыя нават хацелі б, каб іх прызналі нацыянальнай меншасьцю, а сілескую мову – мовай нацыянальнай меншасьці, а не дыялектам. Але як правіла жыхары гэтага рэгіёну называюць сябе палякамі, хаця старанна захоўваюць традыцыі й культурныя элемэнты, якія адрозьніваюць іх ад іншых раёнаў краіны. У афіцыйнай тэрміналёгіі польскіх меншасьцяў сілезцы акрэсьліваюцца як этнічная, а не нацыянальная група.

У рапарце “Права й справядлівасьці” гаворыцца, што “сілескасьць – гэта спосаб абыйсьці прыналежнасьць да польскасьці, і, верагодна, прыняцьцё проста закамуфляванай нямецкай аптацыі (выбару), нямецкіх поглядаў”. Старшыня партыі Яраслаў Качыньскі патлумачыў, што ПіС лічыць сілезцаў і кашубаў палякамі, а не асобнымі нацыянальнасьцямі, а той варыянт прыналежнасьці да сілескасьці, які прадстаўляе “Рух аўтаноміі Сілезіі”, і зьяўляецца менавіта “закамуфляваным выбарам нямецкасьці”. Гэтыя словы выклікалі хваляваньне сярод польскіх палітыкаў.  Кіруючая партыя “Грамадзянская плятформа” падасьць за гэта ў суд на “Права й справядлівасьць”. Кіраўнік парлямэнцкага клюбу партыі Томаш Тамчыкевіч заявіў, што пад дакумэнтам падпісаліся палітыкі партыі:

Т. Тамчыкевіч: Мы не спадзяваліся, што ў свабоднай Польшчы мы, сілезцы, будзем лічыцца “пятай калёнай”. А менавіта так да нас аднесьліся ў рапарце Яраслава Качыньскага, у якім сьцьвярджаецца, што сілезкасьць прадстаўляе “закамуфляваныя пранямецкія погляды”.

Яцэк Курскі з “Права й справядлівасьці” абараняе рапарт ПіС і словы Яраслава Качыньскага:

Я. Курскі: Права й справядлівасьць не дазволіць распальваць варожасьць паміж сілезцамі, кашубамі ды палякамі. Дарэчы, і сілезцаў , і кашубаў мы лічым палякамі. Але іншая справа, што часам паяўляюцца вельмі скандальныя выказваньні спадара Гажэліка, старшыні “Руху аўтаноміі Сілезіі”, які шмат разоў выказваўся з пагардай пра Польшчу.

Словы прадстаўнікоў ПіС зьдзівілі старшыню “Руху аўтаноміі Сілезіі” Ежы Гажэліка. Ягоным меркаваньнем, гэта тым больш нечакана, што нямецкая меншасьць ужо шмат гадоў афіцыйна функцыянуе ў Польшчы.

Е. Гажэлік: Чалавек, які адчувае сябе немцам, ня мае найменшых прадпасылак, каб называць сябе сілезцам. Менавіта сілезкая нацыянальнасьць застаецца той нацменшасьцю, якую афіцыйна не прызнаюць у Польшчы. Па лёгіцы, як-раз тыя, хто адчувае сябе сілезцам, не павінны пісаць пра гэта ў анкетах падчас перапісу насельніцтва.

Прадстаўнік ПіС Марыюш Блашчык ацэньвае дзейнасьць “Руху аўтаноміі Сілезіі” як спробу дэстабілізаваць польскую дзяржаву.

М. БлашчакМы хацелі зьвярнуць увагу на шкоднасьць палітыкі Дональда Туска й партыі “Грамадзянская плятформа”, бо трэба нагадаць, што Рух аўтаноміі Сілезіі ў кааліцыі з ГП кіруе Сілескім ваяводзтвам. Гэта шкодная палітыка, якая парушае ўнітарнасьць польскай дзяржавы.

На думку Ежы Гажэліка, словы Яраслава Качыньскага павінны выклікаць канфлікты сярод жыхароў рэгіёну. Але старшыня Руху аўтаноміі Сілезіі спадзяецца, што сілезцы захаваюць здаровы сэнс і не дазволяць сябе справакаваць.

Е. Гажэлік: Цяпер як-раз адбываецца перапіс насельніцтва, што зьяўляецца нагодай да розных выказваньняў. Апрача таго, гэта частка перадвыбарнай кампаніі. Я думаю, што ПіС хоча сябе паказаць у ролі абаронцы польскасьці ў Сілезіі, якая быццам бы знаходзіцца пад пагрозай.

Яраслаў Качыньскі вядомы тым, што прапагандуе гэтак званую нацыянальную монакультуру. На ягоную думку, Польшча знаходзіцца ў стане пастаяннай пагрозы – з аднаго боку немцы, а зь іншага расейцы, якіх падтрымліваюць унутраныя ворагі ( у дадзеным выпадку гэта сілезцы). Толькі хочаш-ня хочаш, узгадваецца сытуацыя ў Беларусі, кіраўнік якой  таксама шукае вонкавых і ўнутраных ворагаў, і часта такімі ворагамі выступаюць беларускія палякі. А выказваньні А. Лукашэнкі, у якіх ён называе палякаў беларусамі, напэўна абураюць прадстаўнікоў партыі “Права й справядлівасьць”. Цяпер жа яны самі выступаюць у ролі абаронцаў польскага нацыяналізму. І паступаюць таксама радыкальна, як кіраўнік “Руху аўтаноміі Сілезіі” які заяўляе, што ён сілезец, а не паляк.

нг