• Пульс польскай эканомікі
  • 05.04.2011

      Супярэчлівыя кітайскія інвэстыцыі – непажаданыя й неабходныя


Два буйныя кітайскія канцэрны гатовыя ўкласьці звыш 15 мільярдаў злотых у вугальную энэргетыку ў Польшчы. Акрамя гэтага, Кітай плянуе зарабляць на будаўніцтве польскіх аўтастрадаў.

Гэта добрая навіна для польскай энэргетыкі, у прыватнасьці, у супастаўленьні з кліматычнай палітыкай ЭЗ. Нагадаем, ЭЗ накладвае абмежаваньні на выкіды двухвокісу вугляроду.  Боязі за акупаемасьць вытворчасьці току з вугалю прывялі да таго, што дзьве эўрапейскія фірмы Vattenfall i RWE ня хочуць больш інвэставаць у электрастанцыі на вугаль.
Кіктайцы зацікаўлены будаўніцтвам электрастанцыі ва ўсходняй частцы Польшчы – у Казеніцэ – дзе працуе адна з буйнейшых ў краіне электрастанцый, і  ў Явожне, а таксама ў горадзе Астралэнка (Ostrołęka).

А 20 млрд. зл. кітайскія фірмы гатовыя інвэставаць ў польскія дарогі. Ужо цяпер кітайская фірма будуе аўтабан А2 Варшава- Лодзь. Кітайскія інвэстары ўнесьлі таксама прапанову, што збудуюць другую лінію мэтро ў Варшаве.

У сваю чаргу, у Шчэціне кітайцы праўдападобна будуць зьбіраць чыгуначныя вагоны. Праект падтрымлівае польскі ўрад. На заводзе працу змогуць атрымаць каля 100 палякаў.

Адрыян Фургальскі, дарадчык фірмы „Тор” прагназуе, што ў выніку польскія фірмы, якія займаюцца падобнай вытворчасьцю, будуць банкрутаваць і звальняць людзей.

А. Фургальскі: У Шчэціне адчыніцца завод па зборцы вагонаў, дзе запчасткі з Кітая будуць зьбірацца й адпраўляцца ў ЭЗ. Урад радуецца – 100 працоўных месцаў, але ў выніку ва ўсёй Польшчы на падобных заводах працу могуць страціць 3 тыс. чалавек. У выніку -  балянс адмоўны.

Наогул, у Польшчы грамадзтва й бізнэс непрыхільна адносяцца да кітайскай канкурэнцыі, аднак эканамісты падкрэсьліваюць, што кітайскія інвэстыцыі патрэбныя польскай эканоміцы. 

      Грошы польскіх эмігрантаў падмацоўваюць польскую эканоміку


Палякі, што жывуць і працуюць за мяжой, у мінулым годзе на рахункі ў Польшчы перавялі больш за 4 мільярды эўра, - такія дадзеныя абнародаваў Нацыянальны Банк Польшчы.

Анджэй Садоўскі з Цэнтра імя Адама Сміта мяркуе, што грошы, якія палякі зарабляюць за мяжой, перавышаюць вартасьць усіх замежных інвэстыцый у Польшчы, за якія хадайнічае польскі ўрад. Палякаў высока цэняць на эўрапейскім рынку працы, - зазначае Садоўскі.

А. Садоўскі:
Палякаў лічаць найлепшымі работнікамі ў ЭЗ. Таму й ня дзіўна, што іх там проста чакаюць. Назіраецца нечаканая зьява, што іншыя народы, як чэхі ці славакі, прыкідваюцца палякамі, каб атрымаць працу. Вельмі часта працадаўды зазначаюць, што прымуць толькі паляка.

Паводле экспэртаў, сёлета грашовыя пераводы будуць рэкордныя. А паспрыяе гэтаму адкрыцьцё рынку працы для палякаў у Нямеччыне. Мяркуецца, што на заробак за заходнюю мяжу выедзе блізу паўмільёна чалавек. Тыя, што ўжо там працуюць, кожны месяц перадаюць родным, якія засталіся ў Польшчы, каля 100 млн. эўра.

Грашовыя пералікі з-за мяжы сталі інтэгральнай часткай польскай эканомікі. Ад 2004 году, калі Польшча далучылася да ЭЗ, палякі прыслалі ў Польшчу 110 млд эўра.


         На танцах у Польшчы можна зарабіць 1 мільярд злотых

Курсы танцаў карыстаюцца вялікай папулярнасьцю. Паўмільёна палякаў, якім больш за 17 гадоў, навучаецца танцам.

Несумненна, прычыніліся да гэтага папулярныя тэле-перадачы - „Танцы з зоркамі” ці „You can dance” (ТЫ таксама можаш танчыць).

Варшаўская Школа танца „Egurrola Dance Studio”, якую вядзе чалец журы „You can dance” за пяць гадоў адчыніла шэсьць пунктаў, у якіх кожны год займаецца больш за 10 тыс. чалавек. 

Зарабляць на ўроках сальсы ці самбы ў Польшчы вырашылі таксама замежныя сеткі. Першы пункт адчыніла ўжо нямецкая школа „Crea-Dance”, падобнае плянуе таксама славутая амэрыканская „Fred Astaire Studio”.

Буйныя школы, якія заваявалі добрае месца на рынку, ужо ня толькі навучаюць танцам, а таксама выпускаюць свае калекцыі касьцюмаў для танца з уласным лагатыпам.

Адна гадзіна ўрока танца ў Варшаве каштуе 35 злотых (~35 тыс. Бр) і больш, а прафэсійны касьцюм каля 3 тыс. злотых (~3 млн Бр) і больш.

 „Dziennik. Gazeta Prawna”

      Курсы валют паводле НБП

1 эўра    4.02 зл
1 $ ЗША  2.83 зл
1000 БР  0.93 зл


Я.С.