• Браніслаў Камароўскі падпісаў новы Закон аб вышэйшай адукацыі
  • Audio3.44 MB
  • 06.04.2011

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі падпісаў новы Закон аб вышэйшай адукацыі, навуковых ступенях і тытулах, а таксама ступенях у галіне культуры й мастацтва.

Зьмены прадугледжваюць, між іншым, конкурсныя працэдуры на ўсе пасады ў ВНУ, а таксама маюць спрасьціць спосаб працаўладкаваньня замежных навукоўцаў. Дадаткова акадэмічныя выкладчыкі будуць праходзіць ацэнку навуковай, дыдактычнай і арганізацыйнай дзейнасьці, якая будзе адбывацца 1 раз у два гады, а ў выпадку прафэсараў 1 раз у 4 гады.

Урачыстае падпісаньне адбылося ў аўторак у варшаўскім Цэнтры навукі „Капэрнік”. Падпісваючы дакумэнт прэзыдэнт Камароўскі зазначыў, што новы Закон аб вышэйшай адукацыі спрычыніцца да пазытыўных зьменаў у польскай навуцы.

Браніслаў Камароўскі: Закон спалучае паглыбленьне ідэі аўтаноміі польскіх ВНУ з большай адказнасьцю за фінансаваньне, за навуковыя дасьледаваньні, а таксама з большай канкурэнтназдольнасьцю паміж навучальнымі ўстановамі.
 
Рэформа ўводзіць магчымасьць дадатковага фінансаваньня ВНУ ў залежнасьці ад узроўню адукацыі, а таксама ў значнай ступені скарачае сьцежку навуковай кар’еры. Акрамя таго акадэмічнаму сьвету будзе прасьцей паяднацца з рынкам працы.

Прафэсар Катажына Халасіньска-Мацукаў ставіцца да новага закону з памяркоўным аптымізмам. Рэктар Варшаўскага ўнівэрсытэту лічыць, што новаўвядзеньні дапамогуць польскай вышэйшай адукацыі толькі ў выпадку, калі будуць выкарыстоўвацца адпаведным чынам.

Катажына Халасіньска-Мацукаў: Я лічу, што ёсьць шмат элемэтаў, якія дазволяць ВНУ, кіраванай адпаведным чынам, ісьці наперад. Адначасова гэтыя ж самыя правілы папсуюць рэйтынг навучальнай установе, якая захоча, як  кажуць „лёгка жыць”.  Рынкавыя ўмовы спрычыняцца да таго, што ВНУ, якія будуць злоўжываць прынцыпамі гэтага закону, будуць існаваць даволі кароткі час.

Аднак, на думку навукоўцаў, закон абмяжоўвае іх прафэсійныя магчымасьці, паколькі дазваляе працаваць на дзьве стаўкі толькі пры наяўнасці адпаведнага дазволу ад рэктара ВНУ, а гэта не заўсёды будзе магчыма.
 
Новы закон прадугледжвае ўвядзеньне аплаты за другі факультэт навучаньня, а гэта ня вельмі падабаецца польскім студэнтам.

На думку Мацея Лапскага з Дэмакратычай асацыяцыі студэнтаў, аплата за другі факультэт – гэта пачатак камэрцыялізацыі ВНУ, дзе за атрыманьне вышэйшай адукацыі трэба будзе плаціць, і яна стане прывілеем толькі для багатых.

Мацей Лапскі: Раней толькі 10 % студэнтаў вучыліся на другім факультэце, Новы закон будзе санкцыянаваць рынкавыя правілы. Сапраўднай праблемай ВНУ не зьяўляецца амбітны студэнт, які адначасова вучыцца на двух факультэтах, праблемай ВНУ зьяўляецца вельмі нізкае фінасаваньне зь дзяржаўных сродкаў.

Студэнтаў хвалюе таксама абмежаваньне магчымасьці акадэмічных выкладчыкаў працаваць на некалькі ставак, паколькі гэта можа спрычыніцца да іх пераходу ў прыватныя ВНУ й зьніжэньня якасьці навучаньня ў дзяржаўных навучальных структурах.

Новы закон аб адукацыі пачне дзейнічаць ад новага акадэмічнага году. Апазыцыйная партыя ПіС намерваецца зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем праверыць, ці гэты закон адпавядае Канстытуцыі. Аднак аўтары рэформы аб вышэйшай адукацыі, а сярод іх міністар навукі Барбара Кудрыцка,  спакойныя за ягоны лёс.

КР