• Браніслаў Камароўскі адзначыў змагароў за катынскую праўду
  • Audio3.15 MB
  • 05.04.2011

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі адзначыў учора асобаў, заслужаных у змаганьні за катынскую праўду. Дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі 38 чалавек. Такім чынам падзякаваў усім, хто ня толькі захаваў памяць пра катынскае злачынства, але верыў у тое, што можна перамагчы шматгадовую хлусьню пра гэтае забойства.

Уручаючы ўзнагароды, прэзыдэнт зазначыў, наколькі ў гэтай справе важна гістарычная праўда.

Браніслаў Камароўскі: Праўда, выказаная прынамсі аднойчы, прынамсі аднойчы названая сваім імём, мае велізарную сілу. Праўда мяняе сьвет. На нашых вачах праўда пра Катынь мяняе польскі сьвет, таксама сьвет расейскі.

Прэзыдэнт Камароўскі зазначыў, што апошнім часам дыскусія на катынскую тэму прывяла да зьбліжэньня ў польска-расейскіх адносінах.

Браніслаў Камароўск: Падаецца, што мы апынуліся ў надзвычай важным месцы, дзе пераламаная хлусьня пра катынскае злачынства можа спрыяць паляпшэньню польска-расейскіх адносінаў. Можа служыць пабудове лепшага сьвету, дзе сталінская сыстэма будзе раз назаўсёды асуджаная й будзе раз назаўсёды перакрэсьленая ў людзкіх сэрцах і галовах.

Прэзыдэнт падзякаваў усім, хто змагаўся за тое, каб справа Катыні вярнулася на старонкі польскай гісторыі.

Браніслаў Камароўскі: Му знаходзімся зусім недалека ад поўнага адсакрэчаньня дакумэнтаў пра катынскае злачынства. Я думаю, што ўсе мы вельмі задаволеныя фактам адкрыцьця польскай драматычнай праўды пра сталінскія злачынствы, якое спрыяе адкрыцьцю праўды пра сталінскія злачынствы ня толькі на эўрапейскім абшары, але й на ўсім абшары былога СССР і сучаснай Расеі.

Адным з адзначаных Афіцэрскім крыжом Ордэна Адраджэньня Польшчы зьяўляецца Аляксей Памятных. Расеец, які атрымаў польскае грамадзянства, быў адным зь першых публіцыстаў, якія пасьля 1989 году шмат разоў апісвалі праблематыку Катыні ў расейскай прэсе. Атрымліваючы ўзнагароду, ён тлумачыў журналістам, што ня бачыць ў сваіх дасягненьнях нічога надзвычайнага.

Аляскей Памятных: Нічога складанага ў гэтым не было, бо ў тыя часы ў СССР ужо не саджалі ў турмы. Толькі ня трэба было баяцца. Я дзейнічаў паводле прынцыпу:” Калі навокал хлусяць, то трэба сказаць праўду”, і нічога больш. Я лічу, што Катынь - гэта расейская праблема, а не польская. І ў „Мэмарыяле” мы працуем над катынскім пытаньнем не для палякаў, а для сябе.

У свай чаргу прафэсар Вітальд Кулеша з Камісіі расьсьледаваньня злачынстваў супраць польскага народу зазначыў, што сёлета спаўняецца 75 гадоў ад завяршэньня Нюрмбэргскага працэсу, падчас якога катынскае злачынства было замоўчана. Гісторык спадзяецца, што неўзабаве завершыцца праца польскіх і расейскіх пракурораў па гэтай справе.

Вітальд Кулеша: Я б вельмі хацеў, каб зьдзейсьніліся нашыя спадзяваньні адносна таго, што вынікі расейскага й польскага сьледзтва будуць зьяўляцца дадаткам да Нюрмбэргскага працэсу й ягоных прысудаў.

Сярод адзначаных дзяржаўнымі ўзнагародамі за заслугі ў змаганьні за катынскую праўду апынуліся чальцы дасьледчыцкіх місіяў, гісторыкі, публіцысты, настаўнікі, а таксама арганізатары паездак у Катынь і ўрчыстасьцяў з нагоды катынскіх угодкаў.


Караліна Русіновіч