• “У Беларусь і Эўропу – бязь візы!”
  • Audio4.4 MB
  • 06.04.2011

Больш за дзясятак няўрадавых арганізацыяў з розных краінаў Эўропы стварылі кааліцыю “У Беларусь і Эўропу – бязь візаў!” Як падказвае назва, яе ўдзельнікі будуць змагацца за паніжэньне коштаў шэнгенскіх візаў для беларусаў, а ў пэрспэктыве – за поўную адмену візаў як для грамадзянаў Беларусі, так і для грамадзянаў Эўразьвязу.

Кааліцыю “У Беларусь і Эўропу – бязь візаў!” стварылі ўплывовыя грамадзкія арганізацыі зь Беларусі, Польшчы, Летувы, Эстоніі, Чэхіі, Бэльгіі ды Нямеччыны. Пра тое, як яна паўстала, распавядае Лукаш Граеўскі з польскай арганізацыі “Вольная Беларусь”.

Л. Граеўскі: Ініцыятыва нарадзілася ў лістападзе, калі польскі фонд імя Стэфана Баторыя стварыў агульнаэўрапейскую кааліцыю “За Эўропу без бар’ераў”. Яе мэта – скасаваньне візавага рэжыму для ўсіх краінаў Усходняга партнэрства. На першай сустрэчы арганізацыі, што займаюцца Беларусьсю, вырашылі стварыць асобную групу. Ініцыятарамі выступілі  арганізацыя “Belarus Watch” зь Летувы, Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, а таксама “Офіс за дэмакратычную Беларусь” з Брусэлю. У кааліцыі шмат грамадзкіх арганізацыяў зь Беларусі – гэта Рух “За Свабоду!”, кампанія “Наш дом”, кансорцыюм “ЭўраБеларусь” ды іншыя. З польскага боку ўдзельнічае фонд Баторыя ды мы – “Вольная Беларусь”. Нядаўна адбылася першая сустрэча нашай групы.

 Кааліцыя “У Беларусь і Эўропу – бязь візаў!” яшчэ толькі фармуецца, але яе ўдзельнікі ўжо маюць канкрэтнае ўяўленьне пра тое, чым будуць займацца – кажа Лукаш Граеўскі.

Л. Граеўскі: Мы плянуем разьмяшчаць артыкулы ў прэсе, прасоўваць ідэю адмены візаў у Эўрапарлямэнце. Таксама мы зьбіраемся скарыстацца з эўрапейскай грамадзянскай ініцыятывы. Паводле Лісабонскага трактату, кожнае пытаньне, у падтрымку якога аддаў свае подпісы мільён эўрапейскіх грамадзянаў, абавязкова павінна быць разгледжана Эўрапейскай Камісіяй.  Мы будзем заахвочваць эўрадэпутатаў, каб яны дапамаглі нам зьбіраць гэтыя подпісы, тым самым дамо штуршок перамовам па візах. 

Удзельнікі кааліцыі будуць узьдзейнічаць на грамадзтва й палітыкаў краінаў, якія традыцыйна непрыхільна ставяцца ад ідэі адмены візаў – кажа дырэктар брусэльскага “Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская.

В. Стужынская: Мы будзем лябаваць гэтае пытаньне ў структурах Эўразьвязу, а таксама ў асобных эўрапейскіх краінах – у першую чаргу тых, якія нэгатыўна ставяцца да ідэі адмены візаў для краінаў Усходняй Эўропы. Гэта перадусім Нямеччына й Галяндыя, якія супраціўляюцца з-за складанай унутрыпалітычнай сытуацыі ды праблемаў, зьвязаных зь міграцыяй.

Эўразьвяз ужо заявіў пра тое, што ён гатовы распачаць перамовы зь беларускім урадам па спрашчэньні візавага рэжыму. Абодвум бакам бракуе палітычнай волі, таму вельмі важна не пакідаць гэтых перамоваў адным толькі палітыкам – кажа сябра віленскай арганізацыі “Belarus Watch” Вадзім Вілейта.

В. Вілейта: У нашую кааліцыю ўвайшлі прадстаўнікі вядомых беларускіх дасьледчых цэнтраў. Гэта значыць, у нас ёсьць добрыя экспэрты, якія валодаюць візавым пытаньнем. Яны ведаюць, якія дамовы трэба падпісваць, якія патрабаваньні выканаць, каб спрасьціць выдачу візаў. Таму кожны раз, калі палітыкі будуць казаць, што спрасьціць візавы рэжым немагчыма альбо што гэта зойме вельмі шмат часу, мы будзем мець кампэтэнтны адказ. Гэта магчыма – толькі трэба мець палітычную волю.

Адмена візавага рэжыму патрабуе добрай волі як краінаў Эўразьвязу, так і беларускага кіраўніцтва. Аднак скасаваньне візаў – ня ўтопія, кажуць сябры кааліцыі. Абнадзейвае посьпех Украіны, якая далёка прасунулася ў перамовах па адмене візаў. Брусэль разумее, што спрашчэньне візавага рэжыму выведзе беларускае грамадзтва зь ізаляцыі й прынясе дэмакратычныя перамены. Беларусь ніхто не выключаў са Ўсходняга партнэрства, таму пэрспэктыва адмены візаў ёсьць – перакананы Вадзім Вілейта.

В. Вілейта: Ва ўстаноўчых дакумэнтах Усходняга партнэрства чорным па белым запісана, што вынікам пасьпяховай рэалізацыі гэтай праграмы павінны стаць бязьвізавы рэжым паміж гэтымі краінамі ды Эўразьвязам. Так што калі гэтая праграма будзе пасьпяхова прасоўвацца, а ўлады ды грамадзянская супольнасьць гэтых краінаў будуць рабіць канкрэтныя крокі, то рана ці позна мэта Ўсходняга партнэрства будзе дасягнутая.

Беларусы прызвычаіліся думаць, што візы – гэта штосьці вечнае: маўляў, яны былі ёсьць і будуць – кажа Вадзім Вілейта. Але ўсе забываюць, што візы зьявіліся ў Эўропе толькі пасьля Другой сусьветнай вайны. Скасаваць гэты перажытак халоднай вайны цалкам магчыма – перакананы Вадзім Вілейта.


Аляксандар Папко