• Агляд польскага друку
  • 05.04.2011

Штодзёнка „Rzeczpospolita” піша пра ўцёкі беларускай журналісткі ад КДБ. Размова ідзе пра журналістку апазыцыйнага парталу „Хартыя-97” Натальлю Радзіну. КДБ абвінавачвала яе ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта ўжо другі выпадак уцёкаў зь Беларусі вядомых палітычных дзеячоў. Першым быў Аляксей Міхалевіч, які атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

Падчас выбарчай кампаніі Натальля Радзіна супрацоўнічала з арыштаваным цяпер кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым. Пасьля выбараў яе арыштавалі, а потым выпусьцілі пад падпіску аб нявеезьдзе й адправілі ў Кобрын. 31-га сакавіка яна зьехала зь Беларусі. У гэты дзень яна павінна была зьявіцца на допыт у КДБ у Менску ды азнаёміцца з абвінавачаньнем. Радзіна выкарыстала позвы КДБ, каб выехаць з Кобрына й уцячы ад назіраньня. Яна не прыехала ў Менск, а выйшла раней. Пасьля гэтага яна прапала.

Учора, піша польскае выданьне, яна звязалася з Хартыяй-97 і паінфармавала, што знаходзіцца ў лягеры для палітычных уцекачоў у адной з эўрапейскіх краінаў. Яна не сказала, у якой краіне яна папрасіла палітычны прытулак. Яна адмовілася распавесьці пра падрабязнасьці свайго выезду, каб не падстаўляць людзей, якія ёй дапамаглі.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Сёньня штодзёнка „Gazeta wyborcza” піша пра „мірнага” Лукашэнку. Гэтую выснову польскае выданьне робіць, цытуючы выступ беларускага кіраўніка, які заявіў, што адной з ключавых мэтаў замежнай палітыкі Беларусі зьяўляецца аднаўленьне супрацоўніцтва з Польшчай на прынцыпах равенства й павагі. Так казаў учора Лукашэнка, прымаючы верыцельныя граматы ад новага Амбасадара Польшчы ў Менску Лешэка Шарэпкі. «Мы ня супраць таго, што вы падтрымліваеце й дапамагаеце этнічным палякам у Беларусі. Мы будзе вам удзячныя, калі вы будзеце падтрымліваць і дапамагаць нашым беларусам, якія жывуць у Польшчы», - цытуе яго польская газэта. Польскі ўрад даўно абвінавачвае беларускія ўлады ў перасьледзе польскай меньшасьці.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Dziennik Gazeta prawna” піша пра тое, што расейскія нафтавыя канцэрны ня хочуць прадаваць нафту ў Расеі. Ім нашмат выгадней яе экспартаваць. Гэта занадта каштоўны прадукт, каб прадаваць яго ў Расеі. Таму ў гэтай краіне пачынае не хапаць паліва.

Цэны нафты на сусьветных біржах б’юць рэкорды апошніх двух гадоў. Здавалася б, гэта дадатковы козыр для расейскіх уладаў. Аднак высокія цэны нафты могуць стаць пасткай для Крамля, -- піша польскае выданьне. Расейскія вытворцы павялічваюць экспарт і забываюць пра пастаўкі паліва на ўнутраны рынак. У выніку, у краіне – самым вялікім вытворцы нафты – хутка пачнецца дэфіцыт паліва на запраўках.

„Не будзіце ў нас Эгіпту! Цэны бэнзіна з паветра. Дарагі бэнзін зьесьць Расею!”, -- скандавалі напрыканцы сакавіка кіроўцы з Санкт-Пецярбургу. Перад гэтымі падобныя пратэсты адбыліся ва Ўладывастоку, пасьля таго, як цэны на бэнзін павысіліся ў чатыры разы. Цяпер жыхар Расеі вымушаны плаціць за бэнзін больш, чым жыхар Амэрыкі, якая імпартуе нафту.
Расейскія ўлады не могуць дапусьціць да грамадзкіх бесапрадкаў з-за высокіх коштаў на паліва за год перад выбарамі. Уладзімір Пуцін запатрабаваў ад нафтавых кампаній панізіць гуртовыя цэны на паліва. Спачатку дзяржаўныя, а потым і прыватныя кампаніі выканалі гэты загад. Аднак экспэрты востра крытыкавалі ўрад за гэты крок. Маўляў, замест таго, каб зьменшыць акцыз, які складае палову кошту бэнзіна (для параўнаньня, у ЗША - 20%), ураду прасьцей пагразіць нафтавікам бізуном, сказаў газэце Віктар Касьцюкоў з агенцтва „Алгарытм”. Пры гэтым пагрозы ўраду далі адваротны вынік. Прадпрыемствам стала нашмат выгадней прадаваць нафту за мяжу, дзе нацэнка на тоне складае 100 даляраў. Адзінае, што ратуе Расею ад глыбокага паліўнага крызысу – гэта тэхнічныя абмежаваньні на экспарт. Балтыйскія парты ня дзейнічаюць на поўную магутнасьць. На думку экспэртаў, празь некалькі тыдняў Расею чакае чарговае павышэньне цэнаў на паліва. Паводле аналітычнага агенцтва «Кортэс» кошты ўжо выраслі на 7%, і гэта не канец. Галоўная прычына – памылка экспартэраў, якія праспалі рост унутранага спажываньня паліва, які за першыя месяцы 2011 вырас на 6% у параўнаньні зь мінулым годам. Сытуацыя з пастаўкамі паліва ў Расею можа яшчэ пагоршыцца, бо шэраг галоўных расейскіх НПЗ зачыняецца ў гэтым годзе на рамонт.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч